Зміцер Галко: «Яны з мяне здзекваюцца». Працяг суду над журналістам

У чацвер, 12 ліпеня, суд Савецкага раёну Мінску працягнуў разгляд крымінальнай справы журналіста Змітра Галко, якога вінавацяць у гвалце супраць міліцыянтаў. Сёння суд працягнуў заслухваць паказанні сведкаў.

36894340_1617435748378835_7615376576615546880_n_660x440.jpg


На самым пачатку пасяджэння Галко папрасіў занесці ў судовы пратакол, што ён кепска сябе адчувае і таму не можа паўнавартасна ўдзельнічаць у працэсе.
«З моманту этапавання ў суд мяне трымалі ў «стакане» – не давалі піць, не давалі ежы, трымалі ў кайданках», – заявіў ён.
Першым сёння выступіў капітан міліцыі з групы затрымання. Ён распавёў, што прыбыў на месца здарэння па просьбе калегаў а 8-й вечара і ўбачыў там шмат падлеткаў, у тым ліку маладога чалавека (Яна Галко – няпоўнагадовага сына Змітра Галко), які нібыта спрабаваў ударыць Юрыя Чыркова (міліцыянта, які праходзіць па гэтай справе ў якасці пацярпелага). Паводле праваахоўніка, у кватэры было шмат шклянак з-пад алкаголю. Капітан адзначыў, што ў дачыненні да яго ані гвалту, ані пагрозаў з боку Галко не было.
«Аднак я бачыў, як Галко нанёс удары Чыркову ў раён галавы», – дадаў ён.
Пасля яго на судзе выступіў Арсеній Мацюкевіч – 18-гадовы сябра Яна Галко, які скокнуў з вакна кватэры, калі туды прыйшла міліцыя. Мацюкевіч распавёў, што памятае як Галко прасіў праваахоўнікаў пакінуць дом. Спачатку ён размаўляў з імі спакойна, але потым перайшоў на больш грубую форму. На пытанне навошта ён скокнуў з вакна, хлопец адказаў: «Неяк само атрымалася». Пасля інцыдэнту ў дачыненні да Арсенія быў складзены адміністратыўны пратакол і ён сплаціў штраф.
Пасля выступіла суседка Галко Наталля. Яна распавяла, што ў яе ніколі не ўзнікала канфліктаў са Змітром і з падлеткамі, якія перыядычна прыходзілі ў госці. Паказанні Наталлі на судзе адрозніваліся ад паказанняў, якія яна давала адразу пасля здарэння. Напрыклад, раней яна сведчыла, што Ян Галко быў «моцна п’яны», а цяпер сцвярджае, што ў яго быў проста вельмі чырвоны твар. Бойкі Галко з міліцыянтамі яна не бачыла.
На судзе таксама выступіў 16-гадовы Віталь Сячко – адзін з запрошаных на Дзень народзінаў сябра Яна Галко. Хлопец распавёў, што ў той вечар у кватэру пазванілі міліцыянты і папрасілі дакументы ў Змітра. У адказ ён папрасіў іх выйсці – яны не адрэагавалі і тады Галко пачаў больш агрэсіўна іх справаджваць. Паводле хлопца, ён не памятае, хто і колькі ўжываў алкаголю, але сцвярджае, што па Змітру «было бачна, што ён на падпітку». «Я знаходзіўся ў пакоі і бачыў як у калідоры бацька Яна спрабуе выштурхаць з кватэры міліцыянтаў», – адзначыў ён. Пра ўдары Сячко нічога не памятае.
Галко знаходзіцца за кратамі ўжо больш за 2,5 месяца. Судовы працэс над журналістам і блогерам Змітром Галко распачаўся 10 ліпеня. У першы дзень паказанні давалі міліцыянты.
Нагадаем, інцыдэнт, які стаў нагодай для крымінальнага пераследу, адбыўся ў лістападзе 2017 года. Сын Галко святкаваў сваё 15-годзе на кватэры ў Мінску. На свяце былі ягоныя сябры, таксама прысутнічаў і сам Галко (усяго было каля 17 чалавек). Увечары з прычыны шуму суседзі выклікалі міліцыю. Паводле следства, калі міліцыянты зайшлі ў кватэру, у іх адбыўся канфлікт адбыўся канфлікт са Змітром Галко, прычым журналіст нібыта ўжыў сілу да праваахоўнікаў. Сам Галко зняпраўджваў гэтыя абвінавачванні.
У хуткім часе пасля гэтага Галко разам з сынам з’ехалі ва Украіну. Аднак 22 красавіка, падчас вяртання на радзіму, Галко затрымалі на беларуска-украінскай мяжы і кінулі за краты.


Зміцер Галко – вядомы беларускі журналіст і блогер, супрацоўнічаў з шэрагам недзяржаўных беларускіх СМІ. Артыкулы Зміцера ў "Новым часе". Пасля пачатку канфлікту на Данбасе неаднойчы ездзіў на лінію фронту, падрыхтаваў шэраг рэпартажаў.