Прадстаўнік Беларусі ў ААН заявіў, што ў краіне няма палітвязняў, доказаў аб катаваннях — таксама
Усе абвінавачанні ў згвалтаванні мірных пратэстоўцаў і гвалтоўных знікненнях, якія прыпісваюцца міліцыі, не падмацаваныя аніякімі пісьмовымі заявамі і доказамі. Пра гэта заявіў пастаянны прадстаўнік Беларусі пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Юрый Амбразевіч у інтэрв'ю швейцарскай тэлерадыёкампаніі «Radio Télévision Suisse».
Юрый Амбразевіч лічыць, што ўсе абвінавачанні, выстаўленыя уладам і ўраду Беларусі ў празмерным гвалце з боку міліцыі, а таксама ў злоўжываннях з боку органаў правапарадку, неабгрунтаваныя. А палітычных зняволеных у краіне няма.
— Усе абвінавачанні ў згвалтаванні і гвалтоўных знікненнях, якія прыпісваюцца міліцыі, не падмацаваныя аніякімі пісьмовымі заявамі і доказамі. У гэтых заяў была толькі адна мэта: дыскрэдытаваць органы правапарадку і ўрад, а таксама раззлаваць пратэстоўцаў. У Беларусі няма палітычных зняволеных. Пры гэтым было ўзбуджана парадку 2500 крымінальных спраў з прычыны злачынных дзеянняў з боку дэманстрантаў, нападу на міліцыю, вандалізму, хуліганства або нават пераследу дзяржаўных служачых і членаў іх сямей з боку прыхільнікаў апазіцыі, — заявіў прадстаўнік Беларусі ў ААН.
Са жніўня па кастрычнік 2020 года праваабарончы цэнтр «Вясна» зафіксаваў больш за 500 выпадкаў гвалту над людзьмі, якія трапілі ў ізалятар і ЦІП на Акрэсціна. Аніводнай крымінальнай справы па фактах катаванняў не распачата да гэтага часу.
Амбразевіч таксама адзначыў, што з боку грамадзян па факце гвалту з боку міліцыі было пададзена больш за 900 скарг, але ўжо правераныя не даюць падстаў для распачынання крымінальных спраў.
Прадстаўнік афіцыйнага Мінска ў ААН згадаў і акцыі пратэсту, якія праходзілі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. На яго думку, на вуліцы беларускіх гарадоў выходзіла не больш за 400 тысяч чалавек, што складае «невялікую меншасць».
—Для пачатку мы павінны спытаць сябе: ці пратэстоўцы сапраўды маюць рацыю, аспрэчваючы афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў? Калі ацаніць максімальную колькасць дэманстрантаў, заяўленую самімі канкурэнтамі Аляксандра Лукашэнкі, гэта максімум 300-400 тысяч чалавек. Гэта ў значнай ступені адпавядае колькасці выбаршчыкаў, якія не галасавалі за дзеючага прэзідэнта. Людзі, якія выйшлі на вуліцы, — вельмі невялікая меншасць, — заявіў прадстаўнік Беларусі.
Амбразевіч таксама падкрэсліў, што ўлада ўжо выразна паказала магчымы выхад з крызісу. У прыватнасці, падаўшы грамадзянам магчымасць выказаць сваё меркаванне ў частцы ўнясення змен у Канстытуцыю і мадэрнізацыі палітычнай сістэмы.
У адказ на пытанне, ці мае намер беларускі ўрад пачаць дыялог з лідарамі апазіцыі — такімі, як Святлана Ціханоўская або Каардынацыйная рада апазіцыі, Юрый Амбразевіч чамусьці згадаў колькасць падпісчыкаў Ціханоўскай ў сацсетках.
—Паглядзіце, што сабой уяўляе Святлана Ціханоўская. Паглядзіце ў інтэрнэце, колькі ў яе падпісчыкаў у сацыяльных сетках. Гэтая лічба ніколі не перавышала 100 тысяч чалавек. Гэтым усё сказана, — лічыць Амбразевіч.
Дарэчы, толькі ў тэлеграм-канале ў Святланы Ціханоўскай на 17 сакавіка 99,5 тысяч падпісчыкаў. У Інстаграме — 169 тысяч, на YouTube — 28,8 тысячы.
tut.by