Пуцін вельмі стрымана павіншаваў Лукашэнку з Новым годам
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін павіншаваў Лукашэнку з Калядамі і надыходзячым новым, 2021 годам, паведаміла ў сераду прэс-служба Крамля.
У віншаванні Лукашэнку, у прыватнасці, падкрэсліваецца, што, «нягледзячы на ўсе цяжкасці адыходзячага года, сумеснымі намаганнямі Расіі і Беларусі ўдалося дасягнуць важкіх вынікаў на розных кірунках», паведамляе Інтэрфакс-Захад.
«Расійскі лідар выказаў надзею на працяг у надыходзячым годзе работы па нарошчванню ўзаемавыгадных двухбаковых сувязяў, умацаванню Саюзнай дзяржавы, ЕўрАзЭс, АДКБ, а таксама СНД, у якім Рэспубліка Беларусь неўзабаве будзе старшынстваваць. Пуцін канстатаваў, што ўсё гэта адпавядае інтарэсам дзвюх краін, ідзе ў рэчышчы ўмацавання бяспекі і стабільнасці на еўразійскай прасторы», — гаворыцца ў паведамленні.
Варта адзначыць, што ў папярэднія гады Пуцін быў больш шчодры на віншаванні. У 2017-м ён адзначыў, што «ўдалося ў чарговы раз пераканацца ў тым, якіх значных вынікаў дамагліся саюзныя краіны ў развіцці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ва ўсіх галінах».
А ў 2018-м наогул пажадаў Лукашэнку моцнага здароўя, дабрабыту і поспехаў, а ўсім беларускім грамадзянам — шчасця, дабра і працвітання.
У 2019-м Пуцін таксама быў скупы на віншаванні. Ён толькі «выказаў надзею на працяг у надыходзячым годзе змястоўнага дыялогу і канструктыўнай сумеснай працы па развіцці двухбаковага стратэгічнага партнёрства і прасоўванні ўзаемавыгадных інтэграцыйных працэсаў». Але гэта і зразумела: у пераднавагоднія дні ў Мінску праходзілі акцыі пратэсту супраць праекта «паглыбленай інтэграцыі» Беларусі і Расіі, што цёплым словам не спрыяла.