Савет адвакатур і юрыдычных таварыстваў Еўропы выступіў у падтрымку беларускіх адвакатаў
Савет адвакатур і юрыдычных таварыстваў Еўропы (CCBE), які прадстаўляе калегіі адвакатаў і юрыдычныя грамадствы 45 краін і, з дапамогай іх, больш за мільён еўрапейскіх юрыстаў, звярнуўся ў беларускі Мінюст з нагоды пазбаўлення адвакацкіх ліцэнзій Людмілы Казак, Міхаіла Кірылюка, Канстанціна Міхеля і Максіма Конана.
Тэкст зваротуда міністра юстыцыі Алега Сліжэўскага апублікаваны на афіцыйным сайце CCBE, паведамляе REFORM.by.
Савет лічыць, што рашэнні аб адкліканні іх ліцэнзій звязаныя з прафесійнай дзейнасцю — у прыватнасці, з абаронай затрыманых дэманстрантаў і прадстаўнікоў апазіцыі. CCBE просіць Мінюст звярнуць увагу на асноўныя прынцыпы ААН, якія тычацца ролі юрыстаў — у прыватнасці, прынцыпы 16 і 18 аб гарантыях іх дзейнасці, прынцып 23 аб свабодзе перакананняў і асацыяцыі і прынцыпы 27, 28 і 29 аб дысцыплінарных мерах.
Савет заклікае зрабіць усё неабходнае для забеспячэння таго, каб усе беларускія юрысты маглі бесперашкодна выконваць свае прафесійныя абавязкі, не асцерагаючыся рэпрэсій.
Нагадаем, Міхель і Конан былі пазбаўленыя ліцэнзій за адміністрацыйныя правапарушэнні паводле арт 23.34 КаАП («Удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах»), Кірылюк — за тое, што «дапусціў у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт публічныя заявы, якія змяшчаюць грубыя, нетактоўныя выразы ў дачыненні да прадстаўнікоў дзяржаўных органаў».
Казак пазбавілася ліцэнзіі за адміністрацыйнае правапарушэнне — непадпарадкаванне законнаму патрабаванню супрацоўніка міліцыі.