Суд над Зміцерам Галко — дзень першы
Сёння ў судзе Савецкага раёну адбылося першае судовае паседжанне па
справе журналіста Зміцера Галко, якога абвінавачваюць па арт.364 КК РБ
(Гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі).
25 лістапада мінулага году на кватэры Зміцера, дзе ў той момант ягоны сын Ян адзначаў дзень народзінаў, адбылася даволі блытаная гісторыя: міліцыянеры знянацку вырашылі "праверыць" ягонае жытло. На свята з удзелам падлеткаў уварваліся двое супрацоўнікаў, потым да іх прыбыла падмога — Зміцера і ягонага сына затрымалі. Падлеткі, што знаходзіліся там, у паніцы пачалі сягаць з вокнаў, адзін пры гэтым зламаў нагу.
Вынікам усяго стала крымінальная справа супраць Зміцера па абвінавачанні ў збіцці міліцыянтаў. Амаль адразу пасля здарэння ён з'ехаў ва Украіну, але ў красавіку гэтага году вярнуўся ў Беларусь, дзе адразу быў затрыманы. З таго моманту Зміцер знаходзіцца пад вартай.
Працэс вядзе суддзя Якунчыхін.
Напачатку суддзя зачытаў пракурорскае абвінавачанне: Галко не пусціў участковага ў кватэру, хапаўся за ягоную куртку, парваў яе, выбіў з яго рукі тэлефон, калі той тэлефанаваў за падмогай і два разы ўдарыў па галаве. Фармулёўкі сваеасаблівыя: "Галко цягнуў і штурхаў Чаркова, у выніку чаго яны перамясціліся ў кватэру". Цікавы момант: меркаванае збіццё міліцыянта адбылося 25 лістапада 2017-га, а вось судмедэкспертызы, якія зафіксавалі "лёгкія цялесныя пашкоджанні", адбыліся 4 снежня і 24 мая.
Зміцер Галко не прызнаў сваю віну.
Суддзя адразу адхіліў два хадайніцтва адваката Наталлі Мацкевіч: аб запатрабаванні карткі хуткай мед.дапамогі міліцыянтам і пратакола суда па адміністрацыйнай справе).
Пацярпелыя Чаркоў і Казаноўскі (справа налева).
Першым дапыталі пацярпелага Чаркова – мясцовага ўчастковага інспектара. Ён сцвярджае, што праходзіў міма хаты Галко выпадкова — "правяраў раней судзімых асоб" і пабачыў на балконе непаўналетніх: "яны лаяліся матам, гучна грала музыка". Прыбыўшы на апорны пункт, ён сазваніўся з другім участковым – Казаноўскім, і разам яны прынялі рашэнне зайсці па адрасе. Дзверы адкрыў Зміцер Галко, які нібыта быў у стане алкагольнага ап'янення і таксама лаяўся. Далей Чаркоў падрабязна расказаў пра свой канфлікт са Зміцерам: "Ён схапіў за куртку ў раёне грудзей, адбылася патасоўка, ён пацягнуў мяне на сябе, я не ўтрымаў раўнавагу, пайшоў у ягоны бок, пасля чаго аказаліся ў кватэры. Там было шмат непаўнагадовых дзяцей, у кожным пакоі былі спіртныя напоі".
Міліцыянт пералічыў пашкоджанні, якія яму нібыта нанёс журналіст і ягоны сын: "Абвінавачаны ўдарыў па руцэ, тэлефон упаў на падлогу. Апынуліся ў калідоры, прыбег яго малодшы сын, паспрабаваў нанесці ўдары па твары, хаця я яго прасіў супакоіцца. Выражаўся нецэнзурна, і калі нанес два удары, я ўжо пастараўся яго спыніць, так як не хацеў, каб мне была прычынена фізічная сіла, Узяў за грудзі, паклаў на пол, прыціснуў на грудную клетку нагой. У гэты момант адчуў два удары: у цемянную частку і злева ў бараду."
Менавіта гэтыя два ўдары, як апынулася, і сталі падставай для ўсёй крымінальнай справы.
Пасля прыбылі супрацоўнікі РУУС, якія закавалі Зміцера і ягонага сына Яна ў кайданкі.
Адвакатка пачала распытваць галоўнага пацярпелага. Апынулася, што ніякіх заўваг маладзёнам, якіх ён пабачыў на балконе, ён не рабіў. На пытанне "ці пыталіся вы дазволу ў Галко зайсці ў ягонае памяшканне" міліцыянт сказаў, што ў адказ на гэтае пытанне Галко маўчаў, і той «расцаніў маўчанне як згоду». Але ўжо праз хвіліну змяніў меркаванне і сцвярждаў, што Галко ўсе ж прасіў яго пакінуць памяшканне. Аб пачатку працэсуальных дзеянняў Чаркоў не паведамляў, ніякіх дакументаў на месцы не складаў.
