Пасольства ЗША ў Мінску ў хуткім часе пашырыць візавыя паслугі для беларускіх грамадзян
Пасольства ЗША ў Мінску ў хуткім часе пашырыць візавыя паслугі для беларускіх грамадзян у сувязі з тым, што чакаецца прыбыццё ў Беларусь шостага амерыканскага дыпламата.
Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрв'ю БелаПАН паведаміў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч, які завяршае сваю працу ў Мінску.
"Штат пасольства павялічыцца з пяці чалавек да шасці, што дазволіць нам мець у складзе яшчэ аднаго амерыканскага супрацоўніка, які будзе займацца консульскімі пытаннямі. Урад
Беларусі пайшоў нам у гэтым насустрач", — сказаў Голдрыч. Паводле яго слоў, новы супрацоўнік пасольства павінен прыбыць у Мінск ужо летам.
"Мы будзем у стане прымаць больш візавых заявак. Пасля прыезду шостага супрацоўніка стануць вядомыя дэталі таго, якія дадатковыя катэгорыі заявак гэта будуць",
— дадаў Голдрыч.
Нагадаем, колькасць супрацоўнікаў пасольства ЗША ў Мінску была скарочаная па настаянні беларускага боку з 35 чалавек да пяці ў сакавіку 2008 года з-за ўвядзення Злучанымі Штатамі
санкцый адносна дзяржканцэрна "Белнафтахім". Неўзабаве пасля гэтага пасол Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў быў адкліканы з Вашынгтона для кансультацый, а Мінск па настаянні
беларускага боку пакінула пасол Карэн Сцюарт. Санкцыі адносна "Белнафтахіма" былі ўведзеныя ЗША ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі.
Арцём Шрайбман, БелаПАН