Расійскі ўплыў і кантроль у Беларусі: рэзідэнтура. Частка 3
Ад моманту свайго заснавання Амбасада Расіі ў Беларусі валодае значным патэнцыялам для здзяйснення знешняй выведкі спецслужбамі РФ і ёсць адным з асноўных рэалізатараў расійскай стратэгіі «мяккай сілы» ў нашай краіне.
У№41 мы падалі аналітычныя звесткі пра некаторых прадстаўнікоў сілавога блоку расійскага дыппрадстаўніцтва ў Беларусі і паспрабавалі раскрыць асноўныя мэты і задачы знаходжання ў нашай краіне амбасадара РФ Дзмітрыя Мезенцава. У №44 апублікавалі інфармацыю пра іншых прадстаўнікоў сілавых ведамстваў, выяўленых чальцоў расійскага казацтва і раскрытых выканаўцаў агентурнай дзейнасці. Зараз мы паспрабуем акрэсліць рэалізатараў гуманітарна-культурніцкай экспансіі Расіі ў Беларусі ды распавесці пра афіцыйнага супрацоўніка расійскай амбасады, які можа мець наўпроставае дачыненне да арганізацыі каналаў дыпламатычнай кантрабанды.
Падчас правядзення расследавання ўвагу прыцягнуў супрацоўнік амбасады Расіі ў Беларусі, які не толькі ўдзельнічае ў транспамежных інтэграцыйных беларуска-расійскіх ініцыятывах на рэгіянальным узроўні, але і спрабуе праводзіць агрэсіўныя інфармацыйныя кампаніі ў дачыненні да трэціх краінаў.
Гэта першы сакратар Амбасады РФ у Беларусі Аляксей Сяргеевіч Маскалёў. З другой паловы 2017 года ён выконвае функцыі прэс-сакратара расійскага дыппрадстаўніцтва ў Беларусі, умоўна з’яўляецца прадстаўніком каманды Сурыкава. Цікава, што Маскалёў разам з меркаванымі супрацоўнікамі Галоўнага ўпраўлення Генштаба УС РФ (колішняе ГРУ) Канстанцінам Гусевым, Уладзімірам Марэсевым і іншымі прадстаўнікамі расійскай амбасады былі назіральнікамі падчас электаральнай кампаніі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі 28 склікання.
Вызначана, што Аляксей Маскалёў непасрэдна ўзаемадзейнічае са смаленскай асацыяцыяй «Агентство интеграционных инициатив». У красавіку 2018 года Маскалёў асабіста наведваў расійска-беларускае мерапрыемства ў межах рэалізацыі праекта «Днепро-Двинские ворота» ў Смаленску, скіраванага на транспамежную рэгіянальную супрацу паміж Расіяй і Беларуссю. Вядома, што аб’ектам гэтага праекта, як і леташняга «Днепро-Двинский регион — регион возможностей», выступае перадусім моладзь Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай абласцей, якую актыўна ангажуюць у расійска-беларускі «інтэграцыйны» працэс на рэгіянальным узроўні. Пры гэтым Кіраванне справамі прэзідэнта РФ надае непасрэдную грантавую падтрымку для рэалізацыі гэтых праектаў.
Характэрна, што Аляксей Маскалёў, як і колішні расійскі амбасадар Міхаіл Бабіч, спрабуе выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для правядзення антыўкраінскай інфармацыйнай кампаніі. Яшчэ ў кастрычніку 2017 года ў інтэрв’ю інфармацыйнаму рэсурсу «Спутник» ён заявіў, што адмова ўкраінскай улады ад кампрамісу па замацаванні ў Канстытуцыі Украіны «асаблівага статусу для асобных рэгіёнаў Данецкай і Луганскай абласцей» і «амністыі ў адносінах да ўдзельнікаў падзей» пагражае эскалацыяй сітуацыі і рэгрэсам у працэсе ўрэгулявання.
