Польшча. Варшаўскія аэрапорты плянуюць аб'яднаць
Гэта дазволіць умацаваць пазіцыю Варшавы як рэгіянальнага аэрапорта ды стварыць лепшыя ўмовы для прыватызацыі авіякампаніі LOT.
“Dziennik Gazeta Prawna” паведамляе пра ініцыятыву Міністэрства інфраструктуры і рэгіянальнага развіцця Польшчы аб’яднаць два варшаўскія аэрапорты ў адно прадпрыемства. У польскай сталіцы ёсць два грамадзянскія аэрапорты: размешчаны ў межах горада аэрапорт імя Фрыдэрыка Шапэна і аэрапорт “Модлін”, які знаходзіцца па-за рысай Варшавы. Цяпер “Модлін” выкарыстоўваецца выключна адной авіякампаніяй: нізкатарыфнымі авіялініямі “Ryanair”. Аэрапорт імя Шапэна ў сваю чаргу — гэта адзін з буйнейшых аэрапортаў у нашым рэгіёне Еўропы.
Паводле польскіх чыноўнікаў, аб’яднанне аэрапортаў дазволіць умацаваць пазіцыю Варшавы ў якасці рэгіянальнага аэрапорта ды стварыць лепшыя ўмовы для прыватызацыі польскай авіякампаніі LOT, якая рыхтуецца, паведамляе выданне “Dziennik Gazeta Prawna”.