У Беластоку знайшлі чарговую бомбу
На мінулым тыдні ў гэтым жа самым месцы была знойдзена іншая бомба часоў Другой сусветнай вайны, перадае «Польскае Радыё»
У панядзелак падчас працаў па рэканструкцыі вуліцы Цыялкоўскага (Ciołkowskiego) у Беластоку была знойдзеная чарговая бомба часоў Другой сусветнай вайны. Пра гэта паведаміла Анна Кавальская з гарадзкой ўправы Беластока.
Нагадаем, на мінулым тыдні ў гэтым жа месцы была знойдзеная іншая бомба часоў Другой сусветнай, вага якой складала паўтоны. У апошнюю нядзелю была праведзеная акцыя па яе вывазе на вайсковы палігон у Ожышы (Orzysz). Падчас акцыі былі эвакуяваныя каля 10 тысяч жыхароў горада і прыгараду.
Адразу пасля сённешняй знаходкі, як паведамілі гарадзкія ўлады Беластоку, на месца былі скіраваныя сапёры.
Нагадаем, што стары цэнтр Беластоку моцна пацярпеў ад бомбавых удараў цягам Другой сусветнай вайны. Бомба можа адносіцца да баявых дзеянняў у 1941 альбо 1944 годзе.
Паводле «Польскае Радыё»