Магдалена Радзівіл. Яна была спонсарам нацыянальнага адраджэння

Якім бы таленавітым чалавек не быў, без падтрымкі і пратэкцыі выбіцца ў людзі досыць цяжка. Кожнаму імпэтнаму і творчаму таленту трэба спонсар, такі ўжо наш свет. Магдалена Радзівіл стала такім спонсарам для цэлага руху — руху беларускага нацыянальнага адраджэння.

Магдалена Радзівіл

Магдалена Радзівіл

8 ліпеня 1861 года ў Варшаве ў сям’і графа Яна Завішы і Марыі з дому Квілецкіх нарадзілася дачка Марыя Магдалена. Мінуць гады, і яна стане адной з ключавых фігур беларускага нацыянальнага адраджэння. Той пласт культуры, які сёння лічыцца «залатой скарбонкай» беларушчыны, мы займеем дзякуючы фінансавай падтрымцы пані Магдалены.

Выхаванне маці, уплыў бацькі

Хоць Марыя Магдалена і нарадзілася ў Варшаве, сваё дзяцінства яна правяла на землях Вялікага Княства Літоўскага: Ігуменскі павет, у родавых маёнтках Жорнаўцы і Кухцічы. Была яна вельмі прыгожым і пяшчотным дзіцём, але пры гэтым вельмі строгай і выхаванай. У Магдалены ў дзяцінстве і юнацтве былі залацістыя валасы, прыгожы авал твару, глыбокія шэрыя вочы, надзвычай белая скура і грацыёзная хада.


Магдалена Марыя Радзівіл

Магдалена Марыя Радзівіл

Яе маці, графіня Марыя Квілецкая з зямель Польскай Кароны, была арыстакраткай-касмапаліткай, што ў першую чаргу адлюстроўвалася ў яе захапленні ўсім французскім і англійскім. Такая ўжо была мода. Маці даверыла выхаванне сваіх дачок англійскім і французскім гувернанткам, якія прывілі дзяўчынкам цікавасць да французскай літаратуры і культуры, навучылі бездакорным свецкім манерам, англійскай і французскай мовам. 

Аднак на выхаванне Марыі вялікі ўплыў аказаў яе бацька Ян Завіша, які вызначаўся «мясцовым патрыятызмам»: разумей, патрыётам Вялікага Княства Літоўскага. У той час сярод заможных шляхціцаў з ваколіц Мінска стала вельмі папулярным цікавіцца гісторыяй роднага краю і сялянскім фальклорам на «простай мове», якая зараз у свеце вядомая як наша, беларуская. Гэтая зацікаўленасць у пана Яна Завішы праяўлялася ў прафесійных занятках мясцовай археалогіяй і беларускай этнаграфіяй. Канечне ж, бацька імкнуўся прывіць і дочкам любоў да роднай зямлі і сам з’яўляўся для іх прыкладам у гэтай справе.

Ян Казімір Завіша

Ян Казімір Завіша

Ян Завіша часта браў з сабой Марыю Магдалену падчас наведвання вёсак, што размяшчаліся на яго землях у ваколіцах сядзібы ў Кухцічах. З жыхарамі гэтых вёсак, як, дарэчы, даволі часта і дома, бацька размаўляў на беларускай мове. У будучым гэта ў многім вызначыла кірунак грамадскай дзейнасці Марыі Магдалены. Вядома, што маладая пані добра валодала гутарковай беларускай мовай. Што праўда, не наважвалася пісаць на ёй i пазней у перапісцы з дзеячамі беларускага i літоўскага культурнага рухаў карысталася польскай мовай.


Кухцічы (Н. Орда)

Кухцічы (Н. Орда)

Першы шлюб — трагічны

Першым мужам Магдалены быў граф Людвік Юзаф Красінскі. Урачыстае вяселле адбылося 27 красавіка 1882 года ў Варшаве. Юзаф Красінскі быў значна, амаль на 30 год, старэйшы за Магдалену, але ж  вельмі ў яе закаханы!

