Сівіцкі: Лукашэнка можа падзяліць лёс Бакіева
Дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі — аб магчымай рэакцыі Масквы на адмову Лукашэнкі выканаць сочынскую дамову.
Эксперты падазраюць, што ўлады спускаюць канстытуцыйную рэформу на тармазах. Прынамсі, анансуецца, што на сходзе будуць падведзены вынікі пяцігодкі і разгледжаная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021-2025 гады. Пра канстытуцыйную рэформу ўжо не згадваецца. А таму ад запланаванага на люты Усебеларускага сходу ніякіх сенсацый чакаць не варта.
Дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі у каментары «Салідарнасці» распавёў пра тое, якой можа быць рэакцыя Расіі, калі Лукашэнка сапраўды не скарыстаецца выпадкам, каб прадэманстраваць гатоўнасць выконваць сочынскія дамоўленасці.
— Сапраўды, нягледзячы на шэраг агучаных беларускімі ўладамі ініцыятыў, якія тычацца магчымых параметраў канстытуцыйнай рэформы, наўрад ці тэматыка Усебеларускага народнага сходу будзе прысвечаная гэтаму пытанню. Сам сход, хутчэй за ўсё пройдзе ў традыцыйным фармаце — прагназуе эксперт.
Арсень Сівіцкі выказаў здагадку, што падчас сходу будуць зацверджаныя параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця на найбліжэйшую пяцігодку. І не выключыў, што пытанні палітычнай рэформы могуць фігураваць у гэтым пяцігадовым плане.
— Але, як паказвае практыка выканання планаў на пяцігодку, наяўнасць у іх тых ці іншых задач, не азначае іх рэалізацыі. Прыкладам таму можа служыць праграма на папярэдні тэрмін — 2016-2020 гадоў, асноўныя мэты і задачы якой засталіся толькі на паперы.
Маскву не задаволіць любы мінскі варыянт
Эксперт мяркуе, што калі на з’ездзе і будуць разгледжаныя варыянты канстытуцыйнай рэформы, прапанаваныя Лукашэнкам, то расійскае кіраўніцтва такое развіццё падзей усё адно не задаволіць. Гаворка ідзе аб магчымым наданні з’езду статусу канстытуцыйнага органа, а таксама аб стварэнні новага паверха ва ўладнай іерархіі, куды б Лукашэнка мог перамясціцца і працягваць аказваць уплыў на стратэгічныя рашэнні, якія прымаюцца іншымі галінамі ўлады.
Сівіцкі нагадвае, што Масква вылучала свае ўмовы — як падчас візітаў расійскіх топ-чыноўнікаў у Мінск, так і на сустрэчы ў Сочы.
— Яны ўключаюць у сябе вызваленне шэрагу палітвязняў, якія так ці інакш звязаныя з Масквой, і тых, з кім Лукашэнка сустракаўся ў СІЗА. Правядзенне з імі круглага стала ў фармаце агульнанацыянальнага дыялогу. Правядзенне канстытуцыйнай рэформы, якая прадугледжвае трансфармацыю Беларусі з суперпрэзідэнцкай рэспублікі ў парламенцкую або парламенцка-прэзідэнцкую. І, нарэшце, новыя выбары — парламенцкія і прэзідэнцкія, але без удзелу Лукашэнкі.
На сваіх умовах. І з рызыкай
Па дзеяннях Лукашэнкі за апошнія пяць месяцаў становіцца зразумела, што ён не збіраецца праводзіць рэформу па маскоўскіх лякалах, лічыць суразмоўца «Салідарнасці».
— У адказ на прэтэнзіі з боку кіраўніка СВР Сяргея Нарышкіна і кіраўніка расійскага МЗС Сяргея Лаўрова Лукашэнка заявіў, што ў яго поўна часу, пяць гадоў наперадзе для таго, каб гэтую канстытуцыйную рэформу ў тым ці іншым выглядзе рэалізаваць. Калі ён і саспее на правядзенне рэформы, то будзе рабіць гэта на сваіх умовах, — мяркуе Арсень Сівіцкі.
Такая мадэль паводзінаў будзе пярэчыць сочынскім дамоўленасцям, і як толькі ў Крамлі зразумеюць, што іх у чарговы раз абвялі вакол пальца, наступіць зваротная рэакцыя:
— Гэта будзе мець неспрыяльныя наступствы для Лукашэнкі асабіста. Што выкажацца ў росце эканамічнага, палітычнага, інфармацыйнага і я не выключаю, што і сілавога ціску ўжо да вясны або сярэдзіны наступнага года.
Масква можа задзейнічаць сілавы рэсурс
Эксперт нагадвае характэрны момант. Падчас сочынскіх перамоў Масква выдаткавала вельмі лімітаваную эканамічную дапамогу Мінску адразу на год наперад:
— Аб’ём гэтай дапамогі — усяго пяцьсот мільёнаў долараў. Гэта трэці транш з паўтарамільярднага крэдыту, мільярд з якога прыпадае на рэфінансаванне і пагашэнне даўгоў перад Расіяй і расійскімі карпарацыямі ў 2020-м, і паўмільярда на 2021-шы.
Гэта сведчыць аб тым, лічыць Сівіцкі, што, як толькі гэтыя рэсурсы будуць вычарпаныя ў пачатку наступнага года, Масква ніякага эканамічнага падсілкоўвання Лукашэнкі аказваць больш не збіраецца.
— Гэта галоўны інструмент ціску — эканамічныя рычагі. Іх выкарыстанне будзе прыводзіць да абвастрэння сацыяльна-эканамічнай сітуацыі і, як вынік, правакавання палітычнай нестабільнасці. І тут Масква, безумоўна, можа задзейнічаць нейкі сілавы рэсурс для змены рэжыму, пакараўшы такім чынам Лукашэнку за парушэнне ўзятых на сябе абавязальніцтваў падчас перамоў у Сочы — кажа суразмоўца «Салідарнасці».
І нагадвае, што паводле падобнага сцэнару быў адхілены ад пасады экс-прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў, які ўзяў у Расіі 1,5 мільярда долараў за закрыццё амерыканскай вайсковай базы ў Манасе, але не выканаў гэтае абяцанне. І — страціў пасаду ў выніку актыўнага сілавога ўмяшання з боку Расіі.