Доўгая дарога дадому. Вяртанне Змітрака Бядулі
Былы дыпламат Павел Мацукевіч у серыі тэкстаў расказвае пра вяртанне на радзіме парэшткаў вядомых беларусаў. Гэтым разам — пра Змітрака Бядулю.
Выпуск «Пульса Леніна-19» працягвае тэму пра вяртанне ў Беларусь парэшткаў знакамітых беларусаў гісторыяй перапахавання ў Мінску Змітрака Бядулі.
Задуманы як трылогія аповед пра самыя гучныя перапахаванні не змясціўся ў тры выпускі. Будзе яшчэ і чацвёрты, заключны, у якім гаворка пойдзе пра парэшткі вялікіх беларусаў, якія чакаюць свайго вяртання на родную зямлю.
Класік беларускай літаратуры
Паспяховае завяршэнне эпапеі з прахам Магдалены Радзівіл, пра якую расказвалася ў мінулым выпуску, паўплывала на лёс яшчэ аднаго знакавага вяртання — парэшткаў паэта і празаіка, класіка беларускай літаратуры Змітрака Бядулі. Паўплывала тым, што падштурхнула ўзяцца за яго.
3 лістапада 1941 года ў Бядулі здарыўся інсульт проста ў цягніку, які вез яго з сям'ёй у эвакуацыю з Саратава ў Алматы, далей ад вайны. Усё адбывалася на вачах яго 7-гадовага сына Яўхіма Плаўніка (сапраўднае імя Бядулі — Самуіл Плаўнік). Жонка і маці будуць спрабаваць выратаваць пісьменніка, але нічога не выйдзе.
Ёсць успаміны яшчэ аднаго пасажыра таго эшалона — Гаральда Вольскага, дзядзькі Лявона Вольскага. З яго слоў выходзіць, што на станцыі Сямігаловы Арол недалёка ад Уральска Змітрок Бядуля разам з астатнімі выбежыць на перон абмяняць рэчы на прадукты. Паравоз загудзіць, і Бядуля, баючыся спазніцца, памчыць назад, каб паспець ускочыць у вагон. Пасля гэтага ў цягніку яму стане дрэнна.
Пісьменніка пахаваюць ва Уральску на Спаса-Праабражэнскіх могілках, якія цяпер называюць Старымі. Хаваць будуць акцёры Другога беларускага тэатра з Віцебска (цяпер Нацыянальны акадэмічны драмтэатр імя Якуба Коласа). У гады вайны гэты тэатр працаваў ва Уральску. Сям'я Бядулі пражыве ў Казахстане да пераможнага мая 1945-га, пасля чаго вернецца ў Мінск. З тых часоў ніхто з іх, уключаючы сына, не зможа пабываць на магіле Змітрака Бядулі.
За ўвесь час было шэсць спроб перавезці астанкі Бядулі ў Мінск. Сёмая, паспяховая, заняла больш за год. Сын пісьменніка Яўхім Плаўнік чакаў гэтай падзеі 79 гадоў.
Ідэю прынясе Алесь Сапега. У той час мы ўжо на траіх (плюс Андрэй Нажэскін) ламалі галаву, як вярнуць з Крыма астанкі Максіма Багдановіча, але задача была звышскладанай, тычылася далікатных пытанняў, трох краін і магла пасунуцца. На яе фоне вяртанне Бядулі выглядала больш рэалістычным.
Пачалося ўсё з таго, што ў ліпені 2019-га Алесь Сапега ўжо як кіраўнік дабрачыннага фонду імя Магдалены Радзівіл звернецца да Яфіма Плаўніка з прапановай выдаць яму даверанасць на ажыццяўленне ўсіх дзеянняў па эксгумацыі і перавозцы парэшткаў Бядулі з Казахстана ў Беларусь.
Пасля шасці няўдалых спроб Плаўнік паставіцца да сёмай без энтузіязму, але ў кастрычніку падпіша даверанасць. У рэалізацыі праекта моцна дапамогуць ганаровы консул у Лазане Андрэй Нажэскін (фінансава) і тагачасны дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў.
Асноўны масіў і падрыхтоўчай, і практычнай працы праробіць Сапега, пераадолеўшы галоўныя перашкоды, пра якія разбіліся ўсе папярэднія спробы.
Ключавыя пытанні як з Мінскам, так і з Уральскам будуць вырашацца дыстанцыйна. Званкі са Швейцарыі ва Уральск па розных інстанцыях хутка ператворацца ў пінг-понг, але аднойчы трубку на тым канцы провада здыме уральская патолагаанатам і судмедэксперт Асель Уцягенава. Яна спачатку не будзе ведаць, як быць і што рабіць, але гісторыя яе зацікавіць, і яна возьмецца дапамагчы.
Дзякуючы ёй да канца лістапада 2019-га ўдасца атрымаць пісьмовы дазвол ад акімата Уральска на эксгумацыю і перапахаванне. Без яе дапамогі падчас самой эксгумацыі і потым з афармленнем неабходных дакументам было б туга.
Складанасцей будзе шмат, і кожная ў момант узнікнення будзе здавацца непераадольнай. Напрыклад, акажацца, што ва Уральску няма крэматорыя, таму варыянт з перавозкай капсулы з прахам, як гэта было з Магдаленай Радзівіл, адпадзе. Потым высветліцца, што няма цынкавай труны, неабходнай для транспарціроўкі эксгумаваных парэшткаў.
Вырашыўшы задачу з цынкавай труной літаральна напярэдадні прыезду ў Казахстан, проста па прыбыцці туды мы даведаемся, што аэрапорт Уральска не сертыфікаваны для транспарціроўкі падобнага кшталту грузаў, а таму ляцець мы можам альбо з Самары, альбо з Атыраў, да якіх альбо 300, альбо 500 км шляху адпаведна.
Аднак ехаць нікуды не давядзецца. Выратуе ўральскі прадстаўнік авіякампаніі «S7» па імені Дзяніс. Ён заплюшчыць вочы і зарэгіструе апламбаваную і скарочаную да скрыні цынкавую труну з парэшткамі Бядулі і фрагментамі яго надмагільнай пліты (праз іх непад'ёмную), як звычайны багаж і аблепіць налепкамі «цяжкое» і «крохкае». Нам застанецца заплаціць за пераважанне, а затым ужо ў Дамадзедаве забраць яго з багажнай стужкі. На шчасце, у Маскве на дзіўную скрыню ніхто не зверне ўвагі.
Для паездкі ва Уральск я вазьму адпачынак. Мы выправімся туды з Жэневы 21 лютага 2020-га са спыненнем у Мінску, дзе да нас далучыцца фотажурналіст Юрый Камісараў. З Мінска ўжо на машыне высоўваемся ў Дамадзедава і адтуль прамым рэйсам раніцай 23 лютага прыбудзем ва Уральск.
На момант прыбыцця пытанне аб месцы перапахавання Змітрака Бядулі не будзе вырашана, хоць мы ім заклапоцімся загадзя. Сыну Бядулі будзе як быццам усё роўна дзе — галоўнае, каб парэшткі бацькі апынуліся ў Беларусі. Ва ўладаў не было алергіі на Бядулю, таму пытанне з месцам пахавання ўяўлялася нам чыста тэхнічным.
Мы прапануем Плаўніку крыпту храма-помніка Усіх святых, якая мае шанцы стаць нацыянальным пантэонам або адным з іх. Там збіраецца ў капсулы зямля з розных пахаванняў і месцаў свету, дзе загінулі беларусы, незалежна ад веры. У пахавальні ёсць нішы для асаблівых пахаванняў. Адна з іх зарэзерваваная пробашчам і стваральнікам гэтага, без перабольшання, унікальнага месца Фёдарам Поўным пад парэшткі Максіма Багдановіча.
Іншую, апярэдзіўшы Багдановіча, мог па праве сваёй значнасці заняць Змітрок Бядуля. Тым больш, што ў жыцці Бядуля з Багдановічам былі і калегамі па літаратурных практыкаваннях, і сябрамі. І нават дзялілі разам жыллё: на працягу некалькіх месяцаў Багдановіч жыў у Бядулі, ужо будучы хворым заразнай формай туберкулёзу.
Так мы лічылі і пра тое вялі гутаркі з протаіерэем Фёдарам Поўным, пасвяціўшы яго ў планы перапахавання пісьменніка ў Беларусі. Веравызнанне Бядулі ператварала гэтае пытанне ў далікатнае.
Дылему вырашыць сын Бядулі, з якім мы ўзгаднялі ўсе планы, а тым больш крокі. Ён пабывае ў крыпце, убачыць і храм над ёй на свае вочы, і, моцна ўражаны задумай і ўвасабленнем, а гэта там звычайна здараецца з кожным, вынесе вердыкт, што лічыць гэта месца найлепшым.
Пытанне, тым не менш, запатрабуе згоды вярхоўных уладаў — у студзені 2020-га, прыкладна за паўтара месяца да адлёту ва Уральск мы напішам за подпісам Плаўніка асабісты зварот на адрас Лукашэнкі з просьбай дазволіць пахаванне ў крыпце храма-помніка.
Адказу не будзе, і мы палічым маўчанне знакам нязгоды. Тым не менш і па дарозе ў Уральск, і там, і нават ужо вяртаючыся адтуль з парэшткамі пісьменніка, будзем назвоньваць Поўнаму, спадзеючыся на станоўчае рашэнне па крыпце — хоць бы ў якасці часовага прытулку, пакуль не вызначыцца пастаяннае.
У аэрапорце Уральска, у якім бегалі каты, а багаж узважвалі механічнымі вагамі, як у 80-х, нас сустракалі людзі ў супрацьвіруснай абароне і з пірометрамі: вымяралі ў кожнага пасажыра тэмпературу і фіксавалі даныя. Мы ж фіксавалі кантрасты. Цяпер можна сказаць, што наша экспедыцыя паспела прашмыгнуць у апошні момант перад закрыццём межаў праз каронавірус. Пасля яго паездка была б немагчымай ужо з прычыны падзей у Беларусі, і Бядуля па гэты дзень заставаўся б Уральску.
Старыя могілкі ва Уральску, дзе знаходзілася магіла пісьменніка, з'яўляюцца праваслаўнымі. У яго цэнтры стаіць Спаса-Праабражэнскі храм, і ўсе 79 гадоў гадоў астанкі Бядулі слухалі яго звон і службы. Служыцелі храма нямала дапамогуць нам: накормяць і абагрэюць, падкажуць кантакты і адрасы патрэбных людзей і інстанцый, правядуць службу пасля эксгумацыі.
Яны ж падсобяць і з самым першым крокам — пошукам магілы Бядулі. Старыя могілкі налічваюць каля 100 тысяч пахаванняў. Большая частка з іх размешчана хаатычна, праходы паміж магіламі абцяжараныя, а месцамі немагчымыя. Плана пахаванняў няма. Аднак спачатку мы вырашаем адшукаць магілу самастойна. Пасля паўтары гадзіны блуканняў паміж магіл па холадзе, мокрым снезе і брудзе мы прыходзім да высновы, што самі не справімся. Пахаванне апынецца ў зусім у іншым куце. Да яго ў прынцыпе складана дабрацца, не ведаючы сцежак.
Першы дзень (дзень прылёту) сыдзе на арганізацыю эксгумацыі — утрасенне фармальнасцей з адказнымі службамі і капальнікамі, падрыхтоўку цынкавай труны (яе трэба будзе паменшыць). Другі — на правядзенне эксгумацыі, падрыхтоўку астанкаў да транспартавання, перамовы з авіякампаніяй. Трэці — на афармленне дакументаў і пошукі музейных слядоў Бядулі ва Уральску, а на чацвёрты мы паляцім.
