Чаму мы павінны ведаць, хто такі Міхал Клеафас Агінскі?
Сёння, 25 верасня, з нагоды дня нараджэння ТГ-канал Адмыслова ўзгадвае Міхала Клеафаса Агінскага – нашага дзяржаўнага дзеяча, удзельніка вызвольнага паўстання Касцюшкі і аўтара, бадай, самага вядомага ў свеце беларускага музычнага твора — Паланэза №13, больш вядомага як «Развітанне з радзімай».
Міхал Клеафас з’яўляецца выдатным прыкладам асобы эпохі Асветніцтва: нягледзячы на тое, што Міхал быў спадкаемцам буйнога княжацкага роду і яго вялікай маёмасці — то-бок меў магчымасці не рабіць наогул нічога ў жыцці, бо грошай усё роўна хапіла б на што заўгодна — яго ад нараджэння рыхтавалі дзеля дзяржаўнай працы. Так ён атрымаў рознабаковую адукацыю, і ўжо ва ўзросце 20 год быў абраны на першую дзяржаўную пасаду. Пасля ён хутка зробіць бліскучую кар’еру дыпламата, вопыт якой будзе вельмі запатрабаваны ў будучыні.
Дзеля захавання сваёй маёмасці пасля падзелу Рэчы Паспалітай ён дасць прысягу Кацярыне ІІ, але ўжо праз некалькі год прыме заўважны ўдзел у паўстанні Касцюшкі, дзе на ўласныя грошы падрыхтуе вялікі атрад паўстанцаў, разам з якімі будзе ўдзельнічаць у баях. Паўстанне зазнае паразу, маёнткі Агінскага забярэ расейская дзержава, а сам Міхал Клеафас эмігруе ў Еўропу.
Пазней, пасля амністыі ад Аляксандра І, Агінскі вернецца на радзіму, дзе будзе жыць у маёнтку Залессе, што ў Смаргонскім раёне. Дыпламатычнымі шляхамі ён паспрабуе ўзнавіць ВКЛ як аўтаномію ў складзе імперыі, але праект не будзе прыняты імператарам (у тым ліку праз тое, што праект прадугледжваў скасаванне прыгоннага права на тэрыторыях адноўленага ВКЛ — на паўстагоддзя раней, чым тое адбудзецца ў імперыі), пасля чаго Агінскі фактычна завершыць сваю палітычную кар’еру.
Напрыканцы жыцця Агінскі зноў паедзе ў Еўропу, дзе будзе займацца збольшага справамі, звязанымі з музыкай. У 68 гадоў сустрэне смерць у Фларэнцыі, яго пахаваюць у мясцовым пантэоне Санта-Крочэ (там спачываюць, напрыклад, Галілей, Дантэ і Мікеланджэла).
Дык чаму ж мы павінны ведаць, хто такі Міхал Клеафас Агінскі? Па-першае, таму што ён наш дзяржаўны дзеяч, яго праект аднаўлення ВКЛ дэманструе палітычныя погляды Агінскага: на гэтай тэрыторыі (былога ВКЛ) павінна быць асобная дзяржава, бо гэта не Польшча і гэта не Расея.
Па-другое, Міхал Клеафас — наш культурны дзеяч. Акрамя іншых даволі папулярных у свой час музычных твораў, ён стварыў той самы паланэз «Развітанне з Радзімай», які стаў сведчаннем яго цёплых пачуццяў да Радзімы перад усім светам, а для свету — культурным сведчаннем пра існаванне той, таксама і нашай Радзімы.
Па-трэцяе, як ужо напісана вышэй, Агінскі — асоба Асветніцтва. Ён атрымаў адукацыю не дзеля адукацыі, але дзеля таго, што інакш не магло быць: нашчадак княжацкага роду павінен быць адукаваным, каб спраўна служыць сваёй краіне і яе людзям. І Міхал Клеафас Агінскі служыў сваёй Радзіме.