Беларусы — раскіданыя па свеце

Выхадцы з нашага краю менш за іншых трымаюцца адзін за аднаго. Падобна, што беларусы на чужыне так адаптуюцца да асяроддзя, так зліваюцца з ім, што перастаюць адчуваць сваё карэнне, сваю повязь з роднай зямлёй. Іх дзеці тым больш не маюць патрэбы ў наведванні таго месца, дзе раслі бацькі і паміралі дзяды.

Каляды ў Іркуцку

Каляды ў Іркуцку

Неяк я спынілася на ноч у манастырскім гатэлі Вільні. Пазнаёмілася з дзяўчынай. Яна коратка расказала пра сябе: з сям’і ваеннага, жыла ў Літве, нядаўна перабралася ва Украіну, дзе памёр бацька-лётчык. У Луганск ездзіць да дзядулі, удзельніка вайны. Прагучала фраза, што дзед лічыць сябе ўкраінцам, бо доўга там жыве.

Гэтае «лічыць» мяне зацікавіла, і я занялася ўлюбёнай справай — роспытамі. Адкуль дзядуля родам? З Гомельшчыны. А бабуля? З Магілёўскай вобласці. Аднекуль пераязджалі? Не, іх продкі там жылі здаўна.

Прыехалі! Забыцца, дзе табе абразалі пупок, — як гэта падобна на беларуса! Тлумачу дзяўчыне: «Твой бацька быў чыстым беларусам, а ты — беларуска напалову». Глядзіць няўцямна блакітнымі вачыма — першы раз пачула. Перадавай, кажу, прывітанне дзеду, і скажы, што радзіму змяніць можна, а нацыянальнасць не мяняецца.

Прыклад другі, з аўтабіяграфіі сусветна вядомага віяланчэліста. Піша ён пра сваю габрэйскую радню з Ваўкавыскага раёна, што пацярпела ад нацыстаў. Адну дзяўчынку падчас акупацыі схавалі ў сябе «рускія суседзі», а потым «рускія паліцаі» яе знайшлі і забілі. Ясная справа, з радзімы звезлі малым, потым Масква, эміграцыя ў ЗША… Новае асяроддзе, доўгае жыццё, багатае на падзеі і выпрабаванні. Але каб так заблытацца ў геаграфіі! Каб такую мець таўконку ў ра­зумнай галаве!..

Студэнткаю я на Лагойшчыне, дзе тады жыла, запісвала народныя песні. (Заданне такое мелі на першым курсе.) Бабка Паўліна іх шмат ведала. Запяяла адну з рускамоўнай лексікай, давялося яе перапыніць: не трэба гэтую, яна руская… Бабка памаўчала і пытаецца: «А тыя — якія?»

Бабцы даравальна, яна непісьменная… І ці толькі яна ў вёсцы не ўсведамляла, на якой мове пяе і гаворыць?

Вёска заўсёды была носьбітам спрадвечнай, аўтэнтычнай беларускасці. Усё беларускае ў ёй няўхільна выцяснялася, пачынаючы з вайны. У першыя тыдні пасля нападу гітлераўцаў вярталіся на бацькоўскія сялібы гараджане, якія паспелі «хапнуць» рускамоўя. У час акупацыі аказалася на нашай зямлі нямала армейскіх акружэнцаў і «засланцаў» — разведчыкаў і дыверсантаў. Разам з мясцовымі партыйцамі і партызанамі іх пасля паставілі ў нашых гарадах і раёнах на кіруючыя пасады. Так што гераічная «партызанка» нас добра-такі разбавіла — не горш, чым пасляваенная палітыка стварэння штучнага «савецкага народа».

Сям'я Верамеяў

Сям'я Верамеяў

Успамінае зямляк: «У Гаравых Якубавічах жылі дзве адзінокія сяброўкі, дзеўкі-векавухі Надзя Саўрыцкая і Валя Верамей. Яны часта збіраліся і спявалі. І што мяне здзіўляе: ніводнай беларускай песні ў іх рэпертуары я не чуў. Саратаўскія частушкі, якіясь прыпеўкі, «Вот кто-то с горочки спустился» і да таго падобнае».

Як пераймалі на вёсцы «рускі дух»? Праз радыё, спеўнікі, канцэрты і ад носьбітаў рускай культуры. Бабка Паўліна захавала аўтэнтыку, бо ўсё названае прайшло міма яе.

Перасаджаныя на чужую глебу беларусы лёгка трацілі ідэнтычнасць, лёгка забываліся пра сваё.

На прыкладзе якубаўскай сям’і бачна, як раствараліся на бясконцых расійскіх прасторах нашы людзі.

Мікалай Емяльянавіч Верамей, старэйшы сын згаданай Паўліны, пакінуў дом у 1939 годзе, мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Пасля ранення пад Смаленскам яго лячылі ў шпіталях Масквы, Казані, Іркуцка. У пачатку 1943-га трапіў у склад запасной брыгады ў Іркуцкую вобласць, дзе служыў начальнікам вучэбнага штаба, удзельнічаў у баях з Японіяй. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені. Дэмабілізаваўся ў 1948-м у званні капітана.

veramei__2__logo.jpg


Беларус ажаніўся з медсястрой Нінай, якая яго лячыла. Пасялілася маладая сям’я на радзіме жонкі — станцыі Дуван Башкірскай АССР. Мікалай з 1949 года працаваў выкладчыкам фізкультуры, ваенруком, трэнерам па лыжах у мясцовым сельскагаспадарчым тэхнікуме. 12 яго выхаванцаў атрымалі званне майстроў спорту. Працу сваю вельмі любіў, яго паважалі падапечныя, ды на пенсію выйшаў ранавата: адкрыліся старыя раны.

Ніна Чыгвінцава таксама была старшай у шматдзетнай сям’і. З яе біяграфіі мы даведваемся пра бурныя падзеі на башкірскай зямлі пасля рэвалюцыі: кулацкае паўстанне, у якім ледзь не загінулі бацькі, голад 1930-х гадоў… Дзед, Мацвей Дзмітрыевіч, скончыў сельгасшколу і адзін з першых у Башкірыі атрымаў ордэн Чырвонага Працоўнага Сцяга. (Паводле Сяргея Верамея.)

Сям'я Верамеяў


Тыповая для простага беларуса гісторыя… Жыў, гадаваў дзяцей, урастаў у іншы соцыум… На Беларусь не прыязджаў ні адзін, ні з блізкімі. Перапіска не заладзілася, бо з-за непісьменнасці родзічаў не было каму з ім ліставацца. Пра смерць маці хутчэй за ўсё не паведамілі.

Пасля 80-ці гадоў заныла ў ветэрана сэрца. На Дзень Перамогі, скарыстаўшыся бясплатным праездам, цягніком падаўся ў Мінск. Пазнаёміўся з пляменнікамі, расказаў пра сябе. І што мяне здзівіла — усё пра ўсіх памятаў! Адыходзячы на службу, прыхапіў з сабой фотакарткі бацькі, братоў і сясцёр, пранёс іх праз вайну, захаваў да канца дзён (як адчуваў, што ніколі больш іх не пабачыць). На адным здымку — малады бацька Емяльян. З шашкай — значыць, кавалерыст царскай арміі. Загінуў, меркавана, у Курапатах. Вёска знаходзілася паблізу старой польска-савецкай мяжы, дзе ўсіх пагалоўна мужчын забіралі і знішчалі як «польскіх шпіёнаў».

Беларусы ў Башкірыі

Беларусы ў Башкірыі

А колькі беларускай моладзі назаўсёды з’ехала на цалінныя землі?

Яскравы прыклад — другі сын Паўліны, Валодзя, якога мясцовыя звалі Палкоўнікам. Ён збудаваў у Якубавічах хату пры гары — балазе, умеў сталярыць. Паддаўшыся агітацыі, сам праехаўся ў Казахстан, агледзеўся, потым забраў сям’ю. Як там жылі — звестак нуль. Даведаліся толькі, што памерла жонка, Цімохава Волька. Ні ён, ні дзеці болей не абзываліся, нітачка роднасці была абарваная.