Відавочна, што ўкраінская тэма не ўваходзіць у сферу кампетэнцыяў першага сакратара Амбасады РФ у Беларусі. На падобныя заявы МЗС Беларусі павінен належным чынам рэагаваць, кожнага разу даводзячы прадстаўнікам расійскага дыппрадстаўніцтва, што наша краіна не з’яўляецца генерал-губернатарствам РФ, на тэрыторыі якога можна праводзіць інфармацыйныя спецаперацыі і абвяшчаць ультыматумы ў дачыненні да трэціх краін.
Адной з самых загадкавых і таямнічых асобаў са складу Амбасады РФ у Беларусі з’яўляецца яе першы сакратар Сяргей Віктаравіч Сядых. Менавіта гэты афіцыйны прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства РФ у Беларусі можа мець дачыненне да ўдзелу ў транснацыянальнай кантрабандзе з выкарыстаннем дыпламатычных каналаў.
Як і Аляксей Маскалёў, Сяргей Сядых пачаў працаваць у Беларусі з першай паловы 2017 года. Уваходзіць у склад эканамічнай групы, а таксама адказвае за супрацу з рэгіёнамі.
Сваю кар’еру ў структуры МЗС РФ Сяргей Сядых пачаў у верасні 2004 года. З кастрычніка 2005 года працаваў аташэ і трэцім сакратаром эканамічнай групы аддзела ўнутранай палітыкі і двухбаковых адносінаў Амбасады РФ у Федэратыўнай Рэспубліцы Германія. Навучаўся ў Фінансавым універсітэце пры Урадзе Расіі. Прысвяціў некалькі навуковых прац даследаванню энергетычнай стратэгіі Германіі. Пасля працяглай дыпламатычнай службы ў ФРГ Сяргей Сядых быў пераведзены на пасаду трэцяга сакратара ў Дэпартамент па сувязях з суб’ектамі Федэрацыі, парламентам і грамадскімі аб’яднаннямі МЗС РФ.
Імя Сяргея Сядых фігуруе ў гучнай крымінальнай справе, распачатай паводле выяўленых фактаў дыпламатычнай кантрабанды. Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы і судовага прысуду, супрацоўнікі памежнай службы ФСБ і аператыўна-вышуковага аддзелу ФМС РФ 24 сакавіка 2012 года, пасля праходжання мытнага кантролю на пункце пропуску «Бурачкі» Себежскай мытні ў Пскоўскай вобласці (за 20 кіламетраў ад мяжы з Беларуссю), затрымалі два грузапасажырскія мікрааўтобусы з нямецкімі нумарамі. Дзверы грузавых адсекаў гэтых аўтамашынаў былі апячатаныя біркамі з пазначэннем «груз дыпламата».
Цікава, што кіроўцы мелі даверанасць на права перавозкі асабістых рэчаў, выдадзеную непасрэдна супрацоўнікам МЗС Сяргеем Сядых, а таксама даведку консульскага аддзела Амбасады РФ у Германіі пра знаходжанне Сядых у працяглай камандзіроўцы. На руках у кіроўцаў была і копія яго дыпламатычнага пашпарту. У дэкларацыі, падпісанай Сядых, было пазначана, што транспартныя сродкі перавозяць асабістыя і побытавыя рэчы дыпламата. Паводле слоў начальніка Себежскай мытні Алега Прыбора, пасля затрымання мікрааўтобусаў яму патэлефанаваў супрацоўнік дэпартаменту бяспекі МЗС РФ і запатрабаваў, каб аўто неадкладна прапусцілі.
Калі машыны ўжо накіроўваліся на выезд з мытні, іх і затрымалі супрацоўнікі ФСБ. Транспартныя сродкі былі адпраўленыя ў адмысловыя боксы паглыбленага дагляду. Унутры аўтамашынаў былі выяўленыя прыблізна сто пасылак для розных атрымальнікаў з агульнай вагой амаль 3,5 тоны. У іх былі ноўтбукі, абутак, адзенне, электратэхніка, медычныя прэпараты, аўтазапчасткі і іншыя тавары, якія належалі да камерцыйных таварных партыяў з агульным коштам больш за 10,5 мільёна расійскіх рублёў (амаль 360 тысяч долараў ЗША паводле тагачаснага курсу ЦБ РФ). Характэрна, што асабістыя рэчы Сяргея Сядых выяўленыя не былі. Адзін з грузаў выклікаў найбольшую цікавасць — амаль 216 кілаграмаў срэбра ў выглядзе загатовак для ювелірнай кампаніі.
Паводле слоў кіроўцаў, яны з’яўляліся супрацоўнікамі нямецкай кампаніі-перавозчыка Irgotrade GmbH і рэгулярна перавозілі рэчы дыпламатаў у Расію, у тым ліку з Германіі. У большасці выпадкаў шлях дастаўкі грузаў пралягаў праз тэрыторыю Латвіі. Апячатаныя аўтамашыны з дыпламатычным грузам, затрыманым потым супрацоўнікамі ФСБ, кіроўцам перадалі непасрэдна ля Амбасады РФ у Германіі. Згодна з іх сведчаннямі, пракантраляваць ад’езд машын да іх персанальна выходзіла дырэктарка кампаніі Irgotrade GmbH Ірына Кузьменка і некалькі супрацоўнікаў Амбасады Расіі, у тым ліку і Сяргей Сядых.
Сярод супрацоўнікаў амбасады быў таксама адмысловец па бяспецы, які інструктаваў кіроўцаў пра маршрут руху і неабходныя захады бяспекі. Характэрна, што кампанія Irgotrade GmbH фігуравала ў справах па спробах правезці кантрабанду ўжо неаднойчы. Аналагічны выпадак з выяўленнем кантрабанднага грузу, які праходзіў па дакументах як дыпламатычны, адбыўся ў 2011 годзе.
Цікава, што Ірына Кузьменка (у дзявоцтве Кавальчук) з’яўляецца роднай сястрой Андрэя Кавальчука — галоўнага фігуранта справы пра спробу кантрабанды 389 кілаграмаў какаіну з Аргенціны ў Расію. Гэтая буйная партыя наркотыкаў была выяўленая ў снежні 2016 года ў будынку школы пры Амбасадзе РФ у Буэнас-Айрэсе. Какаін, які меў высокую якасць і, меркавана, паходзіў з Калумбіі, быў расфасаваны ў 360 пакетаў, якія, у сваю чаргу, знаходзіліся ў 12 куфарах, аформленых менавіта як дыпламатычны багаж.
У выніку праведзенай спецаперацыі аргенцінскімі спецслужбамі, уся партыя какаіну была замененая на муляж. Паводле дадзеных следства, куфары з какаінам павінны былі вылецець са сталіцы Уругвая Мантэвідэа ў Маскву яшчэ ў 2016 годзе вайсковым бортам, разам з рэчамі расійскага амбасадара Віктара Каранэлі. Аднак, паводле дадзеных аргенцінскай паліцыі, усю партыю какаіну забраў і даставіў у Расію самалёт Іл-96-300 спецыяльнага лётнага атраду «Расія», які перавозіць вышэйшых асобаў дзяржавы, сярод якіх, напрыклад, сакратар Рады бяспекі РФ Мікалай Патрушаў і міністр МЗС РФ Сяргей Лаўроў.
Гэтым бортам падчас візіту ў ЗША ў студзені 2018 года, меркавана, карысталіся і дырэктар Службы знешняй выведкі Сяргей Нарышкін, кіраўнік Галоўнага ўпраўлення Генштабу УС РФ Ігар Корабаў і дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў. Цікава, што напрыканцы лістапада 2017 года Патрушаў менавіта на гэтым самалёце прылятаў з Масквы ў Мінск для ўдзелу ў пасяджэнні АДКБ. На той час першы сакратар Сяргей Сядых ужо практычна паўгода працаваў у Мінску.
