Расія — «фундатар беларускай незалежнасці»?

На канферэнцыі «БелаРускі дыялог» пэўныя колы ў расійскай палітыцы агучылі новы падыход да сінявокай: Расія наўпрост зацікаўлена ў незалежнай Беларусі, і з’яўляецца фундатарам беларускай незалежнасці…



img_1893_logo.jpg

…У тым ліку фінансавым.

 

Паспрабуем разабрацца, што насамрэч азначае гэткая новая пазіцыя.

 

На першы позірк, канферэнцыя «БелаРускі дыялог» усяго толькі паказала, наколькі адрозніваюцца погляды беларускіх і расійскіх экспертаў на ўзаемаадносіны двух краін. Прычым у роўнай ступені як у палітыцы, так і ў эканоміцы. Пагадзіліся ж у адным: будучыня беларуска-расійскай інтэграцыі — як і інтэграцыі ў рамках ЕАЭС — знаходзіцца пад вялікім пытаннем.

 

Але ж галоўны пасыл, які прагучаў на маскоўскай сустрэчы з боку расійскіх арганізатараў і экспертаў: розныя формы расійска-беларускай інтэграцыі — гэта зусім не «паўзучая анэксія» Расіі, а спосаб падтрымаць незалежную Беларусь, прычым найперш — эканамічна. І наогул, усе гады пасля распаду СССР менавіта Расія была галоўным фундатарам беларускай незалежнасці. Так было да Лукашэнкі, і так будзе пасля яго. А ўся справа ў тым, што Расіі патрэбная незалежная Беларусь нават не столькі як саюзнік, а першым чынам як свайго кшталту «буфер» паміж самой Расіяй і краінамі NАТО (найперш — Польшчай). Таму РФ, нягледзячы на ўсе супярэчнасці, і надалей будзе падтрымліваць Беларусь, у тым ліку ў фінансавым плане. А такія рэчы, як ЕАЭС або, скажам, гандлёвае эмбарга ў дачыненні спачатку краін Захаду, а зараз і Украіны, — гэта формы падтрымкі Мінска Масквой.

 

Наўпрост гэта агучыў выхадзец з Беларусі, суарганізатар канферэнцыі Андрэй Суздальцаў, намеснік дэкана факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі: «На самой справе, апошнія 25 гадоў як раз Расія гарантуе незалежнасць Рэспублікі Беларусь, і ў першую чаргу ў фінансавым плане. І гарантуе незалежна ад таго, хто знаходзіцца ва ўладзе ў рэспубліцы. Расія падтрымлівала незалежнасць і пры Шушкевічы, і пры Кебічы, і пры Лукашэнку, і будзе падтрымліваць пасля Лукашэнкі».

 

Беларусам, якія прыехалі ў Маскву па запрашэнні «Вышэйшай школы эканомікі», пачуць такое было дзіўна. А прыехалі вельмі розныя людзі: некаторыя апазіцыйныя лідары, вядомыя незалежныя эканамісты і іншыя эксперты. Гэта былі Андрэй Елісеяў (Цэнтр дзелавых камунікацый), лідэр апазіцыйных камуністаў Сяргей Калякін, прафсаюзы дзеяч Аляксандр Ярашук, эканамісты Яраслаў Раманчук і Леанід Злотнікаў, палітолагі Раман Якаўлеўскі і Леў Крыштаповіч, кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага Банка ў РБ Ян Чул Кім, кандыдатка ў прэзідэнты на выбарах 2015 года Таццяна Караткевіч і кіраўніца грамадзянскай кампаніі «Наш Дом» Вольга Карач... Яны ўсе і слухалі, як расійцы пераконвалі беларусаў у тым, што менавіта дзякуючы Маскве афіцыйны Мінск не толькі жыве, але і мае нейкую вагу на сусветнай арэне.

 

img_1946_logo.jpg

Таццяна Караткевіч на канферэнцыі заклікала паважаць незалежнасць Беларусі

 

Беларусы, традыцыйна раз’яднаныя і не маючыя адзінай пазіцыі, гэтым разам, аднак, энергічна супрацівіліся. Напрыклад, імкнуліся растлумачыць расійцам, што насамрэч беларуская ўлада не «рухаецца на Захад», а толькі «падлашчваецца» да яго дзеля атрымання крэдытаў і гандлёвых прэферэнцый. Але і Расія выклікае хутчэй пачуццё небяспекі — і з Мінска ніяк не выглядае «гарантам беларускай незалежнасці».

