Малы памежны рух за скасаванне санкцый?
Гжэгаж Схэтына падкрэсліў, што Польшча ўжо пяць гадоў таму прайшла працэдуру, неабходную дзеля ажыццяўлення пагаднення з Беларуссю пра малы памежны рух.
Памежны рух быў бы важным крокам для інтэнсіфікацыі кантактаў з Беларуссю, — зазначыў у Беластоку на сустрэчы з прадпрымальнікамі міністр замежных справаў Польшчы Гжэгаж Схэтына.
Г.Схэтына: Малы памежны рух быў бы своеасаблівым сімвалам кантактаў, адкрытасці, новага шанцу на яшчэ лепшы эканамічны абмен, на лепшае супрацоўніцтва, на зараблянне грошай.
Міністр Схэтына падкрэсліў, што Польшча ўжо пяць гадоў таму прайшла працэдуру, неабходную дзеля ажыццяўлення пагаднення з Беларуссю пра малы памежны рух, і разам з гэтым пра спрошчаны рэжым перасячэння дзяржаўнай мяжы.
Г.Схэтына: На наступнай сустрэчы міністраў замежных справаў у Бруселі мы будзем абмяркоўваць санкцыі супраць Беларусі, ці існуе магчымасць іх адмяніць, ці сітуацыя ў Беларусі настолькі змянілася, што гэтая адмена рэальная і сэнсоўная. Яна давала б надзею, што паміж краінамі адбудзецца адкрыццё і першым паказчыкам з другога боку павінна быць якраз і згодна Беларусі на малы памежны рух.
Гжэгаж Схэтына ўдзельнічае ў выязным паседжанні ўраду Эвы Копач у Беластоку.