Меншую Паўлініну дачку, чарнявую, прыгожую Яніну, занесла ў горад Нікель, што ля Мурманска. Трохі пісала, прыязджала раз на пяць гадоў, пакуль, зноў жа, сувязь не перапынілася. Ніхто не ведае даты смерці і месца пахавання, лёсу яе сына.

Яшчэ адна дачка, Надзя, выйшла за партызана са спецатрада «Дзімы» Пятра Трашкова (імя гэта можна знайсці ў сувязі з ліквідацыяй Кубэ — падрыўнік перадаваў міну Марыі Осіпавай і вучыў ёю карыстацца). Пераехалі ў Гродна, са сваімі кантактавалі рэдка. Такім чынам дома засталася адна замужняя дачка Каця, і бабуля гадавала яе пяцёх дзяцей.

Заўважце: у гэтай сям’і ніхто нікога не шукаў. Крэўныя сувязі беларусаў лёгка рвуцца пры ўсталяванні адлегласці — нават родныя браты і сёстры становяцца як чужыя. Што ўжо казаць пра родзічаў другой, трэцяй стрэчы! Такая з’ява наводзіць на роздум і патрабуе свайго асэнсавання.

Цаліна

Цаліна


Агітацыя за асваенне цалінных земляў ішла праз парткамы і райкамы камсамола. На дзяржаўным узроўні ствараўся арэол рамантыкі, гераізаваўся намер кінуць усё і падацца на край свету будаваць светлае будучае. «Вьётся дорога длинная, Здравствуй, земля целинная…» Па-рознаму складаліся лёсы, але дамоў вярталіся нямногія.

У 1958 годзе выправіўся ў Казахстан па камсамольскай пуцёўцы і Дзмітрый Лявончык. Умовы былі вельмі выгаднымі: бясплатны праезд туды і назад, 50% зарплаты па месцы ранейшай працы плюс усё, што заробіш. Трапіў на какчытаўскі элеватар. Спалі проста ў зернясховішчы на драўляных насцілах, працавалі пазменна па 12 гадзін у суткі. Элеватар не спраўляўся чысціць і сушыць зерне, яго ссыпалі ў бурты. На бурты выпадаў снег, тады зерне прэла, гінула. «Бесталкоўшчына, — каментуе Дзмітрый Дзмітрыевіч. — Замест таго, каб падымаць Расію, пракладваць дарогі, яны разорвалі выпасы казахаў».

Я спытала, хто з ім працаваў увесь гэты час. «У адной брыгадзе былі эстонцы, пензенцы і мы, камсамольцы з Мінска і Барысава. Жылі дружна. Ніводнай бойкі за чатыры месяцы, ніводнай кражы. Усе нашы заробленыя грошы ляжалі ў незамкнёных чамаданах. Усе размаўлялі па-руску, ніхто тэму нацыянальнасці не кранаў».

Караганда. Вуліца Леніна

Караганда. Вуліца Леніна

Вярнуўшыся, Лявончык вывучыўся ў аэраклубе на лётчыка… і зноў узяў курс на Какчытаў. Спадабалася яму там. Скончыў фізфак Карагандзінскага педінстытута, меў сям’ю, прэстыжную пасаду і прыстойны заробак... Праз 20 гадоў кінуў усё і вярнуўся дадому, на Беларусь. Чаму? «А на радзіму пацягнула», — такім быў кароткі адказ.

Не ўсё сказаў Лявончык. У яго былі непрыемнасці на асабістым фронце. Такім чынам, ведаю ўжо два выпадкі, калі беларусаў «цягне» на радзіму: а) калі смерць на парозе; б) калі бурыцца сям’я.

Уся дзяржаўная палітыка Савецкага Саюза скіроўвалася на перамешванне этнасаў у адным вялікім плавільным катле. Прыкладаў далёка шукаць не трэба. Мой брат Мікалай Каржанеўскі ў вучылішчы пры Светлагорскім хімкабмінаце набываў спецыяльнасць электраслесара. У сярэдзіне 1970-х на камбінаце адбылося скарачэнне вытворчасці, выпускнікам прапануюць на выбар… Барнаул на рацэ Об і Балахова на Волзе. «Па жаданні, — падкрэслівае брат. — Ніхто сілком не прымушаў». Выехалі сто чалавек з выпуску — тры групы.