Красінскі быў неардынарнай асобай: захапляўся мастацтвам і меў у сваім маёнтку вялікую калекцыю антыкварыяту, а таксама атрымаў славу ўзорнага гаспадара. У сваіх вялікіх маёнтках ён пабудаваў і абсталяваў самай новай тагачаснай тэхнікай цагельні, цукроўні, млыны, правёў да іх вузкакалейную чыгунку. Ад першага шлюбу з Людвікам Красінскім Марыя мела адну дачку — Марыю Людвіку Красінскую.

Першы муж Марыі памёр у сакавіку 1895 года. Аўдавелая і багатая землеўласніца Марыя стала выгаднай нявестай, да якой, па матэрыяльных разліках, адразу пачалі заляцацца з прапановамі рукі і сэрца кавалеры з усяго краю.

Усе героі-каханкі атрымалі адмову, бо Марыя разумела: прэтэндэнтаў цікавіць багацце, а не яна сама, таму засталася пакуль удавой. Яна шукала блізкага па сэрцы і каштоўнасцях чалавека.

Шлюб з князем Радзівілам 

Яшчэ пры жыцці свайго першага мужа Марыя ў час падарожжа па Еўропе пазнаёмілася ў Вялікай Брытаніі з маладым князем Вацлавам Мікалаем Радзівілам, які быў пляменнікам нясвіжскага ардыната Антонія Радзівіла.

Вацлаў Мікалай Радзівіл

Вацлаў Мікалай Радзівіл

У 1906 годзе Магдалена і Вацлаў бяруцца шлюбам у Баварскай каралеўскай капліцы: жаніх маладзейшы за нявесту быў на 19 гадоў… 

Гэтая ўзроставая розніца ў шлюбе была непрыхільна сустрэтая ў вышэйшых колах. Пазней той факт паўплываў на канчатковы разрыў Мікалая з польскім нацыянальным рухам. Пра Мікалая Радзівіла ўспамінаў знаёмы журналіст М. Паўлікоўскі:

«Быў надзвычай прыгожы: ніколі ні раней, ні пасля не сустракаў я мужчыны з такой дасканалай мужчынскай прыгажосцю: шырокія плечы, вузкія сцёгны, прадаўгаваты твар з арэхавымі вачамі, быццам з міндалю, і арэхавая, злёгку хвалістая бародка. Дадаць яму жабо — і быццам толькі што сышоў з партрэта шаснаццатага стагоддзя».

Пасля вяселля Мікалай і Магдалена жылі ў Кухцічах або ў Мінску. Тут Мікалай Радзівіл зацікавіўся збіраннем беларускага фальклору.

Князь Радзівіл быў па натуры няўрымслівым ваяром, вайна яго і забрала. Яшчэ ў 18-гадовым узросце ён пайшоў добраахвотнікам у брытанскае войска, каб удзельнічаць у паўднёваафрыканскай вайне. Не мінуў ён сваёй увагай і руска-японскую вайну.

У 1912–1913 гадах Радзівіл быў на Балканах, дзе ў шэрагах балгарскага войска змагаўся перш супраць туркаў, пасля супраць сербаў і грэкаў. У пачатку Першай сусветнай вайны ў жніўні 1914 года ваяваў у Германіі. Праз Францыю і Італію дабраўся дамоў і адразу далучыўся да расійскай арміі. Загінуў ва Усходняй Прусіі 30 лістапада 1914 года.

Вянок і беларускі пас ад Алаізы Пашкевіч…

Цела князя было перавезенае ў Кухцічы праз Мінск, дзе на яго труне быў пакладзены вянок з надпісам: «Князю Мікалаю, сыну зямлі беларускай, беларусы». А на другой стужцы: «Лёгка зямелька табе, княжэ, ў роднай забытай старонцэ». Пра гэта напіша газета «Biełarus»:

«Князь М. Радзівіл, забіты на вайне, перавезены ў радавы магільнік. Нябожчык быў мужам вядомай у Меншчыне грамадзянскай працаўнічкі княгіні Магдалены Радзівіловай, каторая лічыць сябе беларускай, за што вельмі не любяць яе польскія нарадовыя дэмакраты, каторым здаецца, што нават той беларус-каталік, каторы па-польску ніводнага слова сказаць не ўмее, ёсць тыкі не беларус, а паляк, а ў галаве іх не можа памясціцца, каб шляхціц, пан, а то яшчэ й князь ды мог быць беларусам».

