Як аддавалі Беласток

16 жніўня 1945 года ў Маскве была падпісана дамова паміж СССР і Польшчай аб канчатковым вызначэнні савецка-польскай мяжы. Паводле яе, з мапы БССР знікла Беластоцкая вобласць.
By Kuban kazak, Poznaniak - File:Bssr1940.png, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

By Kuban kazak, Poznaniak - File:Bssr1940.png, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org


Нягледзячы на тое, што дата дамовы не круглая, яна вельмі часта сёння згадваецца ў прэсе. Найперш у межах дыскусіі пра так званы Сувалкскі калідор — гіпатэтычны сухапутны «калідор» працягласцю каля 100 кіламетраў у раёне гораду Сувалкі, які мог бы злучыць тэрыторыю Беларусі з калінінградскім анклавам за кошт часткі тэрыторыі Літвы і Польшчы. Лічыцца, што Масква для дэблакады Калінінграда абавязкова будзе намагацца прабіць такі маршрут, што натуральна ўжо зараз выклікае ў Варшаве і Вільнюсе асцярогі.  

Калі б Сталін у 1945-м не аддаў палякам Беласток, то сёння сітуацыя ў рэгіёне была абсалютна іншай. Так ці інакш, «правадыр народаў» свой выбар зрабіў, і сучасным гісторыкам застаецца толькі спрачацца наконт матываў такога «мудрага» рашэння.\

Савецкая гістарыяграфія эпізод з перадачай Беластоку намагалася асабліва не чапаць. Звычайна «трансакцыя» разглядалася як праява высокіх прынцыпаў сяброўства братэрскіх сацыялістычных народаў.  
Аднак нават у часы СССР такая фармулёўка шмат каго не задавальняла. Менавіта ў Беластоку ў лістападзе 1939-га на Усенародным зборы было прынята рашэнне прасіць Вярхоўны савет СССР уключыць заходнебеларускі край у склад СССР і, адпаведна, БССР. Такім чынам, Беласток меў сімвалічны статус для беларускай дзяржаўнай традыцыі. Таксама шмат хто памятаў, што Беласток і прылеглыя да яго землі ў часы Расійскай імперыі не ўваходзілі ў склад т.з. Царства Польскага — этнічнае ядро польскай нацыі.

Калі ў часы перабудовы адкрыліся архівы і пачала друкавацца мемуарная літаратура, набыла папулярнасць версія пра тое, што кіраўніцтва БССР у 1944-1945-х упарта не жадала аддаваць Беласток. Больш за тое, паводле некаторых крыніц, тагачасны кіраўнік кампартыі БССР Панцеляймон Панамарэнка быў апантаны планам прыяднасць да Беларусі таксама і Калінінград.

У размовах са Сталіным ён аргументаваў сваю пазіцыю спасылкамі на распрацоўкі забароненых у СССР беларускіх нацыянальных гісторыкаў, якія даводзілі правы беларусаў на Каралявец (гістарычная назва Калінінграда). Больш таго, быццам, панамарэнкаўская прапанова Сталіну спадабалася, аднак вельмі заняты генералісімус вырашыў заняцца пытаннем беларусізацыі былой Усходняй Прусіі трошкі пазней.  

З часам аднак ад згаданага праекту, а таксама ад ідэі захавання Беластоку ў складзе БССР праз шэраг прычынаў давялося адмовіцца. Галоўная з іх — праблема легітымацыі прасавецкай адміністрацыі ў Варшаве, канкурэнта польскага міграцыйнага ўраду ў Лондане. Росту рэйтынгу Болеслава Берута (кіраўніка прамаскоўскай польскай партыі) натуральна мела паспрыяць вяртанне ва ўлонне Польшчы Беластока.

Па сутнасці, Сталін зрабіў той жа трук, што і з Вільнюсам. Пасля таго, як у былую сталіцу ВКЛ у верасні 1939-га ўвайшла Чырвоная армія, лічылася, што віленскі край вось-вось стане адміністрацыйнай адзінкай БССР. Аднак у выніку Вільня, дзе мешкала ўсяго два працэнта літоўцаў, раптам па жаданню Сталіна аказалася часткай Літвы. Гэта быў своеасаблівы «хабар» кіраўнікам краіны за дазвол на размяшчэнне савецкіх вайсковых баз на яе землях. Літоўскія палітыкі праглынулі прынаду, не разумеючы, што літаральна праз пару-тройку месяцаў замежная вайсковая прысутнасць у краіне дазволіць Маскве рэалізаваць тут па сутнасці дзяржаўны пераварот.

За Бугам свая праўда наконт перадачы Беластоку. Лічыцца, што лёс гораду быў вырашаны задоўга да 156 жніўня 1945-га. Нават па афіцыйных савецкіх даных пераважным насельніцтвам тэрыторыі былі палякі. У выніку гэта цяжка пасавала паняццю «Заходняя Беларусь».  

Па сутнасці, Беласток Сталіну давялося захапіць у верасні 39-га, каб не аддаваць перспектыўны стратэгічны плацдарм Гітлеру. Акрамя таго, у Масквы заставалася опцыя стварыць тут нейкую калыску адраджэння польскай дзяржаўнасці пад патранатам СССР. Нагадаем, што ўлетку 1920-га падчас польска-бальшавіцкай вайны менавіта Беласток пару месяцаў быў рэзідэнцыяй Часовага рэвалюцыйнага камітэту Польшчы (палітычнага органа, які ажыццяўляў функцыі ўрада на падкантрольнай бальшавікам частцы тэрыторыі Рэчы Паспалітай).

Нарэшце, польскія гісторыкі заклікаюць не забываць, што тры вялікія дзяржавы-пераможцы (СССР, ЗША і Вялікабрытанія) яшчэ на Тэгеранскай канферэнцыі (28 лістапада - 1 снежня 1943-га) прыйшлі да кампрамісу наконт фармату ўсходняй польскай мяжы, які пацвердзілі на Ялцінскай канферэнцыі ў лютым 1945-га.

«Тройка» дамовілася, што пасля заканчэння вайны новы кардон будзе ў асноўным праходзіць па т.зв. лініі Керзона — дэмаркацыйнай лініі паміж Польшчай і РСФСР, прапанаванай міністрам замежных спраў Вялікабрытаніі лордам Керзонам у 1920 годзе. На мапе можна лёгка пабачыць, што намаляваная Керзонам лінія праходзіць куды больш усходней за Беласток, практычна пад Гродна.

Гэтым, дарэчы, намагалася скарыстацца польская дэлегацыя, якая прыбыла ў жніўні 1945-га ў Маскву для заключэння канчатковага пагаднення аб мяжы. Яна прапанавала варыянт, паводле якога мяжа ў раёне Гродна мела праходзіць па Нёмане. Такім чынам гіпатэтычна заходнія кварталы Гродна маглі сёння знаходзіцца пад польскай адміністрацыяй. Савецкі бок ігнараваў аргументы палякаў, правёўшы памежную лінію крыху заходней. А ў рамках кампенсацыі за Гродна пагадзіліся на перадачу Польшчы трэці Белавежскай пушчы.

Вось так у Маскве і падзялілі польскія і беларускія землі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: