Станіслаў Шушкевіч: Зняцце санкцый не робіць Лукашэнку легітымным
Былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч лічыць, што адмена санкцый супраць рэжыму ў Беларусі не легітымізуе Лукашэнку.
Мінск і Брусель рыхтуюцца да актывізацыі ўзаемных адносін. Аб сваім візіце ў нашу краіну, у прыватнасці, ужо заявіў кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Богдан Здраеўскі. Праўда, Лукашэнка чакае прыезду ў Мінск перш за ўсё інвестараў і банкіраў, а не палітыкаў.
Па словах жа прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасці, гэта азначае толькі адно: пра рэпрэсіі і парушэньні правоў чалавека ў нашай краіне могуць забыцца толькі еўрачыноўнікі, але не беларусы.
«Лукашэнка быў легітымным толькі пасля першых выбараў. Пасля гэтага ён не быў легітымным і ніякія выбары не былі прызнаныя цывілізаванымі краінамі. Таму казаць, што гэта вяртае яму якісці легітымны статус — гэта абсалютна няправільна. Захад такога не робіць», — заўважыў у інтэрв’ю «Белсату»Станіслаў Шушкевіч.
Старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна»Алесь Бяляцкі не згодны з тым, што санкцыі супраць Лукашэнкі не мелі вялікай ролі ў стрыманні рэпрэсій супраць дэмакратычнай супольнасці.
«На самой справе, стрымліваючым момант санкцый, безумоўна, быў. Многія з чыноўнікаў рэальна баяліся трапіць у санкцыйных спіс. Улады таксама баяліся пераходзіць гэтую мяжу. Я нагадаю, што пасля ўвядзення санкцый у жніўні 2011 года, былі выпушчаныя 24 палітычных зняволеных. І гэта быў прамы вынік палітычных і трохі эканамічных санкцый, уведзеных супраць беларускага аўтарытарнага рэжыму. Сваю ролю яны згулялі, хоць яны не самамэта для беларускіх праваабаронцаў», — заўважыў Бяляцкі.
Ён дадаў, што санкцыі — гэта інструмент маніторынгу і кантролю за сітуацыяй. І хоць цяпер гэтага інструментаў няма, Захад падкрэслівае, што верыць на слова ўладам Беларусі не збіраецца, а будзе глядзець на рэальныя справы і вынікі перамоваў.