Трэба паспець да восені самае важнае! На раскопкі Менскага гарадзішча патрэбныя валанцёры!

Менск можа быць значна старэйшым, чым прынята было лічыць! Аднак, каб даказаць гэта, патрэбна дапамога валанцёраў.

Фота з сайта музею www.starymensk.by

Фота з сайта музею www.starymensk.by

Пра тое, што на раскопкі гарадзішча, дзе пачынаўся Менск, патрэбныя валанцёры, напісаў Глеб Лабадзенка, заснавальнік Сядзібы-музея «Стары Менск», што знаходзіцца ў вёсцы Гарадзішча.

Асабліва валанцёры патрэбныя заўтра, 31 ліпеня, адзначае ў фэйсбуку Глеб Лабадзенка:

«На раскопках не хапае валанцёраў. Сёння было ўсяго тры чалавекі, а для паўнацэннай працы трэба 10–15. Такімі тэмпамі можна не паспець да восені самае важнае — дайсці да асновы вала і ўзяць на аналіз фрагмент дрэва, з якога зроблены каркас.

Гэта з вялікай верагоднасцю дазволіць удакладніць узрост Менска і, хутчэй за ўсё, значна "састарыць" сталіцу.

Калі нехта можа пад'ехаць заўтра (у наступныя дні без званка не пад'язджайце, бо раскопкі ідуць не кожны дзень!) на раскопкі з 10 да 15 гадзін, гэта будзе вялікая дапамога ў справе даследавання Менска на Менцы!

Раскопкі адбываюцца непасрэдна на верхняй пляцоўцы вала, паблізу валуна "Тут у Х стагоддзі пачынаўся Менск". Інвентар можна атрымаць у музеі.

Як даехаць — на сайце www.starymensk.by



Сядзіба-музей «Стары Менск» знаходзіцца ў вёсцы Гарадзішча, вул. Піянерская 5а, Мінскі раён (7 км за Малінаўкай).

Звярніце ўвагу, што ў Менскім раёне два Гарадзішчы — за Уруччам і за Малінаўкай. Вам трэба ЗА МАЛІНАЎКАЙ (за в. Азярцо).

Мапу даезду і расклад маршрутак глядзіце на сайце музею www.starymensk.by.

Ахвочым узяць удзел у раскопках варта папярэдне дамовіцца з Андрэем Вайцяхоўскім па нумары 80295782375. Таму што раскопкі ідуць не кожны дзень.

Нагадаем, Глеб Лабадзенка два гады таму стварыў у Гарадзішчы музей «Стары Менск», дзе сабраў 500 экспанатаў Х-ХІ стагоддзя. І цяпер на месца, дзе быў заснаваны Менск, можна прыехаць з камфортам — і экскурсію паслухаць, і сапраўдныя артэфакты зацаніць, і пагуляць па гарадзішчы, і кавы выпіць, і нават застацца паночыць.