Паміж двух агнёў: адступіць, але не здацца

29–30 верасня 1939 года ў раёне Шацка памежнікі з брыгады «Палессе», разам з байцамі Войска польскага і маракамі Пінскай рачной флатыліі нанеслі вялікія страты падраздзяленням 52-й стралковай дывізіі РСЧА пад камандаваннем палкоўніка (удзельніка абароны Мінска ў чэрвені 1941 года) Івана Русіянава.



na_saviecka_poljskaj_miazy_pad_stoubcami_logo_1.jpg

На савецка-польскай мяжы пад Стоўбцамі У жніўні 1939-га ў Польшчы разумелі, што давядзецца ваяваць з нацысцкай Германіяй. Аднак ніхто ўпэўнена не мог сказаць, як сябе будзе паводзіць Савецкі Саюз. 

«Вясной 1939 года за Дзвіной на савецкім баку пачаўся рух. Ноччу было чутна, як рухаюцца танкі і грузавікі. Навіна пра падпісанне пакта аб ненападзе Рыбентропам і Молатавым пераканала майго бацьку, што вайна непазбежная», — апісвала ва ўспамінах той няпросты час адна з жыхарак мястэчка Дзісна.

Пазбаўленыя рэзерваў і матэрыяльнай часткі (большасць сіл была накіравана на Захад Польшчы) падраздзяленні польскага Корпуса аховы памежжа павінны былі прыстасоўвацца да новых умоў аховы дзяржаўнай мяжы з Савецкім Саюзам.

Пасля нападу Германіі на Польшчу сітуацыя яшчэ больш пагоршылася. Вось як тыя падзеі ўзгадваў камандзір палка КАП «Вільня» падпалкоўнік Казімір Кардашэвіч:

«Наша выведка на тэрыторыі Літвы паведамляла пра падрыхтоўку гэтай краіны да вайны супраць нас. Аднак пазнейшыя падзеі паказалі, што гэта было далёка ад праўды. Літоўскія ўлады імкнуліся заставацца нейтральнымі ў дачыненні да ўдзельнікаў канфлікту і не збіраліся выкарыстоўваць цяжкую сітуацыю Польшчы ў справе вяртання Віленшчыны. У сваю чаргу падрыхтоўка з боку Расіі засталася па-за ўвагай нашай выведкі.

Немцы набліжаліся. 11 верасня я накіраваўся ў Гродна да камандуючага DOK III. Генерал Юзаф Альшына-Вільчынскі перадаў мне загад галоўнакамандуючага ад 10 верасня, у якім падраздзяленням КАП загадвалася, нягледзячы ні на што, працягваць ахоўваць мяжу з СССР. Абарона Вільні не была прыгатаваная належным чынам, і магчымасці, якія тут былі, не былі выкарыстаны. 17 верасня, у 5 гадзін раніцы, я атрымаў кароткую тэлефанаграму, у якой паведамлялася, што бальшавікі перайшлі мяжу. Гэта цалкам змяніла сітуацыю. Я вырашыў сканцэнтраваць усе памежныя батальёны ў раёне Вільні. […]

Ужо 17 верасня адміністратыўныя ўлады перасталі функцыянаваць. Дзяржаўная паліцыя была заменена грамадзянскай аховай. […] Увечары прыбылі некалькі афіцэраў КАП. Ад іх мы даведаліся, што бальшавікі перайшлі мяжу на ўсіх участках і напалі на польскія стражніцы і роты. На працягу дня Саветы занялі 50 кіламетраў памежнай тэрыторыі. Яны дзейнічалі ў накірунках: Глыбокае—Свянцяны, Вілейка—Ашмяны, Маладзечна—Валожын—Ліда. Чырвонаармейцы гаварылі, што ідуць нам на дапамогу. Афіцэры з мабілізацыйнага цэнтра ў Лі­дзе расказвалі, што 17 верасня ў Лідзе прызямліўся савецкі самалёт. Польскі камандзір прыняў савецкіх пілотаў у афіцэрскім клубе, а пасля дазапраўкі самалёта, той вярнуўся на свой бок».

pamezhni_perahod_na_rizhskaj_mjazhi_logo.jpg

Памежны пераход на "рыжскай мяжы"

Вайна з Усходу

Аднак часцей за ўсё сустрэча падраздзяленняў Войска Польскага з чырвонаармейцамі заканчвалася крывавым боем. Раніцай 17 верасня 1939 года «Полацкая» група Чырвонай Арміі атакавала стражніцы палка КАП «Глыбокае» (два батальёны) пад камандаваннем падпалкоўніка Яна Святкоўскага. У 4 гадзіны 40 хвілін зводнае падраздзяленне РСЧА напала на стражніцу «Чурылава». Бальшавікам удалося выбіць палякаў з будынку стражніцы і выцесніць апошніх у бок ракі Дзвіны. У выніку бою 5 памежнікаў загінулі, а 7 трапілі ў палон. Стражніцу «Лявонпаль» атакавалі 3 роты чырвонаармейцаў, якіх падтрымліваў савецкі бронецягнік №16.

Вось як тыя падзеі апісваў адзін з відавочцаў: «3 ці 4 верасня 1939 года мы ўпершыню ўбачылі бальшавікоў каля ракі. Раней яны не падыходзілі так блізка. Яны пагружалі доўгія шасты ў ваду і быццам бы нешта шукалі. Толькі 17 верасня мы зразумелі, што чырвонаармейцы шукалі брод. З савецкага боку ляталі групы самалётаў з чырвонымі зоркамі і разгортваліся ля мяжы з Латвіяй. Нападзенне адбылося ў 4 гадзіны раніцы. [...] Стражніца знаходзілася 200 метраў ад Дзвіны. Нашы хлопцы адышлі ў лес, а агнявыя пазіцыі КАП бальшавікі накрылі з мінамётаў».

