У Варшаве 2 кастрычніка адбудзецца вялікі канцэрт для Беларусі
У цэнтры польскай сталіцы дзевяты раз пройдзе канцэрт «Салідарныя з Беларуссю». Арганізатары абяцаюць сёлета многа спадарожных падзей.
Пад лозунгам «Салідарныя з Беларуссю» адбудзецца шэраг суправаджальных падзей — сустрэч, дыскусій і варштатаў.
Старшыня ініцыятывы «Свабодная Беларусь» ФеліксТушка распавёў, што сёлета мерапрыемства адбудзецца ў кастрычніку, хаця традыцыйна яно адбывалася ў сакавіку. Рашэнне змяніць дату было прынятае ў сувязі з тым, што 11 кастрычніка ў Беларусі пройдуць выбары прэзідэнта Беларусі.
"Беларусы будуць вырашаць, ці абіраць на чарговыя пяць гадоў Аляксандра Лукашэнку. Таму дата канцэрту не выпадковая. Мы хацелі, каб ідэя канцэрту была мацнейшай і больш выразнай. На нашую думку, менавіта ў гэты момант праявы салідарнасці павінны быць наймацнейшымі", — адзначыў Тушка.
На сцэне будуць музыкі з Польшчы, Беларусі і Ўкраіны. З Украіны прыедзе легендарны гурт «Воплі Відаплясава», з Беларусі — гурты «Шума» і «Дзецюкі». Сярод польскіх выканаўцаў будуць Аня Русовіч і «Энэй». Будзе таксама панк-фолькавы гурт «Ганьба».
28 верасня у Варшаве пачнецца трайны вернісаж прац двух беларускіх мастачак, Вольгі Бабурынай і Вольгі Кузьміч, і польскага калектыву The Krasnals. У аўторак, 29 верасня, у кінатэатры «Электронік» будзе паказана стужка «Свабоды не стрымаць» пра гурт «Крамбамбуля». Фільм дагэтуль паказваўся толькі на розных фэстывалях. Цяпер ён упершыню будзе паказаны ў Польшчы. Фільм пра «Крамбамбулю», але гэта таксама аповед пра сучасную Беларусь. Пасля адбудзецца паказ двух дакументальных стужак «Каханне па-беларуску» і «Дабраахвотнікі».
Завяршальным стане канцэрт «Салідарныя з Беларуссю» — 2 кастрычніка, пачатак у 18.00.
Паводле Польскага радыё