Пахаванне князя адбылося 9 снежня 1914 года ў Кухцічах. Службу адпраўляў беларускі каталіцкі святар а. Аляксандр Астрамовіч. У надмагільнай прамове па-беларуску ён між іншым сказаў:

«Князь любіў і простую беларускую мову і прычыніўся да яе пад’ёму і да адраджэння беларускага народа… Смерць князя — гэта вялікая страта для ўдавы княгіні. Гэта страта для ўсіх людзей дваровых і ўсяго беларускага народа. У асобе нябожчыка князя беларусы трацяць шчырага абаронцу справы іх адраджэння, трацяць яго ў тым часе, калі займаецца зара новага лепшага жыцця, калі заглядае сонца і ў наша ваконца».

На труну князя беларуская пісьменніца Алаіза Пашкевіч — Цётка — усклала вянок з хвойных ветак і беларускі пояс.

Чым жа была выклікана такая ўвага колаў беларускага руху да асобы князя Радзівіла?

Пасеянае зерне беларускай культуры  

Справа ў тым, што ў асобе князя Радзівіла і, найперш, княгіні Магдалены Радзівіл беларускі рух знайшоў добрых і шчырых спонсараў. А гэта для справы нацыянальнага адраджэння было звыш важна.

Перш за ўсё княгіня падтрымлівала таварыствы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы. Акрамя таго, яна адкрыла беларускамоўныя школы ў сваіх уладаннях у Кухцічах, Уздзе, Каменцы. Яе маёнтак у Кухцічах наведвалі Вацлаў Іваноўскі, Iван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Раман Скірмунт, Аляксандр Уласаў і іншыя дзеячы беларускага нацыянальна-культурнага руху. Там яны бралі падтрымку для сваіх праектаў. 


Дом М. Радзівіл у Кухцічах

Дом М. Радзівіл у Кухцічах

Магдалена Радзівіл фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца». А гэта першая легальная беларуская выдавецкая суполка, якая існавала ў Пецярбургу з 1906 па 1916 гады.

Імёны, якія прайшлі праз суполку, звышгучныя: Янка Купала, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Якуб Колас, Цётка, Змітрок Бядуля… і шмат хто іншы з кагорты адраджэнцаў.


Глядзіце таксама

Пры падтрымцы фундатараў суполка да 1914 года выдала 38 кніг сукупным накладам больш як 100 тысяч. Акрамя таго, яна выдала больш як 20 розных паштовак з партрэтамі старадаўніх паэтаў і іншых дзеячаў культуры, гістарычнымі помнікамі, краявідамі… Суполка выцягнула з забыцця і папулярызавала найлепшыя творы беларускай літаратуры XIX ст., выдала першыя беларускія падручнікі, серыю сцэнічных твораў, дапаможнікі для гаспадароў, заахвочвала да творчасці маладых аўтараў і тым самым выдатна спрычынялася да фармавання новай беларускай літаратуры.

Правы «Biełarus» — канкурэнт левай «Нашай Ніве»

Марыя Радзівіл фінансава падтрымлівала газету «Biełarus», якая сваімі кансерватыўнымі поглядамі складала ў беларускім нацыянальна-дэмакратычным руху ідэалагічную канкурэнцыю беларускамоўнай газеце «Наша Ніва», якая мела сацыялістычны ўхіл.

