RFERL: Палітычны крызіс у Беларусі стаў самай балючай праблемай для Крамля

Масква не адмовілася ад сваіх амбіцый у рэгіёне, аднак цяпер яна спрабуе знайсці больш танныя спосабы іх дасягнуць.

fa5e444f9d3e4d46b0236340e6a9ba29.jpg


Сезон беспарадкаў на постсавецкай прасторы мог прымусіць Крэмль спадзявацца на больш спакойны 2021 год, а таксама падумаць аб тым, як захаваць свой уплыў з абмежаванымі рэсурсамі.

Пра гэта піша Radio Free Europe/Radio Liberty, нагадваючы, што ў жніўні фальсіфікацыя выбараў змусіла сотні тысяч беларусаў выйсці на вуліцы Мінска. Пратэсты зацягнуліся надоўга, прымусіўшы аўтакрата Лукашэнку звярнуцца ў Маскву за падтрымкай.

У верасні вайна ў Нагорным Карабаху ўспыхнула з новай сілай. У выніку Турцыя ўмяшалася ў канфлікт, у якім Расія даволі доўга была галоўным арбітрам. У кастрычніку палітычная апазіцыя ў Кыргызстане штурмавала ўрадавыя будынкі ў Бішкеку. Урэшце лаяльнаму да Крамля прэзідэнту краіны прыйшлося сысці ў адстаўку з-за страху перад кровапраліццем. А ў лістападзе на прэзідэнцкіх выбарах у Малдове прарасійскі лідар прайграў у сутычцы з суперніцай, якая выступае за больш цесныя сувязі з Еўропай. Гэта таксама нанесла ўдар па інтарэсам Масквы.

Усе гэтыя палітычныя крызісы па суседству з Расіяй прыцягнулі ўвагу Крамля. Але цяпер ён адрэагаваў больш стрымана, чым у папярэднія гады. І гэта супала з яго пераацэнкай геапалітычных прыярытэтаў і інструментаў для іх дасягнення. Масква шукае спосаб весці больш прагматычную палітыку ў рэгіёне, які яна доўга называла сваёй «сферай уплыву».

«Расійскае разуменне ўплыву зменіцца. Гэта натуральны наступны крок у яе постімперскай трансфармацыі», — сказаў расійскі замежнапалітычны аналітык Фёдар Лук’янаў, які дае парады Крамлю.

Імідж паўсталай Расіі, гатовай абараняць тое, што яна называе сваімі інтарэсамі на прасторы былога СССР, быў падмацаваны уварваннем у Грузію ў 2008 годзе і ва Украіну ў 2014-м. Уладзімір Пуцін спрабаваў замацаваць статус Расіі як галоўнай сілы ў рэгіёне. Хоць публічна ён часта казаў аб праве краін самастойна вырашаць свае праблемы, выступаючы пры гэтым супраць уплыву Захаду.

Але 2020 год спарадзіў нешта падобнае на ідэальны шторм паўстанняў, які распасціраецца ад Беларусі да Малдовы і далей праз Паўднёвы Каўказ у Цэнтральную Азію. І хоць Масква, здавалася б, моўчкі назірала за тым, што адбываецца, аналітыкі кажуць, што менш агрэсіўная пазіцыя — гэта сведчанне яе больш прадуманага падыходу, заснаванага на разуменні абмежаванасці ўласных магчымасцяў. Аднак, гэта не геапалітычнае адступленне.

«З пункту гледжання Масквы, усе краіны, якія ўзніклі з рэспублік былога СССР, цяпер самі па сабе. Для Расіі праз 30 гадоў пасля падзення СССР гэта ўсё замежныя дзяржавы. Эмоцыі аддзеленыя ад палітыкі: больш няма ніякай эмацыйнай прыхільнасці і ніякіх зніжак не будзе», — сказаў дырэктар Маскоўскага «Цэнтра Карнэгі» Дзмітрый Трэнін.