Памежнікі з 22-й самастойнай Ветрынскай памежнай камендатуры НКУС атакавалі стражніцу «Чарапы». У баі загінула чатыры польскія памежнікі і адзін чырвонаармеец. Застава «Копцава» таксама дала адпор бальшавікам, аднак хутка «капісты» адступілі. Адыход прыкрываў сяржант КАП з ручным кулямётам «Браўнінг». Па некаторых дадзеных, яму ўдалося знішчыць некалькі дзясяткаў савецкіх жаўнераў. На ўчастку батальёна КАП «Падсвілле» палякі не змаглі стрымаць наступленне савецкай 5-й стралковай дывізіі і іншых падраздзяленняў. Тое ж тычылася і палка «Глыбокае», які панёс цяжкія страты.

pol_sk_ja_pamen_k_kuchunah_logo.jpg

Польскія памежнікі ў Кучунах

Першыя дні «вызвалення»

Каб адлюстраваць сітуацыю на савецка-польскай мяжы, прапаную звярнуцца да ўспамінаў відавочцаў. Камандзір стражніцы «Кучкуны» (уваходзіла ў батальён «Івянец»), якая знаходзілася недалёка Заслаўя, сяржант Рудольф Тшос узгадваў, што 17 верасня 1939 года ў 4 ці 5 гадзін з суседняй стражніцы на ровары да яго прыехаў жаўнер і паведаміў, што Саветы напалі на іх. Сярод жаўнераў гарнізона былі забытыя і параненыя. Праз хвіліну снарад ударыў у сцяну стражніцы «Кучкуны». Польскія памежнікі адкрылі агонь у адказ. У гэты момант сяржант пачаў знішчаць дакументы, каб тыя не трапілі ў рукі ворага.

Калі скончыліся боепрыпасы, сяржант Тшос загадаў пакінуць знішчаны будынак. Жаўнеры КАП імкнуліся малымі групамі прарвацца да Валожына. Аднак на наступны дзень, 18 верасня 1939 года, памежнікі трапілі ў бальшавіцкі палон. Арыштаванага Рудольфа Тшоса прывезлі ў Маладзечна, дзе супрацоўнікі НКУС яго дапыталі. Пазней сяржанта разам з іншымі калегамі пагрузілі ў вагон і накіравалі ў лагер у Асташкаве. У красавіку 1940 года польскіх палонных пачалі вывозіць (польскі кантынгент паводле рашэння ад 5 сакавіка 1940 года пачалі знішчаць — І.М.), аднак капісту ўдалося падкупіць вартаўніка (выратаваў залаты гадзіннік) і збегчы. Пазней ён вярнуўся дадому.

saveck_ja_pamezhn_k_zasla__logo.jpg

Савецкія памежнікі ў Заслаўі

А вось як апісваў тыя падзеі адзін з афіцэраў брыгады КАП «Палессе»:

«18 верасня 1939 года наша падраздзяленне выйшла з мястэчка Лунінец у паўночна-заходнім накірунку з заданнем затрымаць наступленне Чырвонай Арміі і злучыцца з групай генерала Клееберга. Пасля некалькіх дзён маршу, у 10 гадзін ля вёскі Дзярэўна ў небе з’явіліся два савецкія знішчальнікі, якія спачатку кружылі досыць высока над нашай калоннай, а пазней знізіліся да 70–100 метраў над намі.

Падчас пралёту над намі бальшавікі паказвалі белыя хусткі. Камандзір брыгады, палкоўнік Ражыцкі выдаў загад не страляць па самалётах. Хутка бальшавікі адляцелі ў бок Пінска. Праз паўгадзіны я заўважыў вялікую колькасць самалётаў, якія ляцелі з боку вёскі Дзярэўна. Праз хвіліну пачуліся выбухі і стрэлы з кулямётаў. Жаўнеры спрабаваліся хавацца ў лесе. У выніку гэтай атакі, якая працягвалася каля 15–20 хвілін, загінула 13 нашых жаўнераў, большасць з якіх — мясцовыя палешукі».

З вінтоўкай супраць танка

29–30 верасня 1939 года ў раёне Шацка памежнікі з брыгады «Палессе», разам з байцамі Войска польскага і маракамі Пінскай рачной флатыліі нанеслі вялікія страты падраздзяленням 52-й стралковай дывізіі РСЧА пад камандаваннем палкоўніка (будучага ўдзельніка абароны Мінска ў чэрвені 1941 года) Івана Русіянава. Пры гэтым польскім жаўнерам удалося знішчыць больш за 10 адзінак савецкай вайсковай тэхнікі.

saveck_ja_pamezhn_k_veasen_1939_g__logo.jpg

Савецкія памежнікі, верасень 1939 г.

Нягледзячы на перавагу і баявую моц падраздзяленняў Чырвонай Арміі, якія 17 верасня 1939 года перайшлі «рыжскую мяжу», часткі КАП аказалі ім мужны супраціў. Яны вымушаны былі адыходзіць, бо, як зразумела, з вінтоўкай супраць танка шмат не наваюеш. Больш таго, як бачна з вышэй узгаданых фактаў і ўспамінаў, часцей за ўсё гарнізонам польскіх стражніц (10–20 чалавек) прыходзілася па некалькі гадзін супрацьстаяць батальёну пяхоты, узмоцненаму бронетэхнікай.

Гэтыя людзі абаранялі сваю зямлю. Абаранялі да апошняга.