Пётр Кузняцоў: Гэтыя часткі могуць спатрэбіцца для абароны Крамля

Аналітык і заснавальнік «Моцных навінаў» у сваім тэлеграм-канале разважае пра тое, што адступленне рускіх ад Херсона можа быць прыкметай палітычнага краху рэжыма Уладзітміра Пуціна.

32_27.jpg


Ну вось адбываецца тое, чаго многія чакалі, што многія прагназавалі, што многім не верылася — расійская армія сыходзіць з Херсона.

У апошні час, калі шчыра, пісаць было асабліва не пра што, хіба што, як казаў калісьці (ужо «калісьці»... Усяго некалькі месяцаў таму, але колькі вады сцякло!) Арастовіч, «лінейку фронта».

Усе трэнды намеціліся і развіваюцца, усё практычна зразумела, справа — за тэрмінамі і дэталямі.

Але, вядома, Херсон — гэта не дэталі.

Расійскі палітолаг Піянткоўскі, да чыйго меркавання, як па мне, вельмі нават мае сэнс прыслухоўвацца, таму што гэты магутны стары, хоць і любіць паўтараць шматкроць адное й тое ж месяцамі, але гэта адное й тое ж вельмі моцна паходзіць на тое, што прынята называць — «справу кажа»... Дык вось, Піянткоўскі шматкроць паўтараў, што здача Херсона стане ўжо канкрэтным, а не «калісьці там», пачаткам палітычнага краху рэжыму Пуціна.

Вельмі цікава будзе цяпер назіраць падзеі ў дынаміцы.

Пакуль моцна загадваць не хочацца, таму абмяжуюся адной ідэяй.

Яна ў тым, што рашэнне рускіх сысці за Днепр — гэта ну вельмі добры паказчык таго, што вось тыя войскі, што там, у Херсоне яны сабралі (а ў апошні час яны актыўна сцягвалі туды ўсё, што ў іх яшчэ заставалася больш-менш здольнага трымаць у руках аўтамат) — гэта іх самыя вось апошнія баяздольныя войскі і ёсць. І іншых, падобна, не прадбачыцца.

З традыцыйнай для савецкай і расійскай армій беражлівасцю да асабовага складу, такія эпічнасці і палітычна ганебныя адступленні яны робяць толькі тады, калі сур'ёзна задумваюцца, што вось гэтыя вось часткі, якія цяпер трэба або кінуць у бой, або адвесці, могуць спатрэбіцца і для абароны Крамля.

У іншым сцэнары — асабліва не задумваюцца.

Уласна, сённяшнія ж выказванні расійскага МЗС, што, маўляў, гатовыя да перамоваў з улікам усіх існуючых рэалій (учора было проста «без умоў», сёння ўжо — «з улікам рэалій», а якія тут яшчэ рэаліі, акрамя наступу УСУ?) — гэта таксама досыць зразумелы момант.