Сенсацыйная знаходка на раскопках у Старым Менску

На раскопках у Старым Менску сенсацыя — знойдзены аскепак гаршка, якому дзесяць стагоддзяў.

Фота са старонкі Глеба Лабадзенкі

Фота са старонкі Глеба Лабадзенкі

Пра знаходку часоў Ізяслава паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку Глеб Лабадзенка. І запрасіў ахвочых прыязджаць заўтра, 14 жніўня, у музей.
«Сенсацыя на раскопках у Старым Менску, — напісаў Лабадзенка, — знойдзена донца гаршка з асабістым гербам князя Ізяслава — то-бок, гэта канец Х — пачатак ХІ стагоддзя, аналагаў няма, гэта першая такая знаходка ў Беларусі!.. А пакуль запрашаю вас тэрмінова ў музей "Стары Менск" — сёння і заўтра знаходка выстаўленая для агляду турыстаў!».

299295308_5158166247642990_4235557654507980436_n.jpg

Сядзіба-музей «Стары Менск» знаходзіцца ў вёсцы Гарадзішча, вул. Піянерская 5а, Мінскі раён (7 км за Малінаўкай).
Звярніце ўвагу, што ў Менскім раёне два Гарадзішчы — за Уруччам і за Малінаўкай. Вам трэба ЗА МАЛІНАЎКАЙ (за в. Азярцо).
Мапу даезду і расклад маршрутак глядзіце на сайце музея www.starymensk.by.



Нагадаем, Глеб Лабадзенка два гады таму стварыў у Гарадзішчы музей «Стары Менск», дзе сабраў 500 экспанатаў Х-ХІ стагоддзя. І цяпер на месца, дзе быў заснаваны Менск, можна прыехаць з камфортам — і экскурсію паслухаць, і сапраўдныя артэфакты зацаніць, і пагуляць па гарадзішчы, і кавы выпіць, і нават застацца паночыць.