Спыненне — смерць. Чаму прайграў мяцеж Прыгожына
Год таму ўвесь свет пільна сачыў за прасоўваннем арміі былога крамлёўскага кухара на Маскву. Якія высновы можна зрабіць з паходу ПВК «Вагнер», што скончыўся на паўдарогі ў Ліпецкай вобласці?
У першай палове 2023-га кіраўнік вагнераўцаў Яўген Прыгожын няспынна лаяўся з найвышэйшымі пасадоўцамі Мінабароны РФ. Маючы свае інфармацыйныя рэсурсы, ён даводзіў да шырокай аўдыторыі праблемы з аснашчэннем уласнай ПВК. Яго фраза «Шайгу! Герасімаў! Дзе боепрыпасы?!» стала мемам і цытуецца дагэтуль.
Не да смеху ўсім стала ўвечары 23 чэрвеня. Чарговы раз выйшаўшы ў эфір, Прыгожын заявіў, што па яго групоўцы расійскімі войскамі нанесены ўдар і што ён гэта проста так не пакіне.
Сказаў — зрабіў. Раніцай наступнага дня прыгожынскія баевікі аператыўна і без бою ўзялі пад кантроль Растоў-на-Доне і анансавалі «Марш справядлівасці» на Маскву.
Яны прайшлі спачатку Варонежскую вобласць, потым зайшлі ў Ліпецкую… Федэральная ўлада была ў ступары, бо на той момант ПВК «Вагнера» ўяўляла сабой магутную сілу — дзясяткі тысяч байцоў, у тым ліку ўчорашнія зэкі-крымінальнікі, сучасная ваенная тэхніка, цяжкія ўзбраенні.
Паведамлялася, што па дарозе вагнераўцы раскрышылі квёлы супраціў урадавых сіл — знішчылі самалёт і сем верталётаў, забілі агулам 15 вайскоўцаў.
Тое і здзіўляла: ні расійскія ўзброеныя сілы, ні жыхары гарадоў не перапынілі мяцежнікаў. Наадварот, у тым жа Растове гараджане з імі фатаграфаваліся, віталі іх, дапамагалі ім з рознымі патрэбамі.
На фоне Уладзімір Пуцін спачатку маўчаў, што сведчыла не толькі аб страху ў Крамлі, але і аб іміджавых выдатках. Усё ж узбунтаваліся найміты не на роўным месцы, а пасярод захопніцкай вайны з Украінай. Што, канешне, кінула густы цень на распіяраную расійскую ваенную магутнасць.
Каля 10 гадзін 24 чэрвеня прэзідэнт РФ нарэшце выступіў у эфіры федэральных тэлеканалаў, назваўшы мяцеж «здрадай» і «ўдарам у спіну» і прыгразіўшы ўдзельнікам «немінучым пакараннем».
А ўвечары таго ж дня ўсё раптам скончылася. Стала вядома, што марш вагнераўцаў спыняецца і яны сыходзяць у Беларусь. Выйшаў увесь у белым Лукашэнка і пачаў хваліцца, як ён усё разруліў і запрасіў «Жэню Прыгожына» да сябе пад асабістыя гарантыі.
Роля «беларускага мача» ў спыненні мецяжу, канешне, была моцна перабольшаная. Улічваючы, што ў той дзень Пуцін яму тэлефанаваў, хутчэй такі варыянт развязання канфлікту прыдумалі ў Маскве, дазволіўшы пры гэтым «малодшаму брату» пакрасавацца ў СМІ.
Дый чаго каштавалі тыя гарантыі, стала вядома праз два месяцы. 23 жніўня ў Цвярской вобласці ўпаў прыватны самалёт Embraer Legacy 600. Загінулі ўсе дзесяць чалавек, што былі на борце, уключаючы членаў экіпажа. Сярод пасажыраў былі заснавальнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын і камандзір групоўкі Дзмітрый Уткін.
Грамадскае меркаванне як у Расіі, так і за яе межамі адразу зрабіла выснову, што за авіякатастрофай стаіць Крэмль. І асабіста Пуцін, які такім чынам адпомсціў свайму колішняму кухару за бунт. Уцямных абвяржэнняў гэтаму так і не прагучала.
Неўзабаве былі расфарміраваныя і вагнераўскія падраздзяленні, якія ўдзельнічалі ў няўдалым «паходзе на Маскву». Большасць з баявікоў падпісалі кантракты з расійскім Мінабароны, Расгвардыі, іншымі ПВК альбо чачэнскім падраздзяленнем «Ахмат» і вярнуліся на фронт. Частка звольнілася. Невялікая колькасць дагэтуль застаецца ў Беларусі, служачы інструктарамі для лукашэнкаўскіх сілавікоў.
Сама ПВК «Вагнер» як баявая адзінка фактычна спыніла сваё існаванне. Нават праекты ў Афрыцы ў вагнераўцаў адціснулі больш лаяльныя да Крамля сілавыя структуры.
Якія высновы можна зрабіць з гадавой даўніны мяцяжу, які ў сеціве хутка і трапна перайменавалі ў «недамяцеж Прыгожына»?
