Супраць і не першы год. Гомельскія актывісты ладзілі сустрэчу супраць Лукашэнкі (+фота)

Вечарам 7 кастрычніка ў Палацы культуры “Гомсельмаш”адбылася сустрэча праціўнікаў дзейснага кіарўніка дзяржавы. Арганізатарамі і галоўнымі выступоўцамі былі Уладзімір Кацора — каардынатар кампаніі “За справядлівыя выбары” па Гомельскай вобласці, ды старшыня Гомельскай абласной арганізацыі партыі левых “Справядлівы свет” Уладзімір Сякерка.



На сустрэчу ў  прыйшло каля 100 чалавек. Па большай частцы гэта былі пенсіянеры, але заўважыць можна было і маладзёнаў, і бюджэтнікаў (сярод іншых прыйшло некалькі кіраўнікоў культурніцкіх установаў горада).

Уладзімір Сякерка, прадстаўнік партыі “Справядлівы свет” адзначыў, што сапраўдных выбараў у краіне няма:

— Зараз як выбары праходзяць? Вось у трэцюю школу выкладчыца прыгнала 50 навучэнцаў прагаласаваць датэрмінова. Іх прымушаюць, для маладых тыя выбары – нішто. А раней як было – калі першы раз галасаваў, то кветкі табе ўручалі, падарунак нейкі. Вось да чаго трэба імкнуцца.

Не быў абыйдзены і шырока вядомы цяпер “закон аб дармаедстве”, і кланавасць улады, і грубасць кіраўніка дзяржавы.

А тым часам зал жыў сваім жыццём. З залі гучалі словы пра тое, што ўсе мы – русічы, пра тое, што Гомель да 1926 года быў у складзе РСФСР і таму трэба і надалей быць разам з расейцамі.

Адна з жанчын выступіла з аповедам пра ўласнага сына. Ён мае вышэйшую адукацыю, спрабаваў па гарачыні маладой крыві працаваць у Расеі, але хутка вярнуўся і знайшоў сабе “сапраўдную” працу і адкрыў ІП. Цяпер займаецца гандлем рамонтных сродкаў. Шмат хто з яго сяброў таксама вярнуўся назад і таму можна сказаць, што ў Беларусі — цудоўныя ўмовы для маладых!

Гэтай канстатацыі да гэтага моманта паўсонны зал не стрымаў і ўзнялася хваля пратэсту супраць сказанага. Найбольш раз’юшаныя ўдзельнікі сустрэчы пачалі патрабаваць жанчыну назваць яе прозвішча.

— Я хацела б задаць некалькі словаў спадару Сякерку. — сказала дырэктар Карціннай галерэі імя Вашчанкі Людміла Шымбалёва. Дзеля гэтага яна нават адмыслова выйшла на сцэну. — Вось скажыце, вы працуеце дзесьці? Проста ў мяне пытанне — за якія грошы вы ездзіце на ўсе тыя сустрэчы, пра якія вы нам распавядалі?

— Гэта сродкі партыі “Справядлівы свет”, якія былі вылучаныя на перадвыбарчаю агітацыю —  адказаў Сякерка.

— Добра, тады адкажыце вось яшчэ на што. Я вельмі добра ведаю пра вашую сям’ю. Вы тут шмат чаго распавялі, але чамусь не ўзгадалі, што ваш сын жыве за мяжой, дачка туды з’ехала, жонка часта туды ездзіць. Так вось я хацела б запытацца: якога жыцця хочаце вы? Ці сапраўды кепска вам жывецца?

Гэты выпад дырэктаркі зал сустрэў моцным гулам і незадавальненнем. У выніку Шымбалёва вельмі хутка сышларазам з цэлай групай відавочна прысланых на сустрэчу бюджэтнікаў і кіраўнікоў падначаленых дзяржаве ўстаноў.

Адным з падсумаванняў прамоўленага Сякеркам было “Нас няшмат, але мы ўсё ж ёсць”. Ці адносілася гэтая фраза да тых, хто прыйшоў на сустрэчу, або апісвала актыў апазіцыйных сілаў у рэгіёнах засталося невядомым.

— Мы кіраваліся тым, што заканадаўчы кодэкс дазваляе весці грамадзянам агітацыю як за так і супраць прэзідэнта, — патлумачыў НЧ мэту перапрыемства Уладзімір Кацора. — Канешне нам, як людзям, якія даўно ў палітыцы, якія даўно супраць Лукашэнкі проста лёсам наканавана весці супраць яго агітацыю. Тым больш што адзінства ў апазіцыі няма. Вынік вядомы загадзя – будзе чарговая “элегантная перамога”.

Слоган гэтай нашай сустрэчы “Скажы Лукашэнку “не”. Сказаць “не” можна не пайшоўшы на выбары гэта будзе большы ўдар для яго бо зараз уся прапаганда працуе на яго і прамаўляе “хадзіце на выбары або прайграеце”. Таму калі выбарцы гатовыя не пайсці гэта было б лепей.
Нехта пойдзе на іх бо вымушаны, нехта бо яшчэ верыць у іх сілу.

Пры тым раскладзе, які зараз існуе, калі загадзя вядома хто пераможа мы не агітуем ні за каго, але і не супраць кагосьці з існых кандыдатаў акрамя Лукашэнкі.

Таму што на выхадзе будзе зноў запраграмаваны самой сістэмай вынік. І мы сёння хацелі б больш казаць не аб тым, што будзе 11-га а аб тым, што будзе потым.

— А што трэба рабіць палітычным сілам пасля выбараў калі нічога не зменіцца?

— Палітычным сілам трэба працаваць на адзінства, рыхтавацца да парламенцкіх выбараў і патрабаваць каб у камісіях былі сябры грамадзянскай супольнасці і маглі падлічыць галасы. Можа да таго часу, калі аб’явяць пра старт гэтай выбарчай кампаніі будзе падтрымка грамадства.

Плошча можа адбыцца не толькі на прэзідэнцкіх выбарах, яна можа адбыцца і на парламенцкіх, і нават раней праз ускладненне сацыяльна-эканамічнага становішча.


На маю думку калі казаць пра заўтрашняе адзінства апазіцыі то было б лепш, каб Караткевіч знялася зараз. Усе разумеюць, для чаго ўваходзяць Улаховіч і Гайдукевіч, але надвор’е заўжды робіць меншасць, якая разуме, на якім мы свеце і гэта будзе пасыл для яе. Яна пазней стане маторам для ўсяго грамадства.

Таму каб адзінства і паразуменне ў апазіцыі і надалей было б лепшым было б лепей, каб Таццяна Караткевіч зараз знялася.