За Вясну-2017 з беларускіх ВНУ адлічылі 6 студэнтаў. Што рабіць, калі вас выключылі за актывізм?

Падзеі апошніх месяцаў яшчэ раз прыгадалі нам, якія метады выкарыстоўваюць улады ў барацьбе з тымі, хто не хоча маўчаць.

program_im._k._kalinowskiego_.jpg


Вядома, рэпрэсіі закранулі самую актыўную частку моладзі. Магчыма, з беларускіх ВНУ адлічылі нашмат менш студэнтаў, чым падчас выбараў 2006 года, але яны ёсць, і пра іх таксама трэба ведаць.
Адлічэнні за ўдзел у пратэстах
Вясновыя адлічэнні звязаныя з пратэставымі акцыямі недармаедаў, якія ў лютым і сакавіку хваляй прайшлі па краіне.
Афіцыйнай прычынай выключэнняў у большасці выпадкаў стаў «пропуск заняткаў» і «невыкананне абавязкаў навучэнца». Насамрэч маладзёнаў караюць за іх грамадзянскую пазіцыю і грамадска-палітычную актыўнасць.
Усяго кіраўніцтва навучальных установаў з пачатку 2017-га года адлічылі 6 актывістаў (спіс можа дапоўніцца).
Сярод тых, хто пацярпеў за свае погляды:
Юрый Лукашэвіч – лідар «Моладзі БНФ», студэнт 1 курсу гістарычнага факультэта БДУ. Адміністрацыі не спадабалася, што хлопец браў удзел у абароне Курапатаў. У сакавіку цягам тыдня яму вынеслі адразу дзве пісьмовыя вымовы за прагулы і на падставе гэтага развіталіся. Ва ўніверсітэце запэўнівалі, што адлічэнне не звязанае з яго палітычнымі поглядамі. Прычына – у акадэмічнай непаспяховасці і прагулах. Актывіст судзіўся за аднаўленне, але яму адмовілі ў магчымасці вярнуцца на факультэт.
Крысціян Шынкевіч навучаўся на 2 курсе БДПУ. 25 сакавіка яго затрымалі ў офісе «Вясны» падчас інструктажу напярэдадні назірання за акцыяй Дня Волі. 26 сакавіка яго зноў затрымалі падчас акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. Ноч ён правёў на Акрэсціна.
Хлопца судзілі за дробнае хуліганства і аштрафавалі. Па вызваленні Крысціян даведаўся, што загад аб ягоным адлічэнні падпісалі яшчэ напярэдадні Дня волі. Прычына – «невыкананне абавязкаў навучэнца». Маладзён таксама скардзіўся на незаконнае выключэнне, але не дамогся правасуддзя.
У Магілёве з МДУ імя Куляшова за ўдзел у маршы недармаедаў выключылі студэнтку апошняга курсу Алену Кісель. Дзяўчыну затрымалі 15 сакавіка і прысудзілі штраф. Праз некалькі дзён яе выклікалі ў дэканат на «выхаваўчую гутарку». Праз некалькі дзён ёй вынеслі вымову за пропуск заняткаў.
Арцём Кавалёў – навучаўся на 2 курсе Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэту на сацыяльна-педагагічным факультэце. 24 траўня напярэдадні «Дня Волі» дэкан сказала Арцёму, што калі ён прапусціць пары ў суботу, яго выключаць. Дэкан таксама патэлефанавала ягонай маці, і папярэдзіла, што калі яго заўважаць на мітынгу, то адлічаць.
25 сакавіка ён прыйшоў на заняткі, пасля якіх у вольны час паехаў у Менск – з перадачай затрыманаму брату. Нягледзячы на ​​тое, што ён выканаў загад, 27 сакавіка яна напісала скаргу ў рэктарат, што паслужыла прычынай для адлічэння.
Ігар Неліповіч – былы студэнт Берасцейскага Дзяржаўнага Універсітэту імя Пушкіна. Хлопец вучыўся на гістарычным факультэце на спецыяльнасці «археалогія».
Удзельніка анархісцкай групы аштрафавалі на 230 рублёў за ўдзел у маршы недармаедаў 5 сакавіка. Пасля гэтага яшчэ некалькі разоў выклікалі на размовы ў дэканат, а ў інтэрнат прыходзілі прадстаўнікі адміністрацыі і міліцыянты. 16 сакавіка Ігара адлічылі на падставе двух вымоў: за адміністрацыйнае правапарушэнне і 30 гадзінаў пропускаў. Паводле актывіста, шмат хто з ягоных аднакурснікаў прапускалі да 300 гадзінаў без адмоўных вынікаў.
Мікалай Логвінаў – актывіст «Моладзі БНФ», студэнт Менскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Мікалая затрымалі ў сталіцы 14 сакавіка. На хлопца склалі пратакол за «парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў» і адвезлі ў суд Першамайскага раёну, дзе суддзя Анастасія Папко пакарала яго штрафам у памеры 5 базавых велічыняў.
Выйсце ёсць заўсёды
Праваабаронцы раяць не замоўчваць факты ціску з боку кіраўніцтва ВНУ і звяртацца па дапамогу. Калі не атрымалася адстаяць сваёй права на навучанне ў судзе, ёсць шанец працягнуць яго за мяжою.
Польшча аднавіла набор на праграму Каліноўскага пасля антыдармаедскіх пратэстаў.
Як патлумачылі belsat.eu ў сакратарыяце праграмы Каліноўскага, набор адкрыты, і бюро прымае заяўкі ад патэнцыйных удзельнікаў.
«Ужо маем дакументы прыблізна 10-15 чалавек. Пакуль цяжка казаць пра дакладныя лічбы, але набор ідзе. Таксама пакуль невядома, колькі месцаў выдзяляць для рэпрэсаваных, усё залежыць ад колькасці заявак. Падаваць дакументы можна ў бюро руху Салідарнасці «Разам», а таксама ў польскай амбасадзе», –— распавёў сакратар праграмы Каліноўскага Мацей Вільчыньскі.
Стыпендыяльная праграма імя Кастуся Каліноўскага паўстала пасля Плошчы ў 2006-ым. Тады ўлады пачалі помсціць ўдзельнікам пратэсту — звальняць з працы і адлічваць з вучобы. Беларускі апазіцыйны палітык Аляксандр Мілінкевіч звярнуўся да польскага ўраду падтрымаць рэпрэсаваных студэнтаў.
Польскі ўрад за содні распрацаваў і падпісаў праект дапамогі — Праграму Каліноўскага. У першы год польскія ўніверсітэты прынялі 244 каліноўца. Пазней на вучобу штогод ехалі каля 50 чалавек. Летась — толькі 25.
Паводле Белсат