Зазначым, што групоўка Кавальчука перадавала грузы з Аргенціны ў Расію пачынаючы з 2012 года, калі ўжо поўным ходам працаваў берлінска-маскоўскі кантрабандны экспрэс, арганізаваны кампаніяй яго сястры. Было здзейснена некалькі рэйсаў, пры гэтым адзін раз быў задзейнічаны нават самалёт вайскова-транспартнай авіяцыі. У снежні 2017 года 12 куфараў «дыпламатычнага багажу» былі дастаўленыя з Аргенціны зазначаным спецбортам RA-96023 у Маскву і перавезеныя на аўтабазу МЗС РФ, дзе падчас спробы іх атрымання былі арыштаваныя колішні супрацоўнік расійскай Амбасады РФ у Аргенціне Алі Абянаў, колішні супрацоўнік ЦК ВЛКСМ Уладзімір Калмыкоў і бізнесмен Іштымір Худжамаў. Таксама былі арыштаваныя фігуранты справы ў Аргенціне. Меркаваны арганізатар злачыннай групоўкі Андрэй Кавальчук быў затрыманы паводле запыту РФ у Германіі 1 сакавіка 2018 года і змешчаны ў берлінскую ўстанову папярэдняга зняволення Moabit. Цікава, што ў матэрыялах справы пра дыпламатычную кантрабанду з Берліна ў Маскву, у якой фігуруе імя Сяргея Сядых, адным з кіроўцаў мікрааўтобусаў быў Р.Ю. Калмыкоў — цёзка або, цалкам мажліва, сваяк аднаго з фігурантаў какаінавай справы.
Характэрна, што, паводле словаў адваката Кавальчука, прадстаўнікі заходніх спецслужбаў тройчы наведвалі яго падабароннага падчас арышту ў Германіі і нібыта прапаноўвалі наданне яму палітычнага прытулку ў абмен на раскрыццё інфармацыі пра ролю расійскіх дыппрадстаўніцтваў у арганізацыі наркатрафіку. Кавальчук адмовіўся, і на патрабаванне расійскага боку ў ліпені 2018 года быў экстрадаваны ў Расійскую Федэрацыю, пасля чаго змешчаны ў СІЗА «Матросская тишина».
Падчас судовага працэсу было высветлена, што Андрэй Кавальчук меў тры розныя расійскія пашпарты, досыць працяглы час жыў у Германіі, пэўны час працаваў у штаце тэхнічнага персаналу Амбасады Расіі ў ФРГ і быў «сваім» у Амбасадзе РФ у Аргенціне. Паводле некаторых сведчанняў, меркавана з’яўляецца супрацоўнікам ФСБ, а ў раскрытай схеме кантрабанды какаіну ў асабліва буйным памеры можа выконваць ролю своеасаблівай фігуры «на закланне».
Паказальна, што крымінальная справа па выяўленым канале кантрабанды, у якім задзейнічаная кампанія сястры Андрэя Кавальчука Irgotrade GmbH, была закрытая ў 2013 годзе паводле амністыі. За спробу ўвозу каштоўных металаў ювелірная кампанія ТАА «Арго» была засуджаная да амаль 3,5 мільёна расійскіх рублёў штрафу і на 30 тысячаў рублёў аштрафаваная супрацоўніца мытні за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. На далейшую дыпламатычную кар’еру Сяргея Сядых гэтая справа аніяк не паўплывала.
На гэты момант мы пакуль не маем пацверджанай інфармацыі пра мажлівы ўдзел Сяргея Сядых у арганізацыі паставак кантрабанды на тэрыторыі Беларусі. З улікам пададзеных вышэй звестак, а таксама факту наладжанага ў нашу краіну асноўнага каналу наркатрафіку з тэрыторыі Расіі, беларускім спецслужбам варта праяўляць пільную ўвагу да прадстаўнікоў расійскага дыппрадстаўніцтва ў Беларусі.
