Прэм’ер Польшчы: Праграма дапамогі Беларусі не накіраваная супраць Расіі

«Мы хочам, каб Беларусь была мостам паміж Расіяй і Польшчай, Расіяй і Еўрапейскім Саюзам», — запэўніў Матэвуш Маравецкі.

Матэвуш Маравецкі

Матэвуш Маравецкі

Прынятая лідарамі краін ЕС праграма дапамогі Беларусі дазволіць развіваць сумесныя інфраструктурныя праекты і супрацоўніцтва паміж малымі і сярэднімі прадпрыемствамі, заявіў у інтэрв'ю старонцы wpolityce.pl прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі. Палітык нагадаў, што часткай плану з’яўляецца магчымасць увядзення бязвізавага рэжыму для беларусаў.
Паводле кіраўніка польскага ўрада, падтрымка Беларусі мае вялікае значэнне і можа вырашыць пра будучыню ўсходняга суседа Польшчы.
„Альбо развіццё, мадэрнізацыя і рост інвестыцый, альбо хаос унутраных спрэчак”, — сказаў прэм'ер Маравецкі. Ён падкрэсліў, што план дапамогі — гэта не план для Беларусі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам, а план для свабодных беларусаў і яго належным адрасатам з'яўляецца беларускі народ.
Польшча і іншыя краіны ЕС хочуць перадаць Беларусі веды аб тым, як эфектыўна будаваць моцную дэмакратыю. На думку прэм'ер Маравецкага, памылкі польскай трансфармацыі могуць стаць урокам, дзякуючы якому Беларусь пазбегне шматлікіх пастак.
Кіраўнік польскага ўрада адзначыў, што праграма для Беларусі, якая падтрымлівае мясцовыя пераўтварэнні, ніякім чынам не накіравана супраць Расіі.
„Мы хочам, каб Беларусь была мостам паміж Расіяй і Польшчай, Расіяй і Еўрапейскім Саюзам. Я хацеў бы падкрэсліць, што гэта канструктыўны, пазітыўны план, не накіраваны супраць каго-небудзь, і мы спадзяемся, што ён будзе ўспрымацца менавіта такім чынам”, — сказаў Матэвуш Маравецкі.
Нагадваем, учора кіраўнікі 27 краін прынялі план для Беларусі і санкцыі супраць беларускага рэжыму за фальсіфікацыю выбараў і рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў. Далейшую працу над дэталямі плана будзе праводзіць Еўрапейская камісія.
polskieradio.pl