Парламенцкія выбары: Старт!
Няўстойлівае беларускае надвор’е ледзьве не спыніла старт перадвыбарчай кампаніі правацэнтрысцкай кааліцыі. За пятнаццаць хвілін да пачатку першага пікета кандыдата ў кандыдаты ў дэпутаты Юрася Губарэвіча ягоную акругу накрыла залевай з градам.
Сам Губарэвіч жартаваў: «Гэта правакацыя! Як у іх парад — дык надвор’е, як у нас справы — дождж!» Тым не менш, прыродны катаклізм доўжыўся хвілін дзесяць. У выніку Губарэвіч усё ж паставіў свой першы пікет па зборы подпісаў ля Батанічнага сада ў Мінску. Гэта дало мажлівасць журналістам адздымаць «карцінку», некаторым мінакам падпісацца за вылучэнне Губарэвіча ў парламент, а лідарам правацэнтрысцкай кааліцыі распавесці журналістам пра першы этап парламенцкай кампаніі.
Гэты этап — вылучэнне прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя і акруговыя выбарчыя камісіі. Рух «за Свабоду» ужо «пабадаўся» з Лідзіяй Ярмошынай з нагоды таго, што з 47 кандыдатаў толькі двое былі ўключаныя ў склад выбарчых камісій. РЗС паказаў старшыні ЦВК умоўную «жоўтую картку» за неўключэнне у камісіі кандыдатаў ад арганізацыі. Спадарыня Ярмошына ў сваю чаргу абвінаваціла РЗС у непісьменнасці, заявіўшы, што ягоныя прадстаўнікі не могуць нармальна скласці дакументы для прэтэндэнтаў у ТВК.
На пікеце-брыфінгу Губарэвіч адмёў усе абвінавачанні. Па ягоных словах, у некаторых прэтэндэнтаў, уключаных у камісіі (напрыклад, ад Беларускага саюза жанчынаў), парушэнні былі роўна такія ж, як і ў РЗС. Але тыя ў камісіі патрапілі. Больш за тое, Губарэвіч паказаў нават копію дакумента, у якім для фармавання камісій у выканкамах ствараліся нейкія незразумелыя «рабочыя групы», якія і вызначалі, хто патрапіць у камісію, а хто не. Зразумела, пра абяцаны Лідзіяй Міхайлаўнай «сумленны і празрысты адбор кандыдатаў», з тлумачэннем, чаму той ці іншы прэтэндэнт у камісію не трапляе, у гэтай сітуацыі, па меркаванні Губарэвіча, размова ісці не можа.
Зараз намеснік старшыні РЗС абураны і засмучаны іншым: несвоечасовай выдачай пасведчанняў сябраў ініцыятыўных груп. Выдавацца яно мусіць максімум праз пяць дзён пасля падачы дакументаў на рэгістрацыю ІГ (не блытаць з «Ісламскай дзяржавай»!). Губарэвіч падаў дакументы ў аўторак, 28 чэрвеня. Па ідэі, атрымаць пасведчанні ён мусіў у суботу, 2 ліпеня. Аднак дакументы яму выдалі толькі раніцай 4-га. Такім чынам, ён прапусціў самы «смачны» для збору подпісаў дзень — 3 ліпеня, дзяржаўнае свята і масавыя гулянні. На іх бы ён мог сабраць шмат аўтографаў у сваю падтрымку, а так…
Карацей, пакуль дзеянні ўлады і ЦВК выклікаюць у апанентаў сумневы ў тым, што гэтая выбарчая кампанія будзе больш празрыстай і сумленнай, чым папярэднія. Хутчэй, яна пройдзе «як заўсёды», нягледзячы на ўсе спробы ўлады спадабацца Захаду і нармалізаваць з ім адносіны.
Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, агучыў, што анічога ў кампаніі не змяняецца. Галоўнымі мэтамі выбарчай кампаніі — 2016 застаюцца пашырэнне кола прыхільнікаў пераменаў праз эканамічную праграму і збіранне фактаў таго, што беларускія выбары не адпавядаюць стандартам АБСЕ.
А сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, зазначыўшы, што Лідзія Ярмошына асабіста і Цэнтарвыбаркам у цэлым першы іспыт на дэмакратычнасць выбараў не здалі, заявіў: «Асноўная стратэгія правацэнтрысцкіх сілаў будзе ў падтрымцы нашых кандыдатаў, каб за іх прагаласавала большасць беларускага грамадства, і мы маглі б даказаць, што выбараў у Беларусі няма».
Гэтая заява крышачку здзівіла, бо раней, скарыстаўшы агітацыйныя магчымасці, большасць дэмакратычных кандыдатаў ў дэпутаты здымаліся на знак пратэсту супраць нелегітымных выбараў. У АГП такіх нават кандыдатамі не называлі, казалі пра «спікераў». Зараз «спікеры» пойдуць да канца, нягледзячы на тое, што ў працэсе выбараў нічога не змянілася.
«Кандыдаты ад правацэнтрысцкай кааліцыі не будуць здымацца, — пацвердзіў Рымашэўскі на ўдакладняючае пытанне. — Адсутнасць моцных кандыдатаў у бюлетэні — гэта падарунак Ярмошынай, падарунак тым, хто імкнецца сфальсіфікаваць выбары. Зняцце зробіць ім падарунак, паколькі тады фальсіфікаваць не трэба будзе».
Але чаму тады такія «падарункі» рабіліся напрацягу некалькіх іншых выбарчых кампаній? Ды ўсё больш празаічна. Проста зараз гульня ідзе па новых правілах, калі дэпутатам становіцца той, хто набраў простую большасць галасоў (а не 50%+1 голас, як раней). У такіх варунках, як распавёў Анатоль Лябедзька, «тактыка зняцця мела попыт чатыры гады таму». «Тады была мажлівасць заклікаць да байкоту выбараў у знак пратэсту. Сёння такой мажлівасці няма, і нашая галоўная задача — каб пад час эканамічнага крызісу як мага большая колькасць людзей прагаласавала за выбар правацэнтрыстаў. Гэта новы эканамічны курс, еўрапейскі выбар, палітычныя рэформы і свабодныя справядлівыя выбары», — не ўпусціў магчымасці прапіярыць праграму правацэнтрыстаў Лябедзька.
Такім чынам можна сказаць, што ўлады змусілі нават ранейшых шчырых «байкатоўшчыкаў» удзельнічаць у кампаніі «да канца».
Але ўсё яшчэ можа змяніцца. Усё залежыць ад таго, наколькі брутальнымі будуць дзеянні ўладаў да патэнцыйных кандыдатаў у парламент. Па словах Рымашэўскага, недзе траціна правацэнтрыстаў адмовілася ад збору подпісаў пад ціскам з боку ўлады. У іх яшчэ застаецца шанец вылучыцца праз Аб’яднаную грамадзянскую партыю. Аднак, калі такія дзеянні будуць працягвацца, можа здарыцца і так, што кандыдаты персанальна прымуць рашэнне пра выхад з кампаніі і заклікі да байкоту «нягледзячы ні на што».