Найгоршы прэзідэнт ЗША ў гісторыі – і гэта, вядома, ня Трамп
Колькасьць амэрыканскіх прэзідэнтаў за ўвесь час роўная 47. Зразумела, калі ёсьць найлепшы, якім часьцей за ўсё называюць рэспубліканца Абрагама Лінкальна, мусіць быць і найгоршы. Але як яго вызначыць? Ёсьць адмысловая мэтодыка, паводле якой такой сумнай апошняй пазыцыяй сярод усіх кіраўнікоў ЗША валодае прэзідэнт Джэймс Б'юкэнэн. Як так атрымалася?
Што за сістэма ацэнкі?
Ранжыраваньне прэзідэнтаў ЗША ад лепшага да горшага – ня простая справа, у якой трэба аб'ектыўна ацаніць лідэраў, чыя палітычная спадчына даволі суб'ектыўная і залежыць ад перыяду часу. На працягу многіх гадоў гісторыкі, палітолягі і эксперты распрацавалі некалькі метадаў ацэнкі дзейнасьці прэзідэнта, звычайна з дапамогай апытаньняў і рэйтынгаў, заснаваных на пэўных крытэрыях.
У апытаньнях звычайна ўдзельнічаюць не выпадковыя людзі з Аляскі ці Тэхаса, а групы экспертаў, якія спецыялізуюцца на гісторыі прэзідэнцтва, кожны зь якіх мае досьвед па розных аспектах дзейнасьці прэзідэнта, такіх як вонкавая палітыка, нутраная палітыка, кіраваньне крызісам і маральны аўтарытэт.
Самыя знакамітыя стваральнікі рэйтынгаў – C-SPAN, Сіенскі ўнівэрсітэт і Амэрыканская асацыяцыя палітычных навукаў. Яны звычайна кожныя 4 гады запрашаюць экспертаў для пераацэнкі прэзідэнтаў, пасьля таго як новыя прыходзяць на пасаду.
Адзначым галоўныя крытэрыі: «Лідэрства ў крызісе» ацэньвае здольнасьць прэзідэнта спраўляцца з буйнымі нацыянальнымі або міжнароднымі крызісамі, такімі як войны, эканамічныя спады або стыхійныя бедзтвы. «Эканамічны мэнэджмэнт» ацэньвае, наколькі добра прэзідэнт кіраваў эканомікай, улічваючы палітыку падаткаў, гандлю, працоўных адносінаў і нарматыўнага кантролю.
«Грамадзкае перакананьне» — гэты крытэрый ацэньвае здольнасьць прэзідэнта эфектыўна камунікаваць, аб'ядноўваць краіну і ўплываць на грамадзкую думку. «Міжнародныя адносіны» факусуюцца на майстэрстве прэзідэнта ў дыпляматыі, альянсах і посьпехах ці няўдачах у вонкавай палітыцы. «Бачаньне і пастаноўка парадку дня» ацэньвае, наколькі добра прэзідэнт паставіў доўгатэрміновыя мэты для краіны. Тыя, хто заклаў аснову для сур'ёзных зрухаў у палітыцы, напрыклад, Ліндан Джонсан з грамадзянскімі правамі і сацыяльнымі праграмамі, як правіла, атрымліваюць высокія балы.
«Маральны аўтарытэт і добрасумленнасьць» — прэзідэнты таксама ацэньваюцца паводле іх прыхільнасьці этычным стандартам, што адлюстроўвае іх маральны аўтарытэт. Скандалы і карупцыя зьніжаюць балы ў гэтай сферы. «Адміністрацыйныя навыкі» — некаторыя рэйтынгі разглядаюць кіраваньне прэзідэнтам выканаўчай уладай, эфектыўнасьць урада і іх адносіны з Кангрэсам і іншымі часткамі ўрада.
Як кажуць стваральнікі падобных рэйтынгаў, гісторыкі і іншыя эксперты прымаюць пад увагу кантэкст часу знаходжаньня прэзідэнта на пасадзе, прызнаючы, што праблемы адрозьніваюцца ў залежнасьці ад эпохі. Прэзідэнтаў ацэньваюць не толькі па імгненных выніках, але і па іх доўгатэрміновым уплыве на амэрыканскае грамадзтва, законы і інстытуты. Вось чаму рэйтынгі некаторых прэзідэнтаў могуць з часам зьмяняцца па меры зьмены гістарычных перспэктываў.
