Доўгая дарога дадому. Гісторыя вяртання на радзіму Магдалены Радзівіл
Былы дыпламат Павел Мацукевіч працягвае серыю гісторый пра вяртанне ў Беларусь парэшткаў знакамітых беларусаў і беларусак. Гэтым разам — пра знакамітую мецэнатку княгіню Марыю Магдалену Радзівіл.
Выпуск «Пульса Леніна-19» працягвае тэму пра вяртанне ў Беларусь парэшткаў знакамітых беларусаў, прадстаўляючы другую серыю самых гучных перапахаванняў, а менавіта гісторыю пераезду ў Мінск праху Марыі Магдалены Радзівіл.
У адрозненне ад папярэдняга выпуску, дзе былі чужыя ўспаміны і аповеды, у гэтым пра Магдалену і ў наступным, які будзе прысвечаны Змітраку Бядулю, прыводжу свае як удзельніка падзей. Задуманая трылогія расцягваецца такім чынам на чатыры часткі. У заключнай, чацвёртай, гаворка пойдзе пра парэшткі вялікіх беларусаў, якія чакаюць свайго перапахавання на роднай зямлі.
Мецэнатка нацыянальнага адраджэння
Сядзіба Эдварда Вайніловіча ў Савічах, аднаго з герояў мінулага выпуску, або тое, што ад яе засталося (руіны гаспадарчай пабудовы), размешчаная прыкладна ў гадзіне язды ад маёнтка Кухцічы, які належаў Завішам. З гэтага старажытнага шляхецкага роду паходзіць знакамітая мецэнатка, княгіня Марыя Магдалена Радзівіл (па прозвішчы другога мужа — Мікалая Радзівіла). Яе фінансавую падтрымку мела беларускае нацыянальнае адраджэнне — культура, адукацыя, літаратура. Яна памерла ў Швейцарыі 6 студзеня 1945-га, там жа была пахавана.У 2009-м выйшаў зборнік артыкулаў Адама Мальдзіса «Беларускія скарбы за мяжой» — пра раскіданыя па свеце гістарычныя і культурныя каштоўнасці Беларусі. Глава, прысвечаная Швейцарыі, уключала вітражы і карціны Шагала ў Цюрыху і магілу Магдалены Радзівіл у Фрыбуры. Насамрэч беларускіх месцаў у Швейцарыі значна больш, але цяпер не пра гэта. У сваёй кнізе Мальдзіс раіў пашукаць сляды Магдалены. Дакладнае месцазнаходжанне магілы князёўны на момант выхаду кнігі яшчэ не было вядомым у Беларусі.
У 2011 годзе яго выявіць Андрэй Кулажанка, у той час кіраўнік беларускай амбасады ў Швейцарыі, які, можна сказаць, прывёў «Stadler» у Беларусь. Гэты дыпламат выканае мару многіх даследчыкаў, якія руйнаваліся на канферэнцыях і выставах у гонар Магдалены Радзівіл, што няма куды ўскласці кветкі, паколькі невядома месцазнаходжанне яе магілы.
Кулажанка пакіне на ёй букет рамонкаў і пралье святло на апошні раздзел жыцця князёўны.
Магдалена Радзівіл пакінула свае маёнткі ў Беларусі ў канцы 1918 года. Спачатку пасялілася ў Варшаве, затым у Каўнасе. У Швейцарыю князёўна пераедзе з Германіі ў 1932 годзе і будзе жыць там аж да сваёй смерці. Лічылася, што ў Фрыбуры яна ўступіла ў манаскі ордэн дамініканак.
Кулажанка ўстановіць, што Магдалена не ўступала ў гэты ордэн — манашкі толькі клапаціліся пра яе як пра пастаяліцу пансіёну для пажылых людзей «Foyer Ste Elizabeth».
Адкрыецца і тое, што разам з Магдаленай у магіле на маленькіх могілках пры царкве Нотр-Дам-дэ-Бургіён у прыгарадзе Фрыбура пахавана і яе дачка ад першага шлюбу (з графам Красінскім) — Людвіка, якая памерла ў Канах у 1958 годзе. Менавіта астанкі Людвікі (па мужы Чартарыйскай) стануць падставай для эксгумацыі Магдалены.
Унукі Людвікі, у прыватнасці, Адам Замойскі (сын Эльжбеты Чартарыйскай), на падставе таго, што ў Швейцарыі няма сваякоў, каб даглядаць за магілай (гэта не так), захочуць перавезці прах сваёй бабулі ў Сяняву, у сямейны склеп Чартарыйскіх. Узнікае пытанне, што рабіць з Магдаленай.
Калі, як сцвярджаў прафесар Мальдзіс, Людвіка беларусафільскіх захапленняў не падзяляла і ў Панямонне і Падзвінне не імкнулася, то яе маці Магдалена Радзівіл, наадварот, жадала гэтага ўсёй душой. Таму адказ быў відавочным.
Пра ініцыятыву перапахавання Магдалены ў Мінску (а Людвікі — у Сяняве) стане вядома ў ліпені 2016-га ад Мацея Радзівіла (сын Ганны Марыі Чартарыйскай). Ён прыедзе ў Беларусь, каб заручыцца падтрымкай Чырвонага касцёла, дзе яе меркавалася пахаваць, і благаслаўленнем мітрапаліта Кандрусевіча.
У верасні Мацей Радзівіл звернецца з лістом праз амбасаду ў Варшаве да міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, у якім фармалізуе просьбу і прыкладзе заяву праўнука Магдалены — Адама Замойскага. МЗС запытае ўсе зацікаўленыя бакі (ад Мінкульта і Мінжылкамгаса да ўпаўнаважанага па справах рэлігій і каталіцкай царквы). Усе будуць не супраць, але справа ўпрэцца ў месца пахавання — Чырвоны касцёл, хоць сам касцёл у асобе пробашча Уладзіслава Завальнюка будзе абедзвюма рукамі «за». У выніку працэс зацягнецца да агіднасці.
Супраць пахавання ў касцёле св. Сымона і Алены выступіць тагачасны кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч. Афіцыйна — з прычыны непрыстасаванасці храма для такіх мэтаў. Хоць да таго часу ў Чырвоным касцёле ўжо будуць перапахаваныя парэшткі Эдварда Вайніловіча (чэрвень 2006-га) і брытанскага даследчыка беларускай духоўнай музыкі Гая Пікарда (лістапад 2008-га).
У якасці альтэрнатывы Кандрусевіч прапануе крыпту Радзівілаў у Нясвіжы. МЗС праробіць другое кола ўзгадненняў ужо гэтага варыянту з усімі зацікаўленымі, а гэта зойме яшчэ час, і ў выніку толькі да сакавіка наступнага года (2017) будзе сфармуляваны і адпраўлены ў амбасаду ў Варшаве афіцыйны адказ. Дыпмісіяй ён будзе перанакіраваны Радзівілу лістом амбасадара толькі ў траўні пасля разборак, паднятых ужо маім лістом, але пра гэта пазней.
Пахавальня Радзівілаў у Нясвіжы — адно з найбуйнейшых у Еўропе дынастычных пахаванняў (трэцяе па колькасці). Апошняе пахаванне ў ёй адбылося 8 ліпеня 2000-га, калі ў крыпту змясцілі скрыню з прахам Антонія Радзівіла з Вялікабрытаніі, які памёр у лютым 1999-га і завяшчаў пахаваць сябе ў Нясвіжы.
Аднак для парэшткаў Магдалены Нясвіж не падыходзіў. Там ішлі рамонтныя работы, і да іх завяршэння (не раней за 2020-ты), трэба было чакаць яшчэ тры гады. Галоўнае ж, і гэта сцвярджалі знаўцы (у прыватнасці, Мальдзіс у сваім лісце да Кандрусевіча) і самі Радзівілы, адносіны іх сям'і і Магдалены былі напружанымі, нягледзячы на яе замужжа з Мікалаем Радзівілам. Ён, дарэчы, пахаваны ў Кухцічах — гісторыя пячорнага абыходжання з яго парэшткамі заслугоўвае асобнай увагі.
Тым часам у студзені-лютым 2017-га па ўказанні ініцыятараў перапахавання ў Швейцарыі праводзіцца эксгумацыя і крэмацыя парэшткаў Людвікі і Магдалены з тым, каб перапахаваць Людвіку ў Польшчы, для чаго няма аніякіх перашкод. Гэтыя працэдуры праводзяць спецыялізаваныя швейцарскія кампаніі. Ніхто са сваякоў пры гэтым не прысутнічае, іншыя зацікаўленыя — наогул не ў курсе падзей. Дзве скрыні з прахам аказваюцца на захоўванні ў адным з бюро рытуальных паслуг у цэнтры Фрыбура. Можа здацца смешным, але на пошукі гэтага бюро потым сыдзе месяц, калі не больш.
У той час я працую ў пасольстве Беларусі ў Берне і даведваюся пра тупік з перапахаваннем Магдалены ў сакавіку ад Алеся Сапегі, заснавальніка Беларускага аб'яднання ў Швейцарыі, да якога па дапамогу звярнуліся неабыякавыя да лёсу Магдалены людзі з Беларусі (у прыватнасці, Глеб Лабадзенка).
Трэба сказаць, што магіла княгіні з моманту выяўлення была кропкай прыцягнення швейцарскіх беларусаў. Там праводзіліся «Дзяды», туды ў лістападзе 2016-га мы з Сапегам прывозілі з Лазаны іншага нашчадка Магдалены — прынца Антоніа дэ Бурбона Абедзвюх Сіцылій, якому тады было 87 (у лістападзе 2019-га яго не стане). Бурбон бачыў Магдалену жывой, прыглядваў за яе магілай увесь той час, пакуль яна там была і пакуль дазвалялі сілы. Там жа, на магіле, за пару гадоў да апісваемых падзей адбудзецца выпадковае знаёмства Сапегі з ім.
Бурбон даведаецца пра ініцыятыву Радзівіла і Замойскіх пра перапахаванне ад нас і не будзе супраць. Мы (з Сапегам) прывязём скрыню з прахам да яго дадому для развітання, але гэта будзе пазней.
А пакуль мне патрэбная нагода, каб умяшацца, і яе мне падасць ліст ад Мацея Радзівіла, які атрымаю да мая. У ім Радзівіл паведаміць пра эксгумацыю парэшткаў і пра Сапегу як пра асобу, якая можа даставіць іх у Мінск, а таксама папросіць садзейнічання ў перапахаванні, наракаючы на адсутнасць рэакцыі на свой вераснёўскі зварот да кіраўніка МЗС.
Тут жа пішу пра гэта ў Мінск і настойваю на выключнай важнасці падзеі. Кажу пра магчымасць з яе дапамогай стварыць станоўчы рэзананс вакол тэмы вяртання забытых імёнаў дзеячаў беларускай культуры і намаганняў дзяржавы ў гэтым кірунку. У святле гэтага прапаную забраць скрыню з прахам Магдалены ў амбасаду, пакуль вырашаецца пытанне з месцам пахавання і афармляюцца неабходныя для транспарціроўкі праху дакументы, а дастаўку ў Беларусь — ажыццявіць у суправаджэнні консула.
У выніку Мацей Радзівіл атрымае доўгачаканы адказ афіцыйнага Мінска на свой вераснёўскі ліст (што ў Чырвоным касцёле нельга, а можна ў Нясвіжы, але праз 3 гады), а я — справаздачу МЗС аб праведзенай працы са зваротам Радзівіла і ветлівае ўказанне не ўмешвацца.
Пры гэтым ужо ёсць урна з прахам, якая не можа чакаць тры гады, забытая ў бюро рытуальных паслуг, пакуль адрамантуюць крыпту ў Нясвіжы, нават калі б яна была найлепшым месцам для пахавання. Выходзіла зусім непрыстойна ў дачыненні да памяці Магдалены Радзівіл, нават калі б яе заслугі былі ў сто разоў меншыя.
8 мая стане вядома, што швейцарскія дакументы для транспарціроўкі праху гатовыя, а гэта так званае пасведчанне на вяртанне трупа са згодай прэфектуры Сарын кантона Фрыбур на вываз і пацвярджэнне бяспекі парэшткаў, а таксама пасведчанне аб смерці. Мы едзем у бюро рытуальных паслуг Фрыбура — тое самае, якое доўга шукалі і дзе з моманту крэмацыі захоўваюцца скрыні. Прах Магдалены застаецца ў бюро, паколькі рашэння па месцы пахавання яшчэ няма і патрабуецца зрабіць натарыяльны пераклад швейцарскіх дакументаў. Прах Людвікі Сапега вязе ў Польшчу.
Праз тыдзень або каля таго мы зноў вернемся ў Фрыбур і я забяру скрыню з прахам Магдалены ў амбасаду, палічыўшы, што рытуальнае бюро або вандраванне па прыватных кватэрах будзе не лепшым варыянтам — дасць глебу папрокам, што дзяржава ўхілілася ад вырашэння пытання. Паколькі дыпмісія з'яўляецца суверэннай тэрыторыяй сваёй краіны, то, апынуўшыся ў пасольстве, прах Магдалены Радзівіл тут жа аказваецца ў Беларусі, не перасякаючы дзяржаўнай мяжы.
Урна прастаіць у тумбе майго стала пад наглядам партрэта Лукашэнкі амаль два месяцы.
У сярэдзіне ліпеня 2017-га Сапега адправіцца з ёй у Мінск на 7-мы «З'езд беларусаў свету», разлічваючы з яго дапамогай прыцягнуць увагу і паскорыць з'яўленне рашэння. Аднак яно не з'явіцца і пасля з'езду. Сапега звозіць скрыню ў Кухцічы і будзе яшчэ доўга грукацца ў розныя інстанцыі (МЗС, Мінкульт, Мінгарвыканкам, курыю Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі РКЦ).
У Швейцарыю прах Магдалены больш не вернецца: пробашч Чырвонага касцёла Уладзіслаў Завальнюк прыхавае скрыню ў касцёле.
Кампраміс будзе знойдзены толькі ў снежні пры пасярэдніцтве МЗС. Спярша «нязгодныя» пагодзяцца на Мінск і як варыянт Касцёл Узвышэння Св.Крыжа на Кальварыйскіх могілках. Сапега прапануе касцёл Св. Тройцы, папярэдне заручыўшыся згодай яго пробашча.
У выніку 17 лютага 2018-га прах Магдалены Радзівіл урачыста пахаваюць ва ўнутранай сцяне касцёла Св.Тройцы ў Мінску і закрыюць памятнай таблічкай з барэльефам мецэнаткі.
Іншую таблічку задумаю ўжо я для царквы Нотр-Дам-дэ-Бургіён, на тэрыторыі якой была магіла князёўны. Ідэю дапамогуць рэалізаваць Алесь Сапега, ганаровы консул Андрэй Нажэскін і скульптар Максім Пятруль. Яе ўсталююць справа ад уваходу ў царкву. Сапега заснуе ў Цюрыху дабрачынны фонд Марыі Магдалены Радзівіл, каб працягнуць яе справу.
Працяг будзе