Шрайбман: «Лукашэнка — усё яшчэ меншае зло для Расіі»

Палітычны аглядальнік — пра «ўнікальную па мерках сённяшніх беларуска-расійскіх адносін навіну».

luka_7.jpg

— Масква, здаецца, гатовая часткова выканаць патрабаванні Мінска па змякчэнні умоў атамнага крэдыту, — піша ў сябе ў Telegram-канале Арцём Шрайбман. — Беларусь прасіла адкласці пачатак выплат на 5 гадоў (з 2021 да 2026), знізіць стаўку да 3% і павялічыць тэрмін выплат на 10 гадоў.
Паводле інфармацыі Інтэрфакса і TUT.BY, нам прапанавалі пачынаць выплаты на 2 гады пазней (у 2023-м), знізіць стаўку да фіксаваных 3% замест плаваючых «больш за 5%», але тэрмін выплат павялічваць не захацелі.
Цалкам кампраміснае рашэнне. А на фоне негатыву апошніх месяцаў яго можна лічыць прарыўным. Па падліках Інтэрфакса, гэта зэканоміць Мінску 600 млн долараў.
Куды важней пункт з адкладваннем першых выплат. Без гэтага да нашых плацяжэй па вонкавым абавязку ў наступным годзе дадалося б 700-800 млн долараў у залежнасці ад выніковага кошту АЭС.
Улічваючы, што доўг у валюце, нашы валютныя даходы растаюць, рубель дэвальвуецца, знаходзіць новыя пазыкі складана, незалежныя эканамісты ўжо адкрыта кажуць аб рызыцы дэфолту ў бліжэйшыя гады.
Кампраміс з Расіяй па атамным крэдыце, калі ён пацвердзіцца, такую рызыку зніжае.
Чаму так адбылося? Добрае пытанне. Я гэтага не чакаў. Калі адтэрміноўка выплат яшчэ выглядае лагічнай, улічваючы зацягванне тэрмінаў уводу АЭС у эксплуатацыю, то зніжэнне адсотка — проста саступка Масквы.
Напэўна, згулялі некалькі фактараў. Па-першае, змякчаць умовы па выдадзеных шматгадовых крэдытах псіхалагічна прасцей, чым даваць новыя. Успомніце колькі даўгоў Расія спісала розным Кубам.
Па-другое, Маскве і Расатаму, мабыць, не хацелася ўвязвацца яшчэ ў адну спрэчку з Лукашэнкам, які паабяцаў зацягаць расіян па судах і выстаўляць ім фінансавыя прэтэнзіі за зрывы тэрмінаў па АЭС, калі яны не пойдуць яму на саступкі.
Але самае галоўнае ў гэтай гісторыі, што аспрэчваецца логіка тых, хто ўпэўнены, што Расія ўзяла адназначны курс на эканамічнае ўдушэнне Беларусі, каб было лягчэй яе праглынуць.
Калі б была такая мэта, не было б саступак па крэдыце. Першасная мэта для Расіі — не задушыць Мінск любой цаной, а зэканоміць свае грошы не даводзячы пры гэтым саюзнікаў да катастрофы.
Таму кранік нам падкручваць, хутчэй за ўсё, будуць працягваць. Але не рэзка па ўсіх франтах, а там, дзе гэта атрымліваецца рабіць з мінімальнымі стратамі.
Саюзы яшчэ нешта значаць для Масквы. Разграбаць спантанны калапс нашага рэжыму выйдзе даражэй, лічаць там. Лукашэнка — усё яшчэ меншае зло для Расіі. Гэта, дарэчы, заклад яго палітычнага выжывання.
Паводле Салідарнасці