 

Натуральна, ні да якой агульнай высновы ўдзельнікі канферэнцыі не прыйшлі. Але варта задумацца: чаму ўвогуле раптам прагучаў такі пасыл?

 

Адну з магчымых прычынаў можна таксама зразумець са словаў Андрэя Суздальцава: «Для расійскай экспертнай ды палітычнай супольнасці адгэтуль, з Масквы, не відаць такіх ужо вялікіх, прынцыповых адрозненняў паміж беларускай уладай і апазіцыяй. Тут, хутчэй, лічаць, што гэта два крыла адной улады. І калі адысці ад лозунгаў, ад розных сварак, то апынецца, што беларускія ўлада і апазіцыя дзейнічаюць у адным рэчышчы».

 

img_1899_logo.jpg

Суздальцаў: Для Масквы няма розніцы паміж беларускай уладай і апазіцыяй

 

То бок, масквічы спрабуюць данесці сваё бачанне «Расія — фундатар незалежнасці Беларусі» ў тым ліку і праз такія каналы, як досыць вядомыя беларускія дзеячы, якіх адмыслова сабралі на канферэнцыю. Але чаму зараз?

 

Хутчэй за ўсё, ва ўмовах татальных канфліктаў Расея проста змушана набліжаць да сябе нават досыць сумнеўных сябраў. І на выпадак, калі ў Беларусі раптам зменіцца ўлада (а такое, натуральна, рана ці позна адбудзецца), прадстаўнікі нашай усходняй суседкі ўжо зараз рыхтуюць глебу, каб Беларусь раптам не «збегла на Захад».

 

Ці ёсць тут памылка? Пэўна, так. Расійскі бок разглядае палітычную структуру беларускай дзяржавы як нешта суцэльнае і ўстойлівае, з чым можна весці размову. Але падобны падыход выглядае вельмі сумніўным. Пра гэта вельмі добра сказала Вольга Карач, якая, увогуле, выступала вельмі эмацыйна і не саромелася ў выразах. Гаворачы пра ўстойлівасць палітычнай структуры краіны, яна ўзгадала трагедыю пад Смаленскам, калі ў красавіку 2010 года разбіўся авіялайнер, на якім ляцела ўсё вышэйшае кіраўніцтва Польшчы, уключаючы прэзідэнта. «Пасля гэтай трагедыі курс злотага на біржы нават не зварухнуўся! І гэта вельмі добра гаворыць пра стабільнасць палітычнай сістэмы краіны, — адзначыла Карач. — А зараз уявіце, што будзе, калі, крый Божа, разаб’ецца самалёт з вышэйшым кіраўніцтвам Беларусі? Тут не тое што рубель абрынецца, тут грамадзянскай вайны не пазбегнуць».

 

4d083_logo.jpg

Вольга Карач выступала вельмі эмацыйна

 

Але асабіста мне не падалося, што расійскі бок падчас дыялогу пачуў беларусаў. Здаецца, урэшце ўсе засталіся пры сваіх меркаваннях. І цалкам магчыма, што насамрэч справа тут у тым, што Масква проста не жадае далей фінансаваць менавіта Лукашэнку — але і выпускаць Беларусь са сферы свайго ўплыву не збіраецца. Прыблізна пра гэта ў каментары для «НЧ» сказаў яшчэ адзін выхадзец з Беларусі і суарганізатар канферэнцыі , эксперт ВШЭ Зміцер Балкунец: «Расія ў цяперашні час выступае галоўным фундатарам Беларусі. Час даваць грошы на абяцанні скончыўся. Нягледзячы на процідзеянне са боку шматлікіх сіл (у першую чаргу, беларускай улады), атрымалася запусціць працэс дыялогу аб будучыні расійска-беларускіх адносін, кірунках рэформаў у краіне. Упершыню за шматлікія гады ў Расіі пабачылі і пачулі голас апанентаў беларускай улады. Лукашэнка паступова губляе манаполію на дыялог з Масквой. У Расіі чамусці асоба Лукашэнкі ўспрымаецца як асоба саюзніка, але на самой справе гэта не так. Ён кажа адно, а робіць іншае. Расійская палітычная эліта павінна ўсвядоміць, што ён ніякі не саюзнік».