Леў Марголін: Крэмль вырашыў паказаць, хто ў доме гаспадар
Эканаміст Леў Марголін распавёў пра тое, чым можа закончыцца чарговы скандал у беларуска-расійскіх дачыненнях.
З 1 студзеня Расея спыніла пастаўку нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў (НПЗ), паведаміла расейскае агенцтва РІА “Навіны” са спасылкай на ўласную крыніцу ў нафтавай галіне Беларусі.
Па некаторай інфармацыі, запасаў сыравіны на беларускіх НПЗ можа хапіць прыкладна на 20 дзён працы.
Леў Марголін пракаментаваў гэта Радыё Рацыя:
— Я думаю, што спыненне паставак нафты ў Беларусь – гэта больш тэхнічная праблема. Зразумела, што беларускі кіраўнік намагаўся да канца мінулага года пераканаць Уладзіміра Пуціна ўзгадніць кошты на нафту і газ, але гэта не ўдалося. Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка, відаць, і даў загад распрацоўваць альтэрнатыўныя варыянты пастаўкі нафты ў краіну. Магчыма, Крэмль у сувязі з гэтым і вырашыў правучыць афіцыйны Менск і даў сігнал, каб паказаць, хто ў доме гаспадар.
— Як можа вырашыцца гэтая сітуацыя?
— Я не думаю, што канфлікт зацягнецца надоўга, нейкі кампраміс у хуткім часе знойдуць, і нафтавае пытанне вырашаць. Але, мяркую, больш на расійскіх умовах, чым на беларускіх.
— Што зараз пагражае беларускім нафтаперапрацоўчым прадпрыемствам?
— Пакуль нічога, бо запасы сыравіны ёсць, і заводы не спыняць працу. І ўсе ж спадзяюцца, што ў хуткім часе праблема знікне. Беларускі кіраўнік мае рацыю, калі кажа, што можна знайсці і альтэрнатыўныя варыянты пастаўкі нафты ў краіны, хаця і па больш дарагіх коштах. Але ўсё-такі лагістычныя праблемы, якія непазбежна ўзнікнуць, не вырашыш за некалькі дзён. Таму, калі сітуацыя не вырашыцца, тэарэтычна нават магчыма, што на нейкі час могуць спыніць працу беларускія НПЗ.
— Ці смяротна для Беларусі, калі краіна будзе купляць нафту і газ па сусветных коштах?
— Безумоўна, не смяротна, але гэта, калі мы кажам пра нейкую абстрактную Беларусь. А вось для краіны з нерэфармаванай эканомікай гэта вельмі кепская сітуацыя.
Кастусь
Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя