Сустрэча ў Мінску — важны этап для разводу
Тое, што напярэдадні Мінскага саміту кіраўнікоў краін Мытнага саюза, Украіны і прадстаўнікоў Еўрасаюза Крэмль наважыўся на авантуру з гуманітарным канвоем, яшчэ раз пацвердзіла выснову аб тым, што ад сустрэчы ў Беларусі не варта чакаць ніякіх канкрэтных вынікаў.
Назіральнікі спрабуюць абмяркоўваць парадак дня перамоваў у беларускай сталіцы, шукаць межы кампрамісу — але гэта дарэмная справа. Нават калі Уладзімір Пуцін і дасць любыя абяцанні сваім
суразмоўцам, ён неўзабаве іх парушыць.
Тады навошта збірацца ў Мінску, якая карысць ад перамоваў? Як мне здаецца, відавочная. Само рашэнне правесці сустрэчу ў беларускай сталіцы кажа пра многае. Аляксандр Лукашэнка нядаўна не мог
разлічваць на прыезд у Мінск высокапастаўленых прадстаўнікоў Еўрасаюза. І любы ўкраінскі прэзідэнт прыязджаў у Мінск без вялікага энтузіязму, хіба што з пасрэдніцкай місіяй.
Цяпер Лукашэнка сам у ролі пасярэдніка. І зразумела чаму. Яго, як і прэзідэнта Казахстана Нурслултана Назарбаева, катэгарычна не задавальняе палітыка Уладзіміра Пуціна. Саюзнікам Расеі
становіцца быць не толькі непрыстойна, але і нявыгадна. Калі Пуцін падарве эканамічныя магчымасці Расіі — а ён блізкі да гэтага, — то дзе ж у яго возьмуцца грошы для аплаты лаяльнасці Лукашэнкі? І навошта Назарбаеву,
здольнаму манеўраваць паміж Захадам і Усходам, губляць магчымасці для манеўру?
Адразу скажу: нічога ў іх не атрымаецца. Пуцін да нас не вернецца ўжо ніколі, яму ўтульна ў свеце ўласных ілюзій, нават калі гэтыя фантазіі прыводзяць да крывавых наступстваў для навакольнага
свету і могуць прывесці да краху ягонай ўласнай дзяржавы. Але адмова Пуціна прыслухацца да Лукашэнкі і Назарбаева — заканамерны этап на шляху практычна непазбежнага дэмантажу саюзніцкіх адносін Расіі з
Беларуссю і Казахстанам. Больш за тое, гэтыя адносіны дэмантуюць не саюзнікі, а сама Расія. Ужо гісторыя з прадуктовымі санкцыямі, не ўзгодненымі з Мінскам і Астаной, паказала, што Крамлю пляваць на
«адсутнасць мытных межаў» і іншыя атрыбуты сяброўства і адзінства. Таму што адсутнасць агульных межаў — не тое, што трэба Пуціну, як не патрэбна яму была пазаблокавая і лаяльная Украіна
Януковіча. Вось Беларусь і Казахстан у складзе Расіі (ці Еўразійскага саюза як дзяржавы) — гэта трэба. І Украіну туды ж, гэта ж «рускі свет».
А паколькі ў Лукашэнкі і Назарбаева іншыя планы, яны рана ці позна з Пуціным разыдуцца — ці ён з імі. Сустрэча ў Мінску — проста важны этап на шляху да гэтага разводу.
Віталь Портнікаў, radiosvoboda.org