RFERL мяркуе, што новы падыход Масквы можа быць звязаны з фінансавымі прычынамі. Еўразійскі Саюз павінен быў стаць супернікам Еўрасаюза і аб’яднаць 200 мільёнаў чалавек на постсавецкай прасторы. Але глыбокай інтэграцыі не адбылося пасля таго, як Расія адмовілася фінансаваць праект. Тым больш, іншыя краіны-ўдзельніцы занепакоеныя, што ён быў створаны па палітычных матывах.

Заходнія санкцыі не моцна паўплывалі на знешнюю і ўнутраную палітыку Расіі. Але ў спалучэнні з пандэміяй COVID-19 яны ўдарылі па расійскай эканоміцы дастаткова моцна, каб прымусіць Маскву пераасэнсаваць свой падыход да рэгіёну. Так лічыць эксперт па расійскай ваеннай і палітычнай стратэгіі ў Texas A&M's Bush School і Універсітэце марской пяхоты ЗША Юваль Вэбер.

Лідары постсавецкіх краін, якія выкарыстоўвалі абяцанні аб падтрымцы Расіі ў перадвыбарных кампаніях, цяпер паўсталі перад вялікім ціскам. Паколькі гэтай падтрымкі больш няма. Фактычна Расія спрабуе эканамічна апраўдаць сваю замежную палітыку.

«Калі вы не адпраўляеце грошы, людзі не адказваюць на вашы званкі так хутка, як раней», — сказаў Вэбер.

Расія дакладна не адмовілася ад ролі ў рэгіёне, якую яна пераследавала. На Паўднёвым Каўказе пасля відавочных ваганняў яна пашырыла сваю вайсковую прысутнасць, дамовіўшыся аб разгортванні так званых «міратворцаў» у Нагорным Карабаху. Але гэта таксама легітымізавала актыўнае ўмяшанне Турцыі ў канфлікт, якая выступіла саюзнікам Азербайджана. Турэцкія сілы таксама будуць часткай сіл, якія сочаць за захаваннем перамір’я.

1124681.jpg


Пуцін працягвае актыўна падтрымліваць іншых лідараў у рэгіёне, карыстаючыся традыцыяй, заснаванай на асабістай лаяльнасці і абяцаннях.

«Мы зробім усё, каб падтрымаць вас як кіраўніка дзяржавы», — сказаў Пуцін кіргізскаму прэзідэнту Саранбаю Жээнбекаву 28 верасня. А крыху больш чым праз два тыдні пасля таго Жээнбекаў сышоў у адстаўку пасля пратэстаў, справакаваных фальсіфікацыяй парламенцкіх выбараў. Масква не выканала абяцанне і не выступіла на яго баку.

Як і Еўразійскі Саюз, іншыя міжнародныя праекты на чале з Масквой праваліліся. Планы стварыць цалкам інтэграваную Саюзную дзяржаву Расіі і Беларусі таксама не зайшлі далёка. Хоць Лукашэнка апынуўся пад вялікім ціскам патрабаванняў выканаць усе жаданні Масквы, каб яна падтрымала яго ўрад у цяжкі момант.

Без сумневу, менавіта палітычны крызіс у Беларусі, а не вайна ў Нагорным Карабаху ці пратэсты ў Кыргызстане, стаў самай балючай праблемай для Крамля. Рэжым, які Лукашэнка выбудаваў за 26 гадоў кіравання, вельмі падобны на той, які Пуцін узначальвае ў Расіі. Гэта суперпрэзідэнцкія сістэмы, якія адкрыта варожыя да Захаду і сканцэнтраваныя на тым, каб здушыць любыя пратэсты, перш чым яны выйдуць з-пад дзяржаўнага кантролю.

«Нельга проста адкінуць падзеі ў Беларусі. Лукашэнка дзейнічае гэтак жа, як і Пуцін у падобных сітуацыях. І калі ў Беларусі паўстанне апынецца магчымым, тады нельга адкінуць нешта падобнае і ў Расіі ў 2024-м», — сказаў палітолаг і былы спічрайтэр Крамля Абас Галямаў.

Паводле УНІАН, пераклад НЧ