Супрацоўнікам дзяржСМІ прапанавалі кватэры ў новым доме ў Мінску. Цана — 630$ за метр
«Мінскбуд» пабудуе ў Чыжоўцы дом на 132 кватэры, 50 з якіх дастануцца работнікам дзяржаўных СМІ. Цана за квадрат — ад 1300 рублёў.
Такая цана паведамляецца ў праектнай дэкларацыі ў газеце «Звязда», піша TUT.BY.
Дом будзе знаходзіцца ў новым мікрараёне Чыжоўка-6а і будзе ўяўляць сабой «свечку» МАПІДа на 19 паверхаў (серыя М111-90).
82 кватэры ў ім прызначаюцца для тых, хто стаіць на чарзе ў Мінску. Астатнія 50 кватэраў будуць прапанаваныя супрацоўнікам дзяржаўных СМІ, у тым ліку Нацыянальнага прадстаўніцтва МТРК "Мир" у Беларусі, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па месцы працы.
Кошт «квадрата» агульнай плошчы жылых памяшканняў з унутраным аздабленнем для маючых патрэбу складае 1 332,15 рубля (каля 630 долараў) для нармаванай плошчы жылога памяшкання. А гэта па 15 «квадратаў» на кожнага сямейніка для чаргавікоў і па 20 — для шматдзетных.
Астатняя плошча будзе лічыцца ўжо па 1 980 рублёй (каля 940 долараў) за квадратны метр.
Груба кажучы, сям'я з трох чалавек зможа разлічваць на 45 «квадратаў» па цане 630 долараў за метр. А гэта якраз «аднапакаёўка» ў такім доме.
Паводле realty.tut.by