Па старонках «Вожыка». Як беларусы за савецкім часам адпачывалі
Гартаючы падшыўкі флагмана сатыры БССР, можна вызначыць цікавыя нюансы гісторыі айчыннай мадэлі летняга адпачынку.
Калі кіравацца зместам «Вожыка», то можна прыйсці да высновы, што летні адпачынак як з'ява быў не заўсёды. Напрыклад, у выпусках да пачатку 1960-х амаль не сустракаецца карыкатур, прысвечаных курортам і пляжам. Напэўна, гэта можна растлумачыць пераважна аграрным характарам тагачаснай беларускай савецкай гаспадаркі. У сельскім календары лета — час збору ўраджаю. Таму тыя, хто адпачываў у гэты час, хутчэй выяўляліся ў негатыўным ракурсе (гл. малюнак вышэй).
Па ходзе індустрыялізацыі і ўрбанізацыі рэспублікі аграрная тэматыка паступова адыходзіць на другі план. У фокусе «Вожыка» ўсё часцей побыт жыхароў горада, для якіх лета час адпачынку, а не працы на палях. «Курортныя» тэмы пачынаюць усё часцей з’яўляцца ў карыкатурах выдання.
Сапраўдная рэвалюцыя ў гэтай сферы адбываецца ў другой палове 1960-х, у часы славутай «касыгінскай пяцігодкі», калі рост гаспадаркі складаў прыкладна сем працэнтаў штогод. Адразу ў людзей з’явіліся грошы і адпаведна паўсталі новыя крытэрыі наконт таго, як правесці водпуск. Адпачынак у Крыме або на Каўказе становіцца даступным шмат да каго. А эліта ўвогуле пачала дазваляць сабе амаль буржуазны стыль жыцця, што тэрмінова было раскрытыкавана сатырыкамі.
Паняцце летняга адпачынку паступова пашыраецца за часовыя рамкі месячнага водпуску, які надавала працоўным дзяржава. У чэрвені, ліпені і жніўні, мяркуючы па малюнках у «Вожыку», на прадпрыемствах і ва ўстановах панавала дастаткова разняволеная атмасфера. Асабліва вольна пачувалі сябе супрацоўнікі, калі дырэктар адпраўляўся на адпачынак.
У 1970-я набывае папулярнасць практыка паездак на прыроду на выходныя разам з сябрамі, суседзямі, калегамі ці аднакурснікамі. На жаль, вельмі часта аматары такога адпачынку ставіліся да навакольнага асяроддзя, мякка кажучы, не надта этычна. На шматлікіх карыкатурах «Вожыка» падобны турызм выглядае як лакальная экалагічная катастрофа.
Бліжэй да 1980-х «Вожык» зафіксаваў моду на паходы ў грыбы, якія звычайна стартуюць у апошнія дні жніўня. Некаторыя тлумачылі гэта спробай людзей збегчы ад сумнай савецкай рэальнасці і нават уяўлялі як форму медытацыі.
Перабудова і эканамічныя катаклізмы, якія пачаліся ў другой палове 1980-х, унеслі свае карэктывы ў формулу летняга адпачынку беларусаў. Як правіла, людзі адпачывалі на лецішчах-«фазэндах», якія ў дадатак забяспечвалі іх прадуктамі. Звычайныя ваяжы на савецкія курорты праз эканамічныя цяжкасці для большасці сталі марай. Але на дапамогу прыйшоў «Вожык», які ў адным з малюнкаў прапанаваў як кампенсаваць гэта.
Новая хваля масавага турызму пачнецца ўжо ў часы незалежнай Беларусі. Яе атрыбутамі стануць тэмы, абсалютна невядомыя ў часы БССР: «усё ўключана», «шведскі стол», «візавая падтрымка». Аднак гэта ўжо зусім іншая гісторыя.