У пошуках крыніц пагроз незалежнасці і суверэнітэту
У поўнай адпаведнасці з геапалітычнай дактрынай, якая прадугледжвае паварот на Усход, пачну з кітайскай прыказкі: «Усіх сабак можна падзяліць на тых, якія гэтую дарогу пераходзілі, і на тых, якія гэтую дарогу не пераходзілі».
Сэнс прыказкі ў тым, што колькасць крытэраў, якія дазваляюць ранжыраваць сукупнасці канкрэтных аб’ектаў, можа быць якой заўгодна. Напрыклад, паводле расійскага сацыёлага Сімона Кардонскага, усе грамадствы падзяляюцца на грамадствы рызыкі і на грамадствы, заснаваныя на нейтралізацыі пагроз. Першыя рызыкуюць на глабальным рынку — і атрымліваюць як вынік капітал. Другія вынаходзяць пагрозы дзеля выбівання грошай на іх нейтралізацыю.
Да якога тыпу належаць грамадствы, чые кіраўнікі ў 1997 года падпісалі «Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі», мяркую, здагадацца нескладана. Як нескладана зразумець і тое, чаму ў Мінску, а не ў Парыжы і не ў Лондане, 26–27 кастрычніка 2023 года прайшла Міжнародная канферэнцыя «Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў свеце, які трансфармуецца».
У працы канферэнцыі прынялі ўдзел каля 300 чалавек з амаль 30 краін свету. Ведай нашых! Пра якую ізаляцыю гаворка, калі на нашым баку — і на баку глабальнага Усходу і Поўдня, — згодна з падлікамі міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Алейніка, большасць. І гэтай большасці супрацьстаіць кансалідаваны Захад, які не хоча абмяркоўваць праблему агульнай бяспекі. Ён занепакоены толькі сваёй уласнай мадэллю бяспекі для абраных — і тым самым штурхае свет «у кірунку па так званай лесвіцы эскалацыі».
Грамадзянам Ізраіля ўваход строга забаронены!!!
Наш адказ на палітыку, спароджаную NATO-цэнтрычнай мадэллю, — паглыбленне інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй.
Пра гэта, у прыватнасці, заявіў былы генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа: «Трэба ўмацоўваць інтэграцыю, рэальную інтэграцыю. Суверэнітэт краін ніхто не адмяняў, ён павінен быць, але эканамічны складнік, сацыяльны складнік, складнік бяспекі павінны быць настолькі інтэграваныя, каб гэта было адно цэлае, каб ніякія нашы былыя сябры не змаглі нас раз’яднаць».
І такія спробы неаднаразова рабіліся. Няма сэнсу варушыць мінулае. Свежы прыклад — беспарадкі ў Дагестане.
Пра тое, што гэтым здарэннем стаяць заходнія спецслужбы і кіруючыя эліты ЗША, заявіў Уладзімір Пуцін на нарадзе 30 кастрычніка.
Чаму яны? А хто ж яшчэ? Нездарма ж за дзень да патрона яго прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў не адчуў цяжкасцяў пры вызначэнні (прызначэнні) вінаватых: «Добра вядома і відавочна, што ўчорашнія падзеі вакол аэрапорта Махачкалы з’яўляюцца шмат у чым вынікам умяшання звонку, уключаючы інфармацыйнае ўздзеянне звонку».
З тым, што «спробы дэстабілізаваць сітуацыю ў Дагестане <...> праводзяцца нашымі ворагамі, праціўнікамі нашай краіны», згодны і кіраўнік Дагестана Сяргей Мелікаў. Да такой высновы ён прыйшоў на падставе «абсалютна дакладнай інфармацыі».
Усяму віной, як аказалася, канал «Раніца Дагестана», які «адмініструецца і рэгулюецца з тэрыторыі Украіны».
Вось і разважай пасля гэтага пра стабільнасць, якая больш за два дзясяткі гадоў выбудоўваецца ў «нашай Расіі» пад кіраўніцтвам нацыянальнага лідара. Тое, што спажыўцы федэральных тэлеканалаў успрымалі ў якасці супердзяржавы, якая ўстала з каленяў і здольная кінуць выклік Захаду, па факце аказалася картачным домікам. Для таго, каб гэты домік абваліўся, хапіла прызыву да беспарадкаў, які быў перададзены адным тэлеграм-каналам.
Але калі гэта так, то канферэнцыі з парадкам дня «Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў свеце, які трансфармуецца» павінны праходзіць у рэжыме нон-стоп. Інакш бяспеку для нязмяняльных палітычных рэжымаў не забяспечыць. А бяспека рэжымаў, што змяняюцца, на глабальным Усходзе і Поўдні мала каго цікавіць.
Захопам аэрапорта ў Махачкале беспарадкі не абмежаваліся. Узбуджаныя паведамленнем аб тым, што гасцініца «Фламінга» ў цэнтры Хасавюрта поўная габрэяў, джыгіты сталі канцэнтравацца пад яе вокнамі з мэтай «разабрацца» і «навесці парадак». Перапалоханая адміністрацыя была вымушаная павесіць на ўваходных дзвярах абвестку: «Замежнікам грамадзянам Ізраіля (габрэям) уваход строга забаронены!!! І не пражываюць тут!!!»
Нічога не нагадвае?
Адгадайце з трох разоў
Для першага ў найноўшай гісторыі Расіі габрэйскага пагрому можна адшукаць іншае тлумачэнне. Скарыстаюся варыянтам расійскага грамадскага дзеяча Максіма Каца: «Расійская палітыка зводзіцца да распальвання нянавісці і заахвочвання беззаконня. Як забіваць людзей, дзе забіваць людзей, колькі забіваць людзей. Скінуць на іх ядзерную бомбу або пакуль рукамі ўсіх душыць. Асуджаныя злачынцы, якія забівалі сваіх маці, якія здзяйснялі гвалт над дзецьмі, афіцыйна лічацца тымі, хто выкупіў віну перад Радзімай, калі пагодзяцца ўдзельнічаць у агрэсіўнай вайне і забіваць людзей на чужой зямлі. Дактрына расійскай дзяржавы за апошнія два гады — гэта не культ сілы, гэта культ безмежаку. Правілы існуюць для лохаў, слабакоў. І тым ты круцейшы, чым больш дэманстратыўна творыш любую брыдасць, якая прыйдзе ў галаву».
Калі прыняць гэта тлумачэнне грамадскага дзеяча, то з наяўнасцю праблемы бяспекі, як з асноўнай на прасторах Саюзнай дзяржавы, варта пагадзіцца. Вось толькі для разумення крыніцы пагроз спатрэбіцца развярнуцца на 180 градусаў.
Варта пагадзіцца і з прапановай амерыканіста Аляксандра Філіпенкі ўсталяваць у штаб-кватэры NATO скульптуру вялікаму аб’яднальніку Альянсу — Пуціну.
І гэта не сарказм. Тым, хто не ў курсе, нагадаю, што апошні амерыканскі танк пакінуў Еўропу ў 2013 годзе, але праз тры гады танкі вярнуліся. Паспрабуйце адгадаць з трох разоў прычыну вяртання.