Расея акупавала Малдову ў 1853 годзе. Так пачалася Крымская вайна
Ганебная для ўсходняй краіны вайна распачалася з уяўнага геапалітычнага посьпеху — расейскія жаўнеры шпацыравалі па прыдунайскіх княствах. Яны адчувалі сябе гаспадарамі і каралямі жыцьця. Праз тры гады расейская ваенная машына будзе зьнішчаная эўрапейскім хаўрусьнікамі. Паглядзім, што там было.
2 ліпеня 1853 года войскі Расейскай імпэрыі перайшлі дзяржаўную мяжу і акупавалі тэрыторыі, якія ўваходзілі ў Асманскую імпэрыю: Валахію і Малдову. Яны былі да такой ступені самаўпэўненыя, што не чакалі адэкватнай рэакцыі з боку асманаў і сусьветнага грамадзтва.
Па выніках Крымскай вайны 1853-1856 гадоў, якую Расея ганебным чынам прайграла, ёй было забаронена мець баявы флот у Чорным моры, на Балтыйскім моры было спыненае ваеннае будаўніцтва на Аляндзкіх выспах. Расея вяртала Асманскай імпэрыі тое што акупавала ў 1853 годзе.
Брытанія, Францыя, Сардынскае каралеўства і Асманская імпэрыя паказалі расейцам іх месца ў сьвеце.
У нашым артыкуле спынімся на перадумовах той вайны
Красамоўным і, відаць, нечаканым прагучыць цытата тагачаснага жыхара Лёндану Карла Маркса, які прагнуў і заахвочваў зьнішчыць Расею:
«Без сумневу, турэцка-эўрапейскі флот зможа разбурыць Севастопаль і зьнішчыць расейскі чарнаморскі флот; хаўрусьнікі ў стане захапіць і ўтрымаць Крым, акупаваць Адэсу, блякаваць Азоўскае мора і разьвязаць рукі каўказскім горцам.
Тое, што павінна быць зроблена ў Балтыйскім моры, гэтак жа відавочна, як і тое, што павінна быць зроблена на Чорным моры: неабходна любым коштам дамагчыся хаўруса са Швэцыяй; калі спатрэбіцца, прыстрашыць Данію, разьвязаць паўстаньне ў Фінляндыі шляхам высадкі дастатковай колькасьці войскаў і абяцаньні, што мір будзе заключаны толькі пры ўмове далучэньня гэтай правінцыі да Швэцыі.
Высаджаныя ў Фінляндыі войскі пагражалі б Пецярбургу, у той час як флаты бамбавалі б Кранштат».
У чым жа быў замес?
Расейская імпэрыя была дзяржавай, якая распаўсюдзіла сваё панаваньне ад захопленых земляў Рэчы Паспалітай да сьцюдзёнай, амаль бязлюднай Сібіры. Тым не менш, нягледзячы на ўсю сваю моц і памер, гэта была імпэрыя, ахопленая спрадвечным ненасытным жаданьнем большага. Аб'ектам гэтай чарговай цягі былі цёплыя воды Чорнага мора і праз іх выхад у Міжземнае мора. Расейцы здаўна разглядалі гэтыя землі як браму да яшчэ большага прэстыжу і ўлады.
Зь іншага боку была Асманскай імпэрыя у сваім відавочным заняпадзе, якая з усіх сілаў змагалася за захаваньне сваіх уладаньняў у цэласьці на фоне росту нутранага напружаньня.
Расея, як тады, так і зараз карысталася псэўдарэлігійнай манэтай. Яны абвяшчалі сябе абаронцамі праваслаўных хрысьціянаў у Сьвятой Зямлі. Ерузалем у той час знаходзіўся акурат у Асманскай імпэрыі. Такім чынам расейцы справакавалі напружанасьць у адносінах з французамі-каталікамі, якія дамагаліся падобных правоў для сваіх рэлігійных братоў. Асманскі эдыкт (заканадаўчы акт), які спрыяў французам-каталікам, падліў алею ў вогнішча. Расейцы скарысталіся гэтым як нагодай, выказалі свой гнеў і незадаволенасьць.
Аднак на гэтым агрэсія, вядома, не спынілася. Расея акупавала тэрыторыі Асманскай імпэрыі ў Валахіі і Малдове. Гэтая агрэсія ў 1853 годзе стала відавочнай абразай балянсу сілаў у Эўропе.
Брытанская імпэрыя і Францыя на чале з новым кіраўніком Напалеонам ІІІ не маглі не ўмяшацца ў справы, якія пачалі разьвівацца на нашым кантынэнце.
Для Брытаніі доступ Расеі да Міжземнага мора ўяўляў пагрозу для яе інтарэсаў на Блізкім Ўсходзе і для каштоўнага шляху ў Індыю. Францыя, наадварот, знайшла ў гэтым шанц аднавіць сваю веліч у Эўропе.
Першы крок вайны
Малдова і Валахія, княствы, разьмешчаныя паміж ракой Дунай і Чорным морам, былі прывабнымі землямі. Абодва рэгіёны, якія намінальна знаходзіліся пад кантролем асманаў, карысталіся значнай аўтаноміяй. Тым не менш іх стратэгічнае знаходжаньне зрабіла іх прывабнымі для расейскага акупанта.
2 ліпеня 1853 года амбіцыі Расеі выліліся ў дзеяньне. Пад выглядам абароны правоў праваслаўных хрысьціянаў расейскія войскі ўварваліся ў Малдову і Валахію, і занялі гэтыя тэрыторыі.
Урэшце, перадумовы Крымскай вайны заключаліся не ў палітыцы раўнавагі ці крыках аб рэлігійных правах або пагаслай славе Асманскай імпэрыі. Яны былі глыбока ўкаранёныя ў вечны тэрытарыяльны голад Расеі, якая імкнулася чарговы раз выйсьці за свае натуральныя межы Масковіі.