Барнаул

Барнаул

«Ніхто не ведаў, дзе гэты Барнаул. Думалі, што едзем «на юг», бо гэта ж Паўднёвая Сібір. Выбраліся ў лёгкіх плашчыках, а праз трое сутак выйшлі з вагонаў у снежную буру, якая там завецца пургою. Інтэрнатаў не хапала, і нас часова засялілі ў жаночы».

Практыку беларусы праходзілі на хімкамбінаце, дзе выпускалі капронавыя ніці, з іх выраблялі тканіну. Стаяў ён на беразе ракі Об. Туды ж, натуральна, ішлі забруджаныя сцёкі. Халодная і бурная гэтая Об, бо сцякае з алтайскіх леднікоў. Алтайскія горы — маладыя, гэта не Урал, што пераедзеш і не заўважыш…

Клімат там кантынентальны: 1 мая яшчэ гурбы на вуліцы, а 9-га ўжо сапраўднае лета. Роўна да 1-га верасня. Каландзінскі стэп, землі цалінныя: па чыгунцы едзеш, як па моры — толькі пшаніца іграе хвалямі…

Насельніцтва стракатае: беларуская дыяспара (з ткачыхамі ўключна), цэлы інтэрнат карэйцаў (невядома якога паходжання), нямецкія вольныя пасяленні, гарадок былых зэкаў на пасяленні, інтэрнат глуханямых (гэта, як вы разумееце, не нацыянальнасць). На вуліцах можна было бачыць карэнных жыхароў — горцаў з кінжаламі і баранамі, яны (горцы) смажылі шашлыкі. Наколькі я разабралася, гэта былі прадстаўнікі карэннага паўночнаалтайскага этнасу.

З карэйцамі беларусы паладзілі, каштавалі іх вострыя стравы. З мясцовымі не мірыліся. Здараліся такія заварушкі, што ў горадзе спыняліся трамваі. Пасля заключылі мір і пачалі ваяваць большымі суполкамі — раёнамі.

У якасці сямейнага анекдота помніцца гісторыя пра воўчую даху. Двухбаковае футра, дзе мех і знутры, і звонку, брат купіў на мясцовай барахолцы за горадам. Надта цёплая рэч, адно кепска: ад хлопца шарахаліся коні, а ў трамваі даха невыносна патыхала псінай.

Па завяршэнні практыкі брат атрымаў чырвоны дыплом і яшчэ паўтара гады працаваў на камбінаце, пакуль не ўзялі ў армію. Усю службу адседзеў у ракетнай шахце ў Маскве. Адслужыўшы, вярнуўся да бацькоў у Плешчаніцы. У адваротным выпадку наша маці гэтаксама магла больш не ўбачыць сына, як не пабачыла сваіх Паўліна Верамей.

Многія хлопцы з таго выпуску, адслужыўшы, павярталіся назад у Барнаул, дзе і аселі.

Мурманск

Мурманск


Мікалая Кавэцкага з Янушкавічаў служба занесла ў Запаляр’е, адкуль на радзіму цягнула неадольнай сілай. Служыў ён пры авіяпалку ў Мурманску. Суровы край, дзе паўгода зіма, хлопцу спадабаўся. Зачапіўся за разанскую дзяўчыну, скончыў тэхнікум. Там прайшло ўсё сталае жыццё.

Нарадзіўся Кавэцкі ў вайну, рос сіратою. Бацьку-партызана, як расказвала маці, у лесе падстрэлілі яго ж таварышы. Памятаюць Колю як «небальшэнькага і крэпенькага». Характару быў лёгкага, апекаваўся малодшымі зводнымі сёстрамі. Са школы займаўся спортам, быў капітанам зборнай па валейболу. Пакуль асвойваў будаўнічую спецыяльнасць у Мінску, займаўся скокамі ў ваду. Дадому дабіраўся на ровары.

З Мурманска наведвацца часта ён не мог: авіяпералёты заўжды былі нятаннымі. Чыгункай пасылаў будматэрыялы ў кантэйнерах на рамонт хаты. Прывёз неяк на Беларусь жонку — пазнаёміць з блізкімі, паказаць сцежкі дзяцінства. Малую дачушку браў з сабой на возера. Сам з даўнім сябрам млеў у цянёчку ды пацягваў піва пад сушаную рыбу, а іх дзеці «плёскаліся ў гразі». Белая, як цявіна ў склепе, дзяўчынка за лета загарэла не горш, чым на поўдні.

Не тое гэтая паездка, не тое іншая скончылася эксцэсам. А ўсё з-за настальгіі па самагонцы! З цукрам тады народ меў праблемы. Купіў Коля ў Лагойску штучнага мёду, дрожджы, яго дружбак Міша Саўрыцкі заквасіў усё гэта і выгнаў шэсць літраў самагонкі (ён жа весела пра гэта і расказвае). Кавэцкі меў план пранесці фірмовы «прадукт» на борт. Не атрымалася: забаронены груз выявілі і забралі. Гразіліся санкцыямі. Сядзіць панылы мужык у кабінеце начальніка змены, ажно прыбягае сцюардэса: няма пасажыра!

«Дайце хоць стакан выпіць!» — узмаліўся Мікалай. Налілі шклянку — пайшла лёгка. Аджалелі яшчэ адну. Да трапа пабег шчаслівы.

Мне ўспомнілася аналагічная дарожная гісторыя. Грузінскія сябры падчас літаратурнай паездкі ўпёрлі мне на дарогу бутэльку чачы. Мне яна без патрэбы, але ж памятала, што дома свой янушкавец.

Падчас праверкі ў аэрапорце «падарунак» знайшлі і выпісалі мне штраф у 25 рублёў. Сума істотная, адкуль яе ўзяць? У мінскай прыяцелькі грошай таксама не аказалася. І тады міліцыянер сам выпісвае штраф і сам, сваімі грашыма, яго аплочвае. З дому я адправіла ў Тбілісі перавод і запомніла не столькі казус, колькі высакародны ўчынак грузіна.

…На Поўначы, дзе атабарыліся перасяленцы з усяго СССР, Кавэцкі адзін развёў падсобную гаспадарку: трымаў парасят і трусоў. А паколькі вёў працу ў школе, то сябраваў з дзецьмі. Вучні да настаўніка хадзілі як у заапарк, і кожны прыносіў для гадаванцаў штось ядомае. Цікава ж не толькі паглядзець, пагладзіць, але і даць ежу з рукі!

Што адметна: Мікалай перацягнуў у Мурманск сястру, якая мела праблемы з мінскай прапіскай. «Ты ў нас пасля гандлёвага тэхнікума лёгка знойдзеш працу», — запэўніў брат. Галя знайшла не толькі працу, але і мужа. Пажылі нядоўга, бо паводзінамі ён нагадваў Галінага бацьку Алёшачку. «Так, як мама, я жыць не буду!» — задоўга да замужжа рашыла для сябе дзяўчына. Не айчымам, а найлепшым бацькам для яе сына стаў афіцэр авіяцыі, выпускнік Маскоўскай ваеннай акадэміі. І трэба ж было зоркам сысціся так, што таго па службе перавялі ў Беларускую акругу — у Мачулішчы! Толькі таму пенсіянерка Галя мае магчымасць сёння ўрабляць бацькоўскі палетак у роднай вёсцы.

Смерць скасіла Кавэцкага на хаду, у 50 гадоў. Перавезці яго цела на бацькаўшчыну не змаглі. Занадта дорага. Куды даражэй, чым проста па білеце. Пахавалі ў скале, папярэдне яе ўзарваўшы. Звычайная практыка ў тых краях…

Не забыўся пра Беларусь Іосіф Іванавіч Сарока, ураджэнец вёскі Мышкавічы, малодшы брат нашага настаўніка-гісторыка. Яго бліскучая кар’ера пачалася з Адэскага пагранвучылішча, потым скончыў ваенную акадэмію імя Фрунзе ў Маскве. Дзесяць гадоў служыў на мяжы з Кітаем, быў начальнікам пагранзаставы на паўвостраве Даманскі, трапляў у палон… Стаж вайсковай службы — 54 гады. Па такіх біяграфіях здымаюць прыгодніцкія серыялы.

Палкоўнік у адстаўцы, доктар пагранічных навук, прафесар, акадэмік Міжнароднай акадэміі інфармацыі і паграналогіі… Дзясяткі ўзнагарод, дзясяткі ганаровых грамат! Сыны — таксама вайскоўцы. Уладзімір мае званне маёра, Алег — палкоўнік, абіраўся ў Дзяржаўную Думу Расіі.

Іосіф Іванавіч не забывае ні родную зямлю, ні родныя магілы. Прыязджаў з сынам на юбілей пляменніцы Святланы, штогод адпачывае ў беларускіх санаторыях.

Аляксандр Гілевіч  выступае на мітынгу ў Цхенвале. 1990 год.

Аляксандр Гілевіч выступае на мітынгу ў Цхенвале. 1990 год.

Прыклад адданасці сваёй малой радзіме паказвае яшчэ адзін адстаўнік — Аляксандр Гілевіч, малодшы брат знакамітага народнага паэта. Вы шмат ведаеце выпадкаў, каб афіцэр, не чакаючы гарадской кватэры, пасяліўся ў вёсцы? Каб бавіў свой час не на рыбалцы, а ў архівах і бібліятэках? Каб на любым месцы службы не хаваў сваёй беларускасці?

Наша гаворка з Аляксандрам Сямёнавічам адбылася ў сценах Нацыянальнага гістарычнага архіву, дзе краязнаўца і патрыёт шукае дакументы па гісторыі сваёй малой радзімы — Гаеншчыны і Лагойшчыны. На маніторы камп’ютара якраз вісеў здымак Янушкаўскай Багародзічнай царквы, што падалося мне добрым знакам. Яшчэ раней атрымала я ад жонкі Міколы Гіля брашурку — даследаванне гісторыі Слабады, напісанае Аляксандрам на аснове архіўных крыніц. У пачатку вёскі знаходзіцца абсталяваны стэнд — быццам маленькі музей пад адкрытым небам для прыезджых ці не абазнаных.

Якія высновы можна зрабіць з усіх гэтых жыццёвых гісторый?

Каляды ў Іркуцку

Каляды ў Іркуцку

Мне дапаможа адна газетная публікацыя — інтэрв’ю з кіраўніком беларускай дыяспары ў Іркуцку Алегам Рудаковым. У Сібір нямала ссылалі беларусаў у 1930-я гады, а з Заходняй — пасля вайны. 1 сакавіка 1954 года прыбыў першы эшалон з цаліннікамі. Цяпер у горадзе прыкладна 7 тысяч беларусаў, у вобласці — каля 50 тысяч.

«У асноўным філасофія нашага чалавека за мяжой такая: «Я ведаю, што я беларус, але нікому пра гэта не скажу», — гаворыць Рудакоў.

На жаль, гэта праўда. Выхадцы з нашага краю менш за іншых трымаюцца адзін за аднаго. Падобна, што беларусы на чужыне так адаптуюцца да асяроддзя, так зліваюцца з ім, што перастаюць адчуваць сваё карэнне, сваю повязь з роднай зямлёй. Іх дзеці тым больш не маюць патрэбы ў наведванні таго месца, дзе раслі бацькі і паміралі дзяды. Гэта феномен, можа, дапамагае выжываць фізічна, але мяняе ідэнтычнасць: душа зыначваецца, перастае быць адметнай, самадастатковай, беларускай. Так бывае ў міжасабовых адносінах і ў псіхалогіі называецца зліццём: я такі ж, як ты, я свой у дошку, хіба можна на мяне нападаць?

Адсюль знаёмая папулісцкая песня пра «адзін народ», якая ў апошні час гучаць, дзякуй Богу, перастала. Гавораць ужо асцярожней (з аглядкай на ўкраінскія падзеі), называюць рускі народ «блізкім» і «братэрскім». Назіраецца ўсё ж нейкі (ці не запознены?) прагрэс у самаідэнтыфікацыі.

Фота прадстаўленыя аўтаркай артыкулу