Полацкі пажарнік знайшоў у рацэ меч, якому больш за паўтысячагоддзя

У рацэ Заходняя Дзвіна полацкі пажарнік знайшоў меч XV–XVI стагоддзя.

mech1.jpg

Унікальную знаходку зрабіў пажарнік Полацкага аддзела МНС Аляксандр Брыль. Гэта здарылася ў жніўні гэтага года падчас падводнай рыбалкі.

У рацэ Заходняя Дзвіна на глыбіні каля 3 метраў на ўчастку паміж мостам у раёне Запалоцця і вёскай Чарнешчына пажарнік знайшоў меч часоў Вялікага Княства Літоўскага.

Аляксандр Брыль прыгадвае, як знайшоў меч, піша brestcity.com

— Вырашыў парыбачыць, пашукаць сома на глыбіні, а тут такая знаходка! Выцягнуў, адразу думаў, што гэта навадзел, але затым пачытаў. Аказалася, што зброя часоў Сярэднявечча.

Пазней Аляксандр аднёс меч на працу. І начальнік Полацкага падраздзялення МНС Сяргей Аваднеў перадаў яго ў музейны збор Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.

Цяпер, пакуль меч стане экспанатам, яму яшчэ неабходна прайсці інвентарызацыю, навуковае вывучэнне і рэстаўрацыю.






Рэстаўратар Аляксандр Волкаў кажа:

Знаходка вельмі цікавая, раней у нас такіх не было. Гэта своеасаблівая пячатка часу. Агульная даўжыня мяча — 128 сантыметраў, вага прыкладна 1,6 кілаграма. У выніку даследавання хімічнага складу мяча ўстаноўлена, што лязо і гарда выраблены з загартаванай высокавугляроднай сталі, а наверша — з незакончанага жалеза. Матэрыялам для вырабу інкрустацыі стала двухкампанентная латунь без дадатковага прымешку.

Рэстаўратар Аляксандр Волкаў дадаў, што работы па рэстаўрацыі і вывучэння музейнага прадмета працягваюцца.


Паводле  brestcity.com