Галоўнае — паўстанне супраць дыктатуры (хто б яго ні ўздымаў) нельга спыняць на паўдарозе. Гэта азначае толькі адно — далейшую расправу.
Прыгожын не здаваўся чалавекам наіўным. Ён быў злачынцам, крымінальнікам і садыстам, не меў аніякіх маральных стрымак і прынцыпаў, таму, здавалася, на кампраміс з Масквой пасярод свайго бунту не пойдзе. Але ён пайшоў. Паверыў не столькі «гарантыям Лукашэнкі», колькі абяцанням Крамля.
Супраць яго сапраўды была спыненая крымінальная справа і нейкі час былы кухар спакойна перамяшчаўся па Расіі, вырашаў пытанні сваёй бізнес-імперыі. Але толькі рэзананс вакол вагнераўскага маршу пачаў сціхаць, як заснавальнік ПВК загінуў пры загадкавых абставінах. Інакш, як цяпер зразумела, быць не магло.
Не магло застацца беспакараным такое свавольства. Дыктатары гэтага проста не даруюць — нават меншага адступніцтва не даруюць. Таму калі вырашыўся на мяцеж, то трэба ісці да канца — і альбо перамагаць, альбо гінуць.
Гінуць Прыгожын не хацеў, разлічваў выкруціцца. Паводле папулярнага меркавання, свой «марш справядлівасці» спыніў, бо расчараваўся адсутнасцю падтрымкі сярод дзейных падраздзяленняў расійскай арміі. Чакаў, што яны пачнуць пераходзіць на яго бок, незадаволеныя сітуацыяй на фронце. І да сталіцы ў такім разе дойдзе нашмат большае войска, што прымусіць крамлёўскіх капітуляваць.
Зрэшты, усё гэта цяпер неістотна. Мае значэнне тое, што асуджаны на паразу кіраўнік вагнераўцаў мог ці загінуць пад Масквой, ці вось так, як атрымалася. Трэцяга варыянту быць не магло.
Аналагічна сталася — пры ўсёй, вядома, недапушчальнасці параўнання — і з беларускім пратэстам 2020-га. Сотні тысяч чалавек выступілі супраць фальсіфікацыі на прэзідэнцкіх выбарах і гвалту сілавікоў. Некалькі месяцаў трывалі маніфестацыі з удзелам сотняў тысяч чалавек, але лукашэнкаўцы ўсё ж здолелі іх здушыць. І ўжо чатыры гады ў краіне працягваюцца масавыя палітычныя рэпрэсіі — людзей кідаюць у турмы, грамадства кашмараць, не спыняецца плынь эміграцыі.
Эксперты ўсё часцей кажуць, што беларуская мірная рэвалюцыя была асуджаная на паразу, бо за афіцыйным Мінскам стаяў Крэмль, у любы момант гатовы дапамагчы з рэпрэсіўным рэсурсам. Але справа яшчэ і ў тым, што пратэст 2020-га таксама не быў гатовы ісці да канца. Людзі перастрахоўваліся, пакідалі шляхі да адступлення, узважвалі рызыкі, думалі, што ў выпадку чаго змогуць вярнуцца да ранейшага жыцця.
У гэтым была памылка. Атрымаўшы псіхалагічную траўму Лукашэнка пачаў помсціць і ў выніку пераўтварыў Беларусь у таталітарную краіну. Затрыманні, суды, пераслед — усё гэта працягваецца і будзе працягвацца да скону гэтага рэжыму.
У адрозненне ад беларускага 2020-га Рэвалюцыя годнасці ва Украіне якраз была скіраваная на барацьбу да апошняга: быць ці не быць. Еўрамайдан не спыняўся ні на адзін дзень, пратэстоўцы не думалі, што раніцай трэба ісці на працу, яны адказвалі гвалтам на гвалт сілавікоў. І дабіліся таго, што прэзідэнт Януковіч з ганьбай збег у Расію.
Вядома, сітуацыя ва Украіне і ў Беларусі была розная. Украінцы мелі нашмат больш прасторы і магчымасцяў, каб змагацца супраць злачыннай улады. Але яны — праз свой большы досвед — і лепш разумелі, што калі сёння прайграць, то заўтра краіна вернецца пад маскоўскі абцас і не будзе мець дэмакратычнай будучыні.
Вяртаючыся да мяцяжу Прыгожына, варта адзначыць, што ў тым леташнім жабагадзюкінгу шмат хто с беларусаў, украінцаў і прадэмакратычных расіян «тапілі» менавіта за вагнераўцаў. Бо калі б яны дайшлі да Масквы, магла б пачацца грамадзянская вайна. Гэта аслабіла б Расію і спрыяла б сканчэнню вайны ва Украіне, а таксама пахіснула б уладу Лукашэнкі.
Нічога гэтага не адбылося. Яўген Віктаравіч Прыгожын спыніўся на паўдарогі, потым уключыў заднюю, і гэта завяло ў магілу і яго вайсковы праект і яго самога.