hazela_bielarus.jpg

Ініцыятарамі выдання газеты былі святары Францішак Будзька і Аляксандр Астрамовіч, якія, хаця ў склад рэдакцыі не ўваходзілі, апекаваліся ёй. Акрамя першых некалькіх нумароў, калі рэдактарам быў Антон Бычкоўскі, рэдактарам газеты быў колішні семінарыст і настаўнік Баляслаў Пачопка, а рэдакцыя знаходзілася ў яго прыватнай кватэры. Сябрамі рэдакцыі былі Ян Пазняк і Антон Лявіцкі. На ўтрыманне асаблівага памяшкання для рэдакцыі, як і на выданне газеты, не хапала сродкаў. Тады газету пачала фінансава падтрымліваць княгіня Магдалена Радзівіл, якая аплачвала ўсе даўгі газеты «Biełarus» аж да яе закрыцця.

З 1913 года рэдакцыя распачала выданне кніг рэлігійнага і культурнага зместу на беларускай мове. Выйшлі ў свет «Некалькі слоў аб пакуце» Ф. Будзькі, а таксама ў ягоным перакладзе «Кароткае выясненне абрадаў Р.-Каталіцкаго касцёла» Банчкоўскага; першы грунтоўны малітоўнік на беларускай мове «Бог з намі», зборнік вершаў Андрэя Зязюлі «З роднага загону».

Кніга не самотнага Багдановіча

Хто ведае, а ці б выйшаў у свет адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў нашага класіка Максіма Багдановіча, каб не грашовая дапамога Магдалены Радзівіл? Наогул княжна аказвала матэрыяльную падтрымку ў выданні многіх беларускіх кніг. І на гэтых кнігах на тытульным аркушы ёсць памяць пра яе!  

Аб тым, як выдаваўся «Вянок» у 1913 годзе, згадвае Вацлаў Ластоўскі:

«Вершы былі здадзеныя ў друк. У часе набору іх, перад надрукаваннем першага аркуша, Вацлаў Іваноўскі і Іван Луцкевіч дасталі яшчэ нейкую суму грошай ад княгіні Магдалены Радзівіл на выданне беларускіх кніжак. Пастаноўлена было паказаць спраўнасць перад княгіняй, і дзеля гэтага на тытуле быў памешчаны знак «Лебедзь», што мела азначаць герб Завішаў…»

Варта адзначыць, што ў выдавецтве выйшла яшчэ некалькі кніг са знакам «Лебедзь», у тым ліку — «Курганная кветка» Канстанцыі Буйло, «Рунь» Максіма Гарэцкага, «Васількі» Ядвігіна Ш., «Родныя з’явы» Тараса Гушчы (Якуба Коласа!). Усё відавочна, хто аказвала падтрымку выхаду ў свет гэтых беларускіх кніг.     

vydanni_z_lebedzem.jpg

Я — грамадзянка БНР

Не толькі на культурніцкай глебе сеяла шчодрая княжна, але мела адносіны і са справамі палітычнымі. Час гэтаму спрыяў!

Магдалена Радзівіл мела важную ролю ў беларускім палітычным жыцці і была шчырай прыхільніцай стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Яе дом у Мінску і маёнтак у Кухцічах былі ўлюбёнымі месцам сустрэч беларускіх дзеячаў, дзверы дома княжны ніколі не зачыняліся для беларусаў.

Дом Магдалены Радзівіл на Захар’еўскай вуліцы ў Мінску з’яўляўся месцам збору беларускага актыву ў 1917–1918 гадах. Дарэчы, ён захаваўся! Гэта быў час вялікіх перамен i спадзяванняў, якія ўвасобіліся для беларусаў у акце абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 г. Княгіня трымалася ў цэнтры падзей таго часу, яе запаветнай марай было бачыць свае ўладанні квітнеючымі ў складзе вольнай дэмакратычнай незалежнай Беларусі. У 1918 годзе Магдалена абвясціла сябе грамадзянкай БНР.

Даходны дом Абрампольскага ў Мінску, дзе Марыя арандавала сем пакояў на першым паверсе

Даходны дом Абрампольскага ў Мінску, дзе Марыя арандавала сем пакояў на першым паверсе

Разам з дзяржавай адраджалася і беларуская Царква. Княжна Радзівіл у 1917 годзе ахвяравала дыяментавае калье на заснаванне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме. У 1924 годзе яно было прададзенае ксяндзом Фабіянам Абрантовічам за 15 тысяч долараў, а грошы былі перададзеныя ва ўласнасць беларускім айцам-марыянам у Друі.

На выгнанні

Але справы і гістарычныя падзеі склаліся так, што ў канцы 1918 года Магдалена Радзівіл была вымушана не па сваёй волі пакінуць краіну. 

На выгнанні Магдалена Радзівіл таксама не забывалася аб беларусах. З Нямеччыны і Швейцарыі яна слала дапамогу беларускім студэнтам і падтрымлівала беларускія арганізацыі ў Вільні. Калі наспеў час для народа ўтварыць армію, каб абараняць нядаўна абвешчаную незалежнасць свайго краю, княгіня Радзівіл на ўласны кошт ахвяравала узбраенне для некалькіх аддзелаў.

Магдалена Радзівіл у сталым веку

Магдалена Радзівіл у сталым веку

З канца 1918 года  яна ў эміграцыі ў Польшчы, Літве, Германіі. З 1932 года жыла ў Швейцарыі. Дапамагала беларускім арганізацыям у Заходняй Беларусі, літоўскаму і яўрэйскаму культурным рухам. Вялікая беларуская мецэнатка скончыла свой зямны шлях 6 студзеня 1945 года ў Фрыбургу, у кляштары дамініканак.

Каб не пабранзавець

Атрымліваецца досыць ідэальны і ўзвышаны вобраз Магдалены Радзівіл. Нічога не зробіш, гэта загана ўсіх вялікіх і маштабных асоб. А якім яна была чалавекам? Аб гэтым можна падкрэсліць з мемуараў Юстына Мурашкі, які быў дэлегатам І Усебеларускага кангрэса і сябрам Рады БНР, у 1917-1918 гадах, а таксама загадчыкам канцылярыі кухціцкіх маёнткаў княжны. 

Магдалена Радзівіл сярод дзяцей, злева — унук Людвік, які загінуў у Варшаўскім паўстанні ў 1944 годзе.

Магдалена Радзівіл сярод дзяцей, злева — унук Людвік, які загінуў у Варшаўскім паўстанні ў 1944 годзе.

Яго словы падаюць партрэт жывога чалавека, дастаткова прыгадаць некаторыя з гэтых рысак. Напрыклад, княгіня, якая была ў самай гушчы свайго народа, яна заўжды вытрымлівала пэўную дыстанцыю, не задзіраючы нос і не даючы садзіцца сабе на шыю. А як шмат было ахвочых! Дзе робіцца дабро, знойдзецца той, хто гэтым прагне скарыстацца. Вось толькі некаторыя вытрымкі з успамінаў Мурашкі:

«Шматлікія наведвальнікі маглі назіраць княгіню, якая заўсёды сядзела за карункамі.

Княгіня адчувала сябе бадзёра, трымалася малажава і пры кожнай нагодзе памяншала ўзрост на 10 год.

Княгіня шмат курыла і часта гасіла папяросу аб падэшву свайго камаша ў чыёй бы ні было прысутнасці. Мела залацістага колеру, падобных да таксаў, лахматых, з вылезшымі на лоб вачыма сабачак, якіх вельмі любіла».

***

Княжна-дабрадзейка вярнулася на радзіму. 17 лютага 2018 года ў касцёле Святога Роха (Святой Тройцы) прайшло перапахаванне скрыні з астанкамі княгіні Марыі Магдалены Радзівіл. Пасля яе засталіся кнігі, што былі выдадзены на яе грошы, касцёлы, заснаваныя ёю, нашы землякі, якія з яе дапамогай змаглі атрымаць адукацыю і прысвяціць сябе справе служэння роднай зямлі. Засталася памяць.


Памятная шыльда па Магдалене Радзівіл

Памятная шыльда па Магдалене Радзівіл