Звычайна першая пяцёрка лепшых прэзідэнтаў застаеццца нязьменнай, з карэктыроўкай месца ў канкрэтным дасьледаваньні. Гэта: рэспубліканец Абрагам Лінкальн, дэмакрат Франклін Рузвэльт, бацька нацыі Джордж Вашынгтон, рэспубліканец Тэадор Рузвэльт і Томас Джэфэрсан са старыжытнай партыі Дэмакратаў-рэспубліканцаў.
З 47 прэзідэнтаў, якія ведае гісторыя (нагадаем пра выпадкі Гровэра Кліўленда і Дональда Трампа, якія маюць па два запісы ў гэтым пераліку, бо займалі пасаду праз паўзу ў 4 гады) – звычайна найгоршым называюць дэмакрата Джэймса Б'юкэнэна альбо яго калегу па Дэмакратычнай партыі Эндру Джонсана. Давайце глянем бліжэй на галоўнае расчараваньне амэрынцаў – Б'юкэнэна.
Джэймс Б'юкэнэн
Б'юкэнэн нязьменна зьнізу сьпісу прэзідэнтаў праз тое, як ён справіўся з самым глыбокім крызісам у краіне: ростам падзелу грамадзтва з-за рабства і непазьбежнай пагрозай грамадзянскай вайны. Яго дзеяньні ці, дакладней, яго бязьдзейнасьць падчас прэзідэнцтва (1857–1861) разглядаюцца як фатальныя.
Паколькі паўднёвыя штаты пагражалі адлучэньнем, калі рабства будзе абмежаванае, Б'юкэнэн прытрымліваўся перакананьня, што Канстытуцыя ЗША юрыдычна абараняе рабства і што федэральны ўрад не мае права ўмешвацца ў рашэньні штатаў адносна яго. Ён лічыў, што аддзяленьне паўднёвых штатаў было незаконным, але разам з гэтым Джэймс Б'юкэнэн парадаксальна сцьвярджаў, што федэральны ўрад не мае канстытуцыйных паўнамоцтваў спыніць выхад штатаў з агульнай дзяржавы.
На пачатку свайго прэзідэнцтва Б'юкэнэн актыўна падтрымліваў рашэньне Вярхоўнага суда ЗША па справе «Дрэд Скот супраць Сэндфарда», які пастанавіў, што афраамэрыканцы не могуць быць грамадзянамі і што Кангрэс не мае права забараняць рабства на тэрыторыях (тэрыторыямі называліся абшары зямлі, звычайна на захад ад пачатковых Злучаных Штатаў, якія кантраляваліся амэрыканскай адміністрацыяй, але не мелі статусу штата).
Калі паўднёвыя штаты пачалі аддзяляцца пасьля абраньня рэспубліканца Абрагама Лінкальна ў лістападзе 1860 года, адказ усё яшчэ дзейнага прэзідэнта Б'юкэнэна быў абсалютна нерашучым. Бяздзейнасьць Б'юкэнэна падчас перыяду паміж выбарамі і інаўгурацыяй Лінкальна, зьяўляецца яго самай значнай няўдачай. Замест таго, каб прымаць меры для захаваньня краіны, ён настойваў на тым, што Лінкальн павінен будзе вырашыць крызіс пасьля ўступленьня на пасаду. Адмова дзейнічаць дазволіла сямі паўднёвым штатам аддзяліцца да таго, як Лінкальн быў прыведзены да прысягі.
Вось такім чынам дзівосна сыйшліся ў гісторыі найгоршы прэзідэнт дэмакрат Б'юкэнэн і найлепшы – рэспубліканец Лінкальн. Пачыналася грамадзянская вайна ў ЗША.
Прэзідэнцтва дэмакрата Б'юкэнэна шмат хто разглядае як прыклад таго, як пасіўнае і нерашучае кіраўніцтва можа прывесьці нацыю да мяжы катастрофы. Калі браць іншыя варункі і сучасныя выклікі, палітыка іншых дэмакратаў – Барака Абамы і Джо Байдэна праз нерашучасьць можа прывесьці да фатальных наступстваў для ўсяго сьвету.
Для даведкі, паводле гэтых жа дасьледаваньняў, якія мы прыводзілі ў артыкуле, былы і будучы прэзідэнт Трамп трапляе ў лік 5 найгоршых у гісторыі. Што прынясе яго другі заход на пасаду – пакажа толькі час.