Цікава, што Сяргей Сядых здзяйсняе дыпламатычную дзейнасць у Беларусі разам са сваёй жонкай Галінай Ігараўнай Лаўровай, якая з’яўляецца трэцім сакратаром Амбасады РФ у нашай краіне.
Да Беларусі Галіна Лаўрова працавала ў расійскім дыппрадстаўніцтве ў Шры-Ланцы і Германіі, дзе і пазнаёмілася з Сяргеем Сядых. Праца ў Амбасадзе РФ у Беларусі з’яўляецца для іх другой супольнай службовай камандзіроўкай, у якой яны разам знаходзяцца з 2017 года.
Афіцыйна Галіна Лаўрова курыруе пытанні, звязаныя з культурай і гуманітарнай супрацай. Гэты напрамак дзейнасці палягае цалкам у рэчышчы рэалізацыі Расіяй стратэгіі soft power («мяккая сіла») у Беларусі. Адной з галоўных задачаў неаімперскай палітыкі РФ у дачыненні да Беларусі ёсць кансервацыя нашай краіны ў расійскай культурніцкай, гуманітарнай, эканамічнай і сацыяльнай прасторы. Дзеля гэтага расійскія стратэгі непасрэдна і з дапамогай Амбасады РФ у Беларусі, прадстаўніцтва «Россотрудничество», Дома Масквы ў Мінску, адукацыйных установаў, разгалінаванага сеціва (пра)расійскіх арганізацыяў, парамілітарных казачых фарміраванняў, значнай колькасці прадстаўнікоў клерыкальнага корпусу Маскоўскага Патрыярхату спрыяюць размыванню беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці і ўмацаванню светагляднай дактрыны «русского мира».
На падставе адкрытай дзейнасці Галіны Лаўровай можна адсачыць, як рэалізуюцца асобныя элементы гэтага стратэгічнага неаімперскага курсу Расійскай Федэрацыі ў адносінах да Беларусі. Вызначана, што ад самага пачатку дыпламатычнай камандзіроўкі ў Беларусь Галіна Лаўрова пачала супрацоўнічаць з актывам разнастайных арганізацый расійскай скіраванасці. У чэрвені 2017 года яна актыўна ўдзельнічала ў VI Рэгіянальнай канферэнцыі расійскіх суайчыннікаў, якая праходзіла на базе Амбасады РФ у Мінску.
Апроч удзелу ў ёй кіраўнікоў (пра)расійскіх арганізацый з постсавецкіх краін і тэрыторыяў, акупаваных Расіяй (Абхазія і Цхінвальскі рэгіён), непасрэдна ўдзельнічалі ў гэтым мерапрыемстве і кіраўнікі арганізацый так званага «Координационного Совета организаций российских соотечественников в Белоруссии» (КСОРС) — кангламерату арганізацыяў «русского мира», які непасрэдна курыруе Амбасада РФ у Беларусі.
Тады ж, у чэрвені 2017 года, Лаўрова ўдзельнічала ў акцыі «Свеча памяти» ў Хатыні, якая была праведзеная з ініцыятывы КСОРС і забяспечаная фінансава-арганізацыйнай падтрымкай з боку Амбасады РФ.
У кастрычніку 2017 года Лаўрова ўдзеьнічала ў мерапрыемстве «Светский бал» і вечары памяці Пушкіна ў віцебскай гімназіі №3, якой у 2007 годзе было нададзена імя гэтага расійскага паэта. Характэрна, што адным з ініцыятараў яго надання з’яўляўся на той момант старшыня віцебскага грамадскага аб’яднання «Русский культурный центр “Русь”»Ігар Патапаў. З 2007 года гэтая гімназія стала адным з цэнтраў расійскай культурна-ідэалагічнай гегемоніі ў Віцебску. У ёй праводзяцца дні памяці Пушкіна, святкуецца дзень народзінаў паэта, арганізуюцца сустрэчы «Пушкин в музыке», выставы «Пушкин глазами детей», адкрытыя паэтычныя конкурсы «Души прекрасные порывы» і гэтак далей.
Дырэктарка віцебскай гімназіі №3 Людміла Сомава вельмі дакладна акрэсліла мэты і задачы гэтых мерапрыемстваў, да ўдзелу ў якіх прыцягваецца вялікая колькасць гімназістаў: «Через творческую деятельность они учатся любить, дружить, ценить идеалы Отечества. Наши пушкинцы — это духовно богатые, талантливые и творческие люди».
Падчас вечару памяці А.С. Пушкіна ў віцебскай гімназіі №3. Сядзяць у першым шэрагу справа налева — Ігар Патапаў, Галіна Лаўрова, Людміла Сомава.
Непасрэднае курыраванне гэтай праграмы па расійскай сацыякультурніцкай інвазіі здзяйсняе Амбасада РФ і прадстаўніцтва «Россотрудничество», якія за гэты час грунтоўна «ўмацавалі» навучальную базу гімназіі — бескаштоўна надалі ёй тысячы экзэмпляраў кніжнай прадукцыі на рускай мове, а таксама камплект спадарожнікавай тэлевізіі для прагляду адукацыйных праграмаў расійскага ТБ. Варта асабліва зазначыць, што гэтай «дабрачыннай» дзейнасцю расійскія структуры ахапілі сотні навучальных устаноў, у тым ліку ВНУ па ўсёй Беларусі.
У красавіку 2018 года Галіна Лаўрова ўдзельнічала ў навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай пісьменніку Фёдару Дастаеўскаму, якая праходзіла ў раённай бібліятэцы імя Панфёрава ў Янаве Брэсцкай вобласці. Паводле слоў аднаго з удзельнікаў, лейтматывам мерапрыемства сталася памяць пра род Дастаеўскіх — як яшчэ адной ніткі, якая падкрэслівае трываласць беларуска-расійскіх сувязяў. У рэалізацыі расійскай стратэгіі soft power у Беларусі адным з ключавых аспектаў з’яўляецца выкарыстанне расійскіх выбітных гістарычных постацяў — выхадняў з тэрыторыі нашай краіны — у кантэксце захавання супольнай з Расіяй культурніцкай спадчыны. Гэта неабходная ўмова для, як было зазначана вышэй, кансервацыі Беларусі ў гуманітарна-культурніцкай прасторы Расійскай Федэрацыі.
Паказальна, што Фёдар Дастаеўскі практычна да канца свайго жыцця выракаўся мінулага сваёй сям’і. Для расійскай імперыякратыі гэта ідэальны вобраз каланізаванага носьбіта расійскай нацыянальнай ідэнтычнасці, які ўспрымае гісторыю ўласнага народа праз светаглядную прызму расійскай культурніцкай імперскай традыцыі.
У траўні 2018 года Галіна Лаўрова прысутнічала на міжнародным літаратурным форуме «Славянская лира-2018», арганізаваным пры падтрымцы Беллітсаюзу «Полоцкая ветвь», Амбасады РФ у РБ, прадстаўніцтва «Россотрудничество» і Маскоўскага цэнтра міжнароднай супрацы. Гэтае творчае мерапрыемства з’яўляецца адной з асноўных пляцовак для рускамоўных пісьменнікаў Беларусі. Сярод журы гэтага форуму быў чалец «Полоцкой ветви» Аляксандр Марозаў — паводле дадзеных Цэнтра «Міратворац», удзельнік прапагандысцкіх мерапрыемстваў дзяржавы-агрэсара Расійскай Федэрацыі, у 2014 годзе пераехаў у Беларусь з Дэбальцава, што знаходзіцца зараз пад акупацыяй «Л/ДНР».
У выніку расследавання вызначана, што Амбасада РФ падтрымлівае таксама шчыльныя зносіны і з ветэранскімі арганізацыямі ў Беларусі. Так, у сакавіку 2018 года Лаўрова ад імя расійскага дыппрадстаўніцтва віншавала з Днём марака-падводніка ветэранаў ВМФ, якія жывуць у Беларусі. Урачыстая імпрэза адбылася ў Беларускім дзяржаўным музеі ВАВ, на яе былі запрошаныя больш за сто чальцоў з гарадскіх і раённых арганізацыяў РАА «Беларускі саюз вайсковых маракоў».
У студзені 2019 года Лаўрова прысутнічала на святочным мерапрыемстве ў Нацыянальным цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, прысвечаным 75-годдзю поўнага вызвалення Ленінграда ад блакады. У мерапрыемстве ўдзельнічалі чальцы Мінскай гарадской грамадскай арганізацыі «Защитники и жители блокадного Ленинграда», якім Лаўрова надала адмысловыя ўзнагародныя знакі.
Характэрна, што ўжо ў траўні 2019 года гэтая арганізацыя ўвайшла ў склад згаданага вышэй КСОРС. Варта звярнуць асаблівую ўвагу, што разнастайныя ветэранскія арганізацыі і згуртаванні блакаднікаў Ленінграда з’яўляюцца элементамі адзінай маналітнай архітэктонікі «русского мира» ў Беларусі. Напрыклад, яшчэ адна арганізацыя ў складзе КСОРС — ГА «Белорусский союз блокадников Ленинграда» — у сакавіку 2014 года падпісала з іншымі (пра)расійскімі структурамі ў Беларусі супольны ліст-вітанне акупацыйнай уладзе Крыма, у якім ухваліла «возвращение Севастополя и Крыма в состав РФ» і «восстановление исторической справедливости», а таксама задэкларавала ўпэўненасць, што гэта толькі «начало истинного возрождения нашего общего Великого Отечества».
Арганізацыя блакаднікаў падпісалася пад гэтымі словамі нягледзячы на тое, што яе чальцы аднойчы ўжо перажылі жахі рэалізацыі імперскай палітыкі пашырэння жыццёвай прасторы, падчас якой таксама гучалі падобныя праграмныя пастулаты.
Апекавацца структурамі «русского мира» ў Беларусі Галіна Лаўрова працягвала ўвесь 2019 год. У красавіку 2019-га яна ўдзельнічала ў IV расійска-беларускай канферэнцыі ў Смаленску, прысвечанай інтэграцыі Расіі і Беларусі, у якой прымалі ўдзел таксама прадстаўнікі выканаўчай улады Смаленскай вобласці і студэнцтва, (пра)расійскіх арганізацыяў у Беларусі.
У жніўні 2019-га Лаўрова наведала мерапрыемства, прысвечанае дню Расіі і Беларусі ў дзіцячым лагеры «Спутник» пад Мінскам, арганізаваным для дзяцей актыву арганізацыяў расійскіх суайчыннікаў. Імпрэза была арганізаваная грамадскім аб’яднаннем беларускіх чувашоў «Атал» (чалец КСОРС) пры падтрымцы Амбасады РФ. Цікава, што культурную праграму ў лагеры забяспечвала канцэртная група вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі. Таксама былі запрошаныя вайскоўцы, якія навучалі дзяцей збіраць-разбіраць аўтамат Калашнікава. Праграма мерапрыемства прадугледжвала акцэптацыю светагляднай дактрыны «русского мира», адной з галоўных міфалагемаў якой ёсць тое, што беларусы і рускія нібыта з’яўляюцца адным народам, якіх яднае агульная гісторыя, традыцыі, святы, культура і мова.
У наступнай, заключнай частцы, мы працягнем раскрыццё звестак пра пазасталых непасрэдных рэалізатараў расійскай стратэгіі «soft power» і меркаваных прадстаўнікоў спецслужбаў з дыпламатычнага складу расійскай Амбасады ў Беларусі і падвядзем вынікі расследавання.