Стварэнне «партыі ўлады» — крок у бок палітычнага транзіту?

Прынамсі, так лічыць тэлеграм-канал «Рэфлексія і рэакцыя». Яго аўтары адзначаюць, што палітычная сістэма Лукашэнкі ўжо была фармальна адрэфармаваная рэферэндумам-2022. Аднак яна працягвае змяняцца — і гэта робіцца не ад добрага жыцця.

Пралукашэнкаўскі мітынг 16.08.2020

Пралукашэнкаўскі мітынг 16.08.2020


Навіна аб стварэнні палітычнай партыі — гэта сапраўды сур'ёзны крок у бок палітычнага транзіту. Больш таго, зыходзячы з папярэдніх шматгадовых заяў Лукашэнкі, можна выказаць здагадку, што фарміраванне партыі гэта не яго ідэя, гэта ідэя нейкай сілы, якая яму гэтую ідэю навязала. Зыходзячы з пазіцыі захавання аднаасобнага лідарства, партыя гэта хутчэй мінус чым плюс:

1) Партыя заўсёды генеруе лідараў / Палітбюро і да таго падобнае, увогуле гэта інстытут пераемніцтва і пэўнай палітычнай устойлівасці. Але пераемніцтва як інстытут заўсёды мае на ўвазе пад сабой альтэрнатыву ў моманце. Калі ёсць партыя, якая мае ўласную арганізацыю, то можа здарыцца кейс Хрушчова.

2) Пакаленне Лукашэнкі добра памятае пра стаўленне да кіруючай партыі ў познім СССР. Партыю не любілі, хоць персанальнае стаўленне да Гарбачова было, у прынцыпе, нядрэннае. Партыя ж — гэта безаблічны чыноўнік-партакрат, да яго стаўленне было найгоршым. Але паколькі гэты чыноўнік і быў вінцікам у кіраўнічым механізме, то стаўленне праектавалася на ўвесь механізм.

3) У выпадку Беларусі для пераемнасці курсу створаны механізм атрымання ў спадчыну праз Савет бяспекі, які перахопіць кіраванне «ў выпадку чаго». З'яўленне ж тут партыі мае на ўвазе нейкі новы сцэнар.

Што ж гэта за сіла, якая змяняе сцэнар у бок стварэння паўнавартаснай інфраструктуры для сыходу Лукашэнкі? Відавочны адказ — Масква, заручыўшыся падтрымкай мясцовых наменклатуршчыкаў, і выкруціла Лукашэнку. Але такі адказ можа быць наколькі відавочны, настолькі і спрошчаны: мы не ведаем стану здароўя Лукашэнкі, стану эканомікі і яго асабістых актываў, кулуарных дамоўленасцяў і схаваных дыпламатычных трэкаў.

І калі вось праз гэты туман прарываюцца сігналы, што ўжо фармальна адрэфармаваная рэферэндумам 2022 сістэма працягвае рэфармавацца, з'яўляюцца новыя пераменныя, то гэта азначае, што на тым баку няма зацвярдзелага цэменту і няма ідэальна працуючага механізму нават не на доўгі, а на сярэдні тэрмін. Хоць любыя канфлікты ў дэмакратычным лагеры разглядаюцца пад лупай.

У гонцы на доўгія дыстанцыі вельмі важная не хуткасць, а ўстойлівасць механізму, а механізм у закрытай палітычнай сістэме — заўсёды чорная скрыня.