Гровэр Кліўленд – адзіны прэзідэнт ЗША ў гісторыі, якому атрымалася пераабрацца праз 4-гадовую паўзу
Спадар Кліўленд афіцыйна лічыцца 22-м і 24-м прэзідэнтам Злучаных Штатаў. Першы і адзіны раз такое адбылося напрыканцы ХІХ стагодзьдзя. Паміж яго тэрмінамі ў Белым Доме сядзеў іншы чалавек. Давайце даведаемся больш пра тыя падзеі, тым больш што неўзабаве гісторыя можа паўтарыцца.
Сын сьвятара
Гровэр Кліўленд нарадзіўся ў сьціплай сям'і 18 сакавіка 1837 года. Бацька Кліўленда быў прэсьвітэрыянскі сьвятар. Гровэр быў пятым з дзевяці дзяцей. Калі Кліўленду было 16 гадоў, яго бацька раптоўна памёр, і ён быў вымушаны пакінуць школу, каб пракарміць сям'ю. Кліўленд працаваў на розных працах, і зарабіў рэпутацыю надзейнага і ўпартага чалавека.
Менавіта гэтая адданасьць абавязкам, як кажуць, праклала яму шлях у юрыспрудэнцыю і, у канчатковым выніку, у палітыку. У 1859 годзе Кліўленд уладкаваўся ў юрыдычную фірму. Ён ня меў фармальнай вышэйшай адукацыі, але вывучыў самастойна ўсё, што было магчыма па спецыяльнасьці, і ў хуткім часе здаў неабходныя нарматывы, каб стаць сапраўдным адвакатам.
Калі Гровэр Кліўленд стаў шэрыфам акругі Эры ў 1870 годзе, ён прыняў рашэньне, якое запомнілася шмат каму: ён асабіста выканаў павешаньне двух асуджаных забойцаў, а не даручыў гэта падначаленаму. У якасьці шэрыфа Кліўленд адказваў альбо за асабістае выкананьне пакараньня сьмерцю, альбо за выплату свайму намесьніку 10 даляраў за выкананьне гэтага абавязку. Сьціплы адвакат стаў мясцовым героем Бафала. Пасьля таго, як тэрмін паўнамоцтваў шэрыфа скончыўся, Кліўленд вярнуўся да юрыдычнай практыкі, ён адчыніў фірму са сваімі сябрамі.
Кар'ера да прэзідэнцтва давядзе
Сапраўдная гісторыя Кліўленда, як рэфарматара дзяржавы, пачалася, калі ён быў абраны мэрам Бафала ў 1881 годзе. Мясцовасьць была прасякнутая злоўжываньнямі і карупцыяй. Імкненьне Кліўленда да зьнішчэньня карупцыі стала шырокавядомым далёка за межамі Бафала. Ён насамрэч, калі верыць дакумэнтам, рашуча зьмяніў парадкі ў горадзе.
Нью-Ёркскія дэмакраты заўважылі яго і падштурхнулі да ўдзелу ў гонцы за пасаду губэрнатара Нью-Ёрка ўжо ў наступным 1882 годзе. Але мала хто чакаў убачыць яго на чале ўсіх Злучаных Штатаў Амэрыкі ўжо праз тры гады.
Прэзідэнт першы раз
4 лістапада 1884 года адбыліся выбары. Кліўленд вылучаўся ад Дэмакратычнай партыі, а яго канкурэнтам быў рэспубліканец Джэймс Блэйн. Па выніках кандыдаты набралі амаль ідэнтычную колькасьць галосоў выбарцаў – 48,85% у Кліўленда супраць 48,28% у Блэйна. Але, як вядома, у ЗША сістэма абраньня прэзідэнта крыху больш складаная, і па выніках галасоў, якія атрымлівае кожны штат, прэзідэнтам быў абвешчаны Гровэр Кліўленд.
Яго вынік – 219 электаральных галасоў супраць 182 у рэспубліканца.
Выкарыстаньне Кліўлендам прэзідэнцкага вета стала адной з найбольш супярэчлівых характарыстык падчас яго першага тэрміну. У той час як права вета заўсёды было дасяжнае ў якасьці інструмэнта прэзідэнтам, Кліўленд выкарыстоўваў яго беспрэцэдэнтна часта. Гровэр адхіліў больш за 400 законапраэктаў толькі за свой першы тэрмін.
На выбарах 6 лістапада 1888 года кандыдат ад Рэспубліканскай партыі Бэнджамін Харысан скарыстаўся крыўдай, якую палітыка Кліўленда выклікала сярод ветэранаў Грамадзянскае вайны. Справа была ў тым, што прэзідэнт Гровэр Кліўленд не гарэў жаданьнем выплачваць адмысловыя пэнсіі ўсім удзельнікам вайны, але толькі тым, хто атрымаў раненьні. Гэта было з аднаго боку слушным крокам з гледзішча напаўненьня (і не растраты) бюджэта, але з іншага – вялікай непавагай да ветэранаў, якія складалі значную частку насельніцтва.
Харысан увасабляў каштоўнасьці паўночных прамыслоўцаў, якія лічылі палітыку Гровэра Кліўленда небясьпечна рэфармісцкай. Калі коратка: яго пазыцыя па зьніжэньні тарыфаў — ключавой праблеме таго часу — выклікала негатыўную рэакцыю сярод магутных прамыслоўцаў і пратэкцыяністаў, якія лічылі, што высокія тарыфы абараняюць амэрыканскую прамысловасьць і працоўныя месцы.
Бэнджамін Харысан быў моцным кандыдатам і супернікам. Ветэран грамадзянскай вайны. Яго дзед Уільям Харысан быў 7-м прэзідэнтам ЗША, а прадзед – адным з бацькоў-заснавальнікаў новай нацыі.
Кліўленд перамог у агульнай колькасьці галасоў сярод грамадзянаў ЗША – 48,6% супраць 47,8% у Харысана, але што больш істотна, набраў значна меньш электаральных галасоў – 168 супраць 233 у рэспубліканца Бэнджаміна Харысана, які і стаў новым, 23-м прэзідэнтам ЗША.
Тым часам рэспубліканская адміністрацыя Харысана сутыкнулася з магутнай крытыкай у сувязі з дзяржаўнымі выдаткамі і ростам дэфіцыту бюджэту, што прымусіла шматлікіх амэрыканцаў па-новаму паглядзець на стрыманую фіскальную палітыку Кліўленда і яго дзейнасьць, арыентаваную на рэформы. Дэмакраты аб'ядналіся вакол яго як кандыдата, які мог бы перамагчы Харысана.
На чарговых выбарах, якія адбыліся 8 лістапада 1892 года, твар да твару зноў сышліся даўнія знаёмыя, 22-гі і 23-ці прэзідэнты ЗША. Кліўленд перамог у агульнай колькасьці галасоў сярод грамадзянаў ЗША – 45,9% супраць 43% у Харысана. А сярод калегіі выбарнікаў Гровэр Кліўленд здабыў цэлых 277 галасоў, у той час як Харысан задаволіўся толькі 145.
Новы стары прэзідэнт
Для Гровэра Кліўленда гэта было гістарычнае вяртаньне — ён стаў адзіным прэзідэнтам у амэрыканскай гісторыі, які прапрацаваў два прэзідэнцкія тэрміны не запар. Гэтае дасягненьне застаецца ўнікальным і па гэты дзень. Зрэшты, літаральна заўтра паўтарыць досьвед ХІХ стагодзьдзя зможа рэспубліканец Дональд Трамп, калі пераможа на сваіх трэціх прэзідэнцкіх выбарах.