ЗША: Вызваленне Беларуссю ўсіх палітзняволеных — шлях да нармалізацыі двухбаковых адносінаў
Злучаныя Штаты вітаюць вызваленне беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, заявіла афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Джэніфер Псакі.
Яна нагадала, што ў 2011 годзе Бяляцкі быў узнагароджаны прэміяй амерыканскага знешнепалітычнага ведамства за "абарону ахвяр палітычных
рэпрэсій і іх сем'яў".
Вітаючы вызваленне праваабаронцы, ЗША "паўтараюць свой заклік да ўрада Беларусі неадкладна і безагаворачна вызваліць усіх палітзняволеных і аднавіць іх палітычныя правы".
"Такія дзеянні пракладуць шлях да нармалізацыі адносінаў паміж ЗША і Беларуссю, — заявіла Псакі. — Мы салідарныя з народам Беларусі і пацвярджаем гатоўнасць
дапамагчы яму пабудаваць дэмакратычную, працвітаючую і па-сапраўднаму незалежную еўрапейскую дзяржаву".
Бяляцкі быў вызвалены 21 чэрвеня па амністыі. Знаходзіўся ў зняволенні 1.050 дзён. Быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года і прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі
ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці за ўтойванне даходаў у асабліва буйным памеры.
Падставай для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у Бяляцкага замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Адкрыць рахункі ў Беларусі не
ўяўлялася магчымым, бо праваабарончы цэнтр "Вясна" працуе нелегальна — улады неаднаразова адмаўлялі ў афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі. Суд таксама не прыняў
да ўвагі тое, што ўрон, які нібыта нанёс дзяржаве Бяляцкі, быў поўнасць кампенсаваны за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.
Праваабаронца адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 Бабруйска, ён афіцыйна прызнаны вязнем сумлення. У 2012 годзе, а таксама 2013-м і 2014-м Бяляцкі вылучаўся прэтэндэнтам
на Нобелеўскую прэмію міру. У маі 2013 года быў пераабраны віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH).
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН