Размова пра жыццё і пра смерць. Як амерыканцы спрабуюць аднавіць былыя яўрэйскія могілкі ў Брэсце
Амерыканскі тэлеканал CNN выпусціў рэпартаж, у якім расказаў пра знішчэнне беларускіх яўрэяў падчас Халакосту і знішчэнне могілак пасля вайны. Цяпер на месцы знішчаных надмагілляў плануюць усталяваць мемарыял.
Калі ў мінулым стагоддзі ў Беларусі былі заасфальтаваныя вялікія габрэйскія могілкі для стварэння спартыўнай пляцоўкі, надмагіллі выкарыстоўваліся для будаўніцтва дарог і будынкаў.
Праз дзесяцігоддзі падчас рамонтных работ пачалі з'яўляцца апаганеныя каменныя пліты. Цяпер дзякуючы карпатлівай працы дабрачыннай арганізацыі, якая базуецца ў Беларусі і Вялікабрытаніі, надмагіллям будзе аказана тая павага, якой яны заслугоўваюць, як часткі новага мемарыяла, які плануецца ўзвесці на месцы былых могілак у Брэсце. Мемарыял будзе зроблены з абломкаў надмагілляў, якія за апошнія два дзесяцігоддзі ўсплылі на паверхню ў горадзе і ваколіцах.
Брэст быў цэнтрам яўрэйскага жыцця да Другой