Расія спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь

Ад 1 студзеня Расія спыніла пастаўку нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, паведамляе «Свабода».

Фота: «Комсомольская правда»

Фота: «Комсомольская правда»


Расійскае выданне РІА “Новости” са спасылкай на ўласную крыніцу ў нафтавай галіне Беларусі паведаміла, што пастаўкі нафты спыненыя. Таксама пра адсутнасць расійскіх паставак нафты са спасылкай на беларускі бок піша «Інтэрфакс».

«Мы працуем са зніжанай загрузкай на рэштках сыравіны, што былі назапашаныя ў снежні, — паведамілі «Інтэрфаксу» на адным з нафтаперапрацоўчых заводаў Беларусі. — Кантракты на пастаўку нафты па-ранейшаму не заключаныя, пастаўкі адсутнічаюць з 1 студзеня».

Перамовы аб цэнах на расійскую нафту для Беларусі ў 2019 годзе скончыліся дамовай на пастаўкі без заключэння кантрактаў. Адначасова з тым Аляксандр Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і задзейнічаць альтэрнатыўныя пастаўкі па магістральным нафраправодзе «Дружба».

Крыніцы Reuters раней дапускалі, што пастаўкі могуць быць прыпыненыя ад 1 студзеня, бо не вызначаныя ўмовы гэтых паставак.

Расійская кампанія «Транснефть», якая ажыццяўляе пастаўкі нафты, недасяжная для каментараў — цяпер у Расіі калядныя вакацыі.