"Цягам гадзіны Галко бегаў па кватэры і выражаў нязгоду" — сцвярджаў участковы.
Выкрыліся ў словах Чаркова і іншыя супярэчанні. У пратаколе папярэдняга следства напісана, што "дзяцей на балконе" (кампанію сына Галко) участковы пабачыў у 18.00. На судзе ён сказаў, што ў 16.00. На следстве той казаў, што ў яго былі падазрэнні аб тым што "ў кватэры адбываюцца палавыя злачынствы" (доказам служыла тое, што ў кватэры міліцыянт пабачыў жаночую бялізну). На судзе ж ён гэтага не прыгадаў.
Дарэчы, Чаркоў больш не працуе на гэтым участку – сышоў адтуль у сакавіку 2018-га, нібыта па ўласным жаданні.
Участковы запрасіў у Галко 1000 рублёў кампенсацыі. 150 – за разбіты тэлефон і 850 – у якасці кампенсацыі маральнай шкоды ("Галко веў сябе непатрэбным чынам, абражаў мяне ў прысутнасці дзяцей"). Адкуль і як ён сфарміраваў лічбу ў 850 рублёў – паясніць не змог.
Згодна з парадкам працэсу, Зміцер Галко пачаў задаваць пытанні пацярпеламу. Але амаль усе яны былі знятыя суддзёй з фармулёўкамі "пытанне носіць здагадкавы характар".
Другому пацярпеламу, інспектару ІСН (Інспекцыі па справах непаўнагадовых), Казаноўскаму, 1994 года нараджэння, Галко, па версіі абвінавачання, нанёс пашкоджанні ў выглядзе парванай курткі.
Казаноўскі вырашыў наведаць кватэру, бо "ўзнікла падазрэнне што непаўнагадовых уцягвалі ў антыграмадскія паводзіны". Са словаў Казаноўскага, Галко, стоячы ў дзвярах, казаў: "Вы менты совсем обнаглели" і быў "агрэсіўна настроены". Цікавая дэталь: між тым як міліцыянты зайшлі ў кватэру і тым, як яны апранулі кайданкі на Галко, прайшло, па яго словах, каля 40 хвілін. Абодва міліцыянты не змаглі як след паясніць, што гэты час адбывалася. Пацярпелы Казаноўскі запытаў кампенсацыю матэрыяльнай шкоды: 20 рублёў за парваную куртку. Як і Чыркоў, ён не настойваў на строгім пакаранні абвінавачанага, пакінуўшы строгасць «на погляд суду».
Пачаўся допыт сведкаў.
Суд апытаў яшчэ двух міліцыянтаў, мужчыну і жанчыну, якія прыбылі на падмогу Чаркову і Казаноўскаму. Абодва таксама не бачылі, як Галко наносіў удары ўчастковаму. Пасля невялічкага перапынку, каля 17 гадзін вечара (працэс пачаўся ў 11 ранку) Зміцер Галко заявіў хадайніцтва аб пераносе судовага паседжання, бо быў "не ў стане паўнавартасна працягваць працэс: рана прачнуўся, нічога не еў увесь дзень, вельмі стаміўся і кружыцца галава". Хадайніцтва абвінавачанага падтрымалі адвакат, пракурор, і нават пацярпелыя сказалі што "не супраць". Аднак "суд, раючыся на месцы, пастанавіў хадайніцтва адхіліць". Па словах суддзі, яно "з'яўляецца надуманым і накіраваным на зацягванне працэсу". Працэс працягнуўся.
Увогуле суддзя паводзіў сябе даволі груба: няспынныя заўвагі адвакату: «Трэба лепш рыхтавацца!» і абвінавачанаму: «Не вырывайце словы з кантэксту».
Апошняй дапыталі Вольгу Краўчук – былую жонку Зміцера. Даведаўшыся, што ў ягоны дом наведалася міліцыя, яна паспяшыла туды, бо хвалявалася за Яна. Калі прыйшла, пабачыла разгром у кватэры, які апісвала доўга і эмацыйна. Жанчына выступіла з цэлым спічам у абарону Зміцера: «Ён пацярпеў за праўду!» — сцвярджала яна суду.
Мноства непаўнагадовых сяброў Яна, якія прысутнічалі на тым злашчасным дні народзінаў, засталіся недапытанымі і цэлы дзень прачакалі ў калідоры. Суддзя некалі разоў перапытваў дзяржабвінаваўцу, ці настойвае той на допыце падлеткаў, але той быў непахісны. Суд працягнецца ў чацвер, 12 ліпеня. Пачатак – 10.30.