Сама эксгумацыя зойме некалькі гадзін. Працэс зафіксуе на камеру мясцовая тэлекампанія. Са згоды Яўхіма Плаўніка настаяцель Спаса-Праабражэнскага храма правядзе памінальную службу. Дакументы на вываз астанкаў і пасведчанне іх бяспекі аформіць судмедэксперт Асель Уцягенава. Яна таксама будзе прысутнічаць пры ўскрыцці магілы і выманні астанкаў Бядулі. Іх ачысцяць, змесцяць у ацынкаваную скрыню і апламбіруюць.
Пошукі музейных слядоў таксама ўвянчаюцца поспехам: мы адшукаем фотаздымкі і копіі рукапісаў Змітрака Бядулі, якія ў савецкія гады перадаваліся з Мінска, а галоўнае — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, якім ён быў узнагароджаны ў 1939 годзе. З пошукам дапаможа старшыня «Беларускага зямляцтва» Міхаіл Бяляеў. Супрацоўнікі Заходне-казахстанскага абласнога гісторыка-краязнаўчага музея, дзе ўсё гэта захоўваецца па гэты дзень, прымуць нас і пакажуць усё як сваім.
Наогул у маім персанальным рэйтынгу самых гасцінных і спагадлівых народаў жыхары Уральска дагэтуль трымаюць галоўны прыз.
Раніцай 26 лютага мы вылецім назад у Маскву і ўвечары таго ж дня прыбудзем да дома Яўхіма Плаўніка. Сцэна сустрэчы сына з парэшткамі бацькі, якую той чакаў усё жыццё, будзе нядоўгай, але кранальнай і складанай адначасова. Мне падасца, што сын будзе ашаломлены.
Яўхім Плаўнік зробіць фота, і мы рушым у Бабруйск у царкву Св.прарока Іллі. Там нас будзе чакаць яе настаяцель Віктар Смычнік, які выручыць, пагадзіўшыся ўзяць на захоўванне астанкі пісьменніка. Святы айцец зачыніць дзверы царквы знутры, і мы ўскрыем цынкавую скрыню, каб забраць фрагменты надмагілля для музея і акуратна перакласці парэшткі Бядулі ў маленькую дзіцячую труну. У дзень перапахавання іх давядзецца зноў патрывожыць, каб перакласці ўжо ў тую, якая стане апошняй.
З гэтага моманту астанкі пісьменніка будуць гасцяваць у гэтым храме, спакойна чакаючы даты і месца пахавання. Прасоўваннем гэтага пытання зоймецца Міхаіл Рыбакоў. На наступны пасля нашага прыезду дзень ён арганізуе ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры прэс-канферэнцыю, на якой будзе і Яўхім Плаўнік. У выніку ўсіх наступных намаганняў Рыбакова перапахаванне будзе арганізавана на годным узроўні і ў годным месцы — у сектары ганаровых пахаванняў (Алея зорак) на Усходніх могілках і, што сімвалічна, — 3 лістапада, у дзень смерці Бядулі.
P. S. Кропка ў гісторыі не пастаўленая, пакуль на магіле няма помніка. Эскіз манумента распрацаваны скульптарам Сяргеем Гумілеўскім, аднак на яго выкананне і ўстаноўку ў дзяржавы няма сродкаў. Іх збірае Музей гісторыі беларускай літаратуры, і яму ў гэтым, пры жаданні, можна дапамагчы (усе рэквізіты тут). Тыя, хто ў Беларусі могуць паўдзельнічаць у зборы сродкаў праз удзел у дабрачыннай экскурсіі па доме-музеі «Беларуская хатка», у якім жыў Змітрок Бядуля і ў якім прытуліў смяротна хворага Максіма Багдановіча. Акцыя стартавала 2 сакавіка і працягнецца па 6 красавіка.
Працяг будзе