Гітлер, смецце і вавёрка. Галоўныя скандалы апошніх дзён прэзідэнцкай кампаніі ў ЗША ў карыкатурах
Многія пагодзяцца, што сёлетнія выбары ў ЗША выйшлі за ўсе этычныя рамкі. Практычна штотыдзень галоўныя кандыдаты на пасаду прэзідэнта, прадстаўнікі іх атачэння трапляюць у скандалы. Карыкатурысты запасліся папкорнам і ўважліва сочаць за сітуацыяй.
Напэўна, упершыню ў гісторыі краіны ў ход пайшлі асабістыя абразы. Так, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн лічыць свайго апанента Дональда Трампа фашыстам. Гэта пацвердзіла на рэгулярным брыфінгу для журналістаў прэс-сакратар Белага дома. Тэму адразу падхапілі медыі, звязаныя з дэмакратамі. Адно з выданняў нават прыдумала новы сцяг ЗША, які, нібыта, стане дзяржаўнай сімволікай Штатаў у выпадку перамогі Трампа.
Хапала малюнкаў, на якіх Трамп выяўлены ў выглядзе чальца нацысцкай партыі.
Трамп чакана заявіў, што ён не фашыст, а рэспубліканскія СМІ ў сваю чаргу ахвотна высмейвалі прымітыўныя аргументы дэмакратаў. «Трамп — Гітлер», — пераконвае Камала Харыс выбаршчыкаў, якіх трымае за маленькае дзіця (карыкатура газеты New York Post).
Не паспеў заціхнуць скандал з «фашыстам Трампам», як пачалася новая заваруха. Яе ініцыятарам зноў стаў Байдэн, які назваў электарат рэспубліканцаў «смеццем». Рэспубліканцы тут жа ўчапіліся за смеццевы матыў, тлумачачы словы Байдэна як абразу грамадзян ЗША. Трамп нават пазіраваў журналістам у ролі кіроўцы смеццявоза. Падключыліся і мастакі. Адно з блізкіх да рэспубліканцаў выданняў апублікавала карыкатуру, на якой лідары дэмакратаў з-за слоў пра смецце самі трапілі ў смеццевыя бакі.
Зрэшты, тыя СМІ, якія сімпатызуюць дэмакратам, тут жа сарыентаваліся, як рэагаваць на скандал. Яны выявілі Трампа на смеццявозе, які вязе на звалку статую свабоды.
Дарэчы, некаторыя СМІ пагадзіліся з Джо Байдэнам наконт таго, што выбаршчыкі Трампа — «смецце». Напрыклад, карыкатурыст брытанскай Times малюе Байдэна, які выкідвае смецце ў выглядзе Трампа і яго выбаршчыкаў, што безумоўна сведчыць пра вельмі эмацыйную атмасферу выбараў.
Нарэшце, свежы скандал, фігурантам якога з'яўляецца вавёрка па мянушцы Арахіс. Нейкі амерыканец падабраў ваверчаня пасля таго, як маці-вавёрку збіла машына, і раскруціў яго акаўнт, на які падпісаліся паўмільёна чалавек. Тут жа да яго з'явіліся чыноўнікі і заявілі, што гаспадар вавёркі парушыў закон аб забароне канфіскацыі жывёл з дзікай прыроды. У выніку Арахіса забралі і ўсыпілі. Разам з ім забілі і янота, якога таксама трымаў згаданы вышэй амерыканец.
Інцыдэнт выклікаў скандал у сацсетках. Ілон Маск, які падтрымлівае Трампа, заявіў, што «ўрад — бяздумная і бессардэчная машына для забойстваў». Ну а фанаты Трампа тут жа запісалі забітых вавёрачку і янота ў шэрагі фанатаў MAGA.
Вось так атрымліваецца, што Арахіс можа вырашыць вынік выбараў. Хаця да выбараў яшчэ цэлы дзень — часу якраз хопіць на новы скандал.