У «справе Баўмгертнэра» намеціўся круты паварот
Крэмль нарэшце падаў голас з нагоды арышту генеральнага дырэктара «Уралкалія». У сваю чаргу, афіцыйны Мінск працягвае гуляць на абвастрэнне.
![povorot30.jpg povorot30.jpg](/img/v1/news/full/povorot30.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Цалкам відавочна, што, арыштоўваючы генеральнага дырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнэра, беларускія ўлады разлічвалі як мінімум на нейтралітэт Уладзіміра Пуціна. Больш
за тое, Мінск па сутнасці прапаноўваў клану расійскага прэзідэнта адабраць прадпрыемства у алігарха Сулеймана Керымава.
Але надзеі беларускіх уладаў, што каманда Уладзіміра Пуціна вырашыць скарыстацца сітуацыяй, якая склалася , каб перахапіць прынадны кавалак, пакуль не апраўдваюцца. Да апошняга часу за
Уладзіслава Баўмгертнэра заступаліся толькі прадстаўнікі клана Дзмітрыя Мядзведзева. Аднак 30 жніўня, акурат у дзень нараджэння Аляксандра Лукашэнкі, загаварыў і Крэмль. Памочнік прэзідэнта РФ Юрый
Ушакоў заявіў: «Прайшло пяць дзён з моманту арышту ў Мінску нашага грамадзяніна. Мы патрабуем неадкладнага яго вызвалення і разлічваем, што беларускі бок у бліжэйшы час гэта
зробіць».
Пакуль афіцыйны Мінск дэманструе гатоўнасць ісці на абвастрэнне . 30 жніўня Следчы камітэт Беларусі пацвердзіў намер у бліжэйшы час прад'явіць абвінавачванне Сулейману Керымаву і
аб'явіць яго ў міжнародны вышук.
Але ёсць сумневы, што Аляксандр Лукашэнка гатовы да поўнамаштабнага канфлікту з расійскім кіраўніцтвам. Занадта ўжо дорага можа абысціся біццё талерак. Расспажыўнагляд ужо забараніў імпарт
свініны з Беларусі. Віцэ -прэм'ер РФ Аркадзь Дварковіч паабяцаў зрэзаць пастаўкі нафты ў Беларусь, а таксама актывізаваць расследаванне кантрабанды нафтапрадуктаў пад выглядам
«растваральнікаў». І гэта далёка не ўсе рычагі , якія Масква можа пусціць у ход.
Аднак выканаць патрабаванні расійцаў і вызваліць Уладзіслава Баўмгертнэра для Аляксандра Лукашэнкі азначае, як мінімум, часткова згубіць твар. Бо ў Беларусі ўжо разгорнута маштабная
прапагандысцкая кампанія пад лозунгамі «Перад законам усе роўныя» і «Абаронім народную ўласнасць ад брудных лап расейскіх алігархаў».
Цяпер Аляксандру Лукашэнку, падобна, трэба будзе зрабіць нялёгкі выбар: плюхнуць бензіну ў агонь, як ён паступае звычайна, або акуратна заліць пажар вадзіцай. Пакуль кіраўнік Беларусі
«знік з радараў»: апошняе на дадзены момант паведамленне аб мерапрыемстве з яго удзелам датавана 27 жніўня.
gazetaby.com