Што кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі думаюць пра аднаполыя шлюбы?

У Беларусі набліжаецца да заканчэння прэзідэнцкая кампанія 2015 года. Між тым у свеце ўсё больш пашыраным робіцца легалізацыя аднаполых шлюбаў, супраць чаго рэзка выступае абсалютная большасць хрысціянскіх Цэркваў. У сувязі з гэтым krynica.info падчас цыклу інтэрв’ю з альтэрнатыўнымі кандыдатамі ў прэзідэнты распытала іх пра стаўленне да гэтай праблемы. Прапануем вашай увазе іх адказы.



flag_rainbow.jpg

Лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч:

Няхай як ёсць сёння ў Беларусі, хай так і застаецца. І гэта будуць мае самыя правільныя крокі як палітыка. Чым больш я буду ўздымаць гэтую праблему, тым больш я буду прымушаць слухаць і тых, і тых, і тых. Госпад заўсёды быў разумнейшы за нас усіх. Не рабі горш, чым ёсць. Таму калі ў нас цяпер шчасна ў параўнанні са многім, што нас акружае, то гэта трэба і захаваць. І гэта будзе дастаткова.

Прадстаўнік кампаніі «Гавары праўду!» Таццяна Караткевіч:

Гэта павінен вырашаць парламент, і грамадства да такога павінна быць гатова. Пакуль што мы далёкія ад такога стану. Сёння перад намі стаіць вялікая колькасць праблем і гэтая, відавочна, далёка не першая.

Старшыня Беларускай патрыятычнай партыі, вярхоўны атаман РГА «Беларускае казацтва» Мікалай Улаховіч:

Гэта хвароба. Я з гэтымі праблемамі сутыкаўся па працы і па жыцці. Адзінае, што я гэтым людзям дапамагаў памяняць месцажыхарства або месца працы. Дапамагаць ім трэба, не выганяць іх, не здзекавацца. Не ставіць іх у тупік зусім, каб яны аб’ядноўваліся ў групы. А дазволіць жыць у грамадстве. Але я супраць гейства і падобных рэчаў катэгарычна. Нам трэба насельніцтва: і дзяўчынкі, і хлопчыкі. Краіна павінна расці і прырастаць за кошт свайго ўласнага насельніцтва.

Паводле: krynica.info