Бэнджамін Франклін: чалавек, які асьвятліў сьвет, а сёньня грэе кішэні выявай на далярах
Франклін зьяўляецца адной з найвыдатных асобаў амэрыканскай гісторыі, чалавекам, чый уплыў распаўсюджваецца далёка за межы краіны, якую ён дапамагаў стварыць. Вынаходнік, дыплямат, бацька-заснавальнік. Нездарма на 100-даляравай купюры яго партрэт.
![Бэнджамін Франклін Бэнджамін Франклін](/img/v1/images/2_863.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Бэнджамін Франклін
«Кажы толькі тое, што можа прынесьці карысьць іншым або табе самому, пазьбягай дробязных размоваў» — Бэнджамін Франклін.
Шлях да велічы
Бэнджамін Франклін нарадзіўся 17 студзеня 1706 года ў Бостане і быў пятнаццатым з сямнаццаці дзяцей. Яго бацька, Джосая Франклін, быў вытворцам мыла і сьвечак. Нягледзячы на сьціплую фармальную адукацыю, якая спынілася, калі яму было ўсяго дзесяць, Франклін пачаў нястомную пагоню за ведамі.
Ва ўзросьце дванаццаці гадоў Франклін стаў вучнем свайго брата Джэймса, друкара і выдаўца New-England Courant. Ён узяў псэўданім Місіс Сайлэнс Догуд, пад якім напісаў чатырнаццаць лістоў, якія хітра падсунуў пад дзьверы рэдакцыі газэты яго брата. Гэтыя лісты, напоўненыя іроніяй і сатырай, былі апублікаваныя з наступным вялікім розгаласам.
У 1723 годзе, ва ўзросьце сямнаццаці гадоў, Франклін пакінуў сям'ю і навучаньне ў Бостане, і перабраўся ў Філадэльфію, якая ў той час станавілася інтэлектуальным і культурным цэнтрам амэрыканскіх калёніяў. Але, па яго словах, Бэнджамін прыехаў туды бедным маладым чалавекам, які сьціскаў пад пахай тры булкі хлеба.
Да 1729 года Франклін ужо ва ўсю працаваў у Pennsylvania Gazette, ператварыўшы яе ў адну з самых уплывовых газэтаў у калёніях. Як друкар і выдавец, Франклін адстойваў справу свабоды слова і інфармацыі, тыя самыя прынцыпы, якія пазьней будуць замацаваныя ў Канстытуцыі Злучаных Штатаў.
![Pennsylvania Gazette Pennsylvania Gazette](/img/v1/images/4_684.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Pennsylvania Gazette
Навуковец, які выратаваў тысячы жыцьцяў
Рэпутацыя Бэнджаміна Франкліна як дзяржаўнага дзеяча і інтэлектуала спалучаецца зь яго прызнаньнем як навукоўца і вынаходніка.
Самым легендарным з навуковых подзьвігаў Франкліна, несумненна, зьяўляецца яго дасьледаваньне электрычнасьці. У сярэдзіне XVIII стагодзьдзя электрычнасьць была малазразумелай зьявай, і назіралася часьцей у праявах навальніцаў, чым у кантраляваных умовах. Эксперымэнты Франкліна, у тым ліку знакаміты эксперымэнт з паветраным зьмеем, праведзены ў чэрвені 1752 года, мелі вялізнае значэньне ў зьмяненьні гэтага.
У гэтым эксперымэнце Франклін запусьціў паветранага зьмея падчас навальніцы, ён выкарыстоў ключ, прывязаны да ніткі паветранага зьмея, які адводзіў электрычныя зарады ад навальнічных хмараў. Гэтым самым ён прадэманстраваў, што маланка была формай электрычнасьці. Такое адкрыцьцё зьмяніла існыя на той час тэорыі і адкрыла новыя магчымасьці для разуменьня і выкарыстаньня гэтай таямнічай сілы.
![Знакаміты эксперымэнт Знакаміты эксперымэнт](/img/v1/images/3_758.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Знакаміты эксперымэнт
Абапіраючыся на гэтыя высновы, Франклін вынайшаў громаадвод. Гэтае простае, але геніяльнае прыстасаваньне складалася з мэталічнага стрыжня, які быў прымацаваны да даху будынка і зазямлены дротам, які ішоў да зямлі. Ён быў прызначаны для абароны дамоў ад разбуральнай сілы маланкі, бясьпечна скіроўваючы яе ў зямлю.
Громаадвод імгненна стаў посьпехам, і атрымаў шырокі распаўсюд у калёніях і Эўропе, што значна зьнізіла колькасьць пажараў, выкліканых ударамі маланкі.
Іншым значным укладам Франкліна было вынаходніцтва біфакальных акуляраў. З узростам Франклін стаміўся праз неабходнасьць пераключацца паміж дзьвюма парамі акуляраў — адной для чытаньня і другой для адлегласьці. Ён прыдумаў выйсьце — разрэзаў лінзы абедзьвюх параў па гарызанталі і зьмясьціў іх разам у адну аправу, што дазваляла бачыць як зблізку, так і здалёк. Біфакальныя акуляры, якія зьявіліся ў 1780-х гадах, застаюцца ў выкарыстаньні і сёньня.
Глядзіце таксама
![Чаму Джордж Вашынгтан стаў тым, кім мы яго ведаем? Джордж Вашынгтан: як рабаўладальнік і плянтатар стаў стваральнікам новай нацыі](/img/v1/images/3_726.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Рэвалюцыянэр і дэмакрат
Ролю Франкліна ў фармаваньні галоўных дакумэнтаў Злучаных Штатаў немагчыма паставіць пад сумнеў. Ён быў сябрам Камітэта пяці, прызначанага Кантынэнтальным кангрэсам для распрацоўкі праэкта Дэклярацыі незалежнасьці ў 1776 годзе. Нягледзячы на тое, што Томас Джэфэрсан напісаў першы праэкт, уплыў Франкліна быў адчувальным.
Прапанова Франкліна замяніць арыгінальную фразу Джэфэрсана «Мы лічым гэтыя ісьціны сьвятымі і бясспрэчнымі» на «Мы лічым гэтыя ісьціны самавідавочнымі» падкрэсьлівала погляд эпохі Асьветніцтва на веды і праўду.
Пазьней, ва ўзросьце 81 года, Франклін быў самым узроставым дэлегатам Канстытуцыйнага зьезда 1787 года, дзе была распрацаваная Канстытуцыя ЗША. І тут яго роля была больш скіраваная на фармаваньне асноўных прынцыпаў. Заклікі Франкліна да кампрамісу мелі вырашальнае значэньне, асабліва падчас дэбатаў аб прадстаўніцтве штатаў у новым урадзе і балянсе сілаў. Уплыў Франкліна дапамог сфармаваць «Вялікі кампраміс», які прапаноўваў двухпалатны заканадаўчы орган з прапарцыйным прадстаўніцтвам у ніжняй палаце і роўным прадстаўніцтвам у верхняй палаце. Як загадаў Бэнджамін, так і дзейнічае па сёньня ў Палаце Прадстаўнікоў і Сэнаце ЗША.
![1_948.jpg 1_948.jpg](/img/v1/images/1_948.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дыплямат і ўплыў на Касьцюшку
Мабыць, найбольш істотны ўклад Франкліна ў амэрыканскую справу быў зроблены ў сферы міжнароднай дыпляматыі. Яго місія ў Францыю з 1776 па 1785 гады была ўзорам дыпляматыі і асабістай харызмы, што прывяло да надзвычай неабходнай падтрымкі Францыяй Амэрыканскай рэвалюцыі. Прыбыцьцё Франкліна ў Парыж было сустрэтае зь вялікім энтузіязмам — яго рэпутацыя навукоўца і філёзафа надала яму статус знакамітасьці, які ён умела выкарыстаў, каб заваяваць падтрымку сваёй місіі.
Знаходжаньне Франкліна ў Францыі прадугледжвала складаныя перамовы і стварэньне франка-амэрыканскага альянсу. Дамовы аб сяброўстве і гандлі былі падпісаны паміж Францыяй і Амэрыкай, што дазволіла аформіць французскую ваенную і фінансавую падтрымку, якая апынулася вырашальнай у перамозе калёній над Брытаніяй.
Тут жа, у часы Франкліна, у Францыі праходзіў ваеннае навучаньне будучы герой Беларусі і ЗША Тадэвуш Касьцюшка. Амаль не існуе дакумэнтальных сьведчаньняў іх сувязі, але безумоўным зьяўляецца вырашальны ўплыў асобы Франкліна на погляды і далейшую дзейнасьць Тадэвуша.
![Выява 1914 года 100 даляраў ЗША Выява 1914 года 100 даляраў ЗША](/img/v1/images/100_6.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Выява 1914 года 100 даляраў ЗША
Кульмінацыяй намаганьняў Франкліна стала Парыжская дамова 1783 года, у перамовах па якой Франклін непасрэдна дапамагаў. Гэтая дамова афіцыйна паклала канец Вайне за незалежнасьць і прызнала незалежнасьць новай дзяржавы. Умовы перамоваў былі надзвычай спрыяльнымі для Злучаных Штатаў і азначалі значную дыпляматычную перамогу.
17 красавіка 1790 года Бэнджамін Франклін спачыў у Філядэльфіі, а з 1914 года яго выява знаходзіцца на такіх запаветных купюрах наміналам у 100 даляраў.
Глядзіце таксама
![Ці здрадзіў Касьцюшку прэзідэнт Джэфэрсан? Як трэці прэзідэнт ЗША Джэферсан сябраваў з Тадэвушам Касцюшкам](/img/v1/images/thomas_jefferson_the_father_of_the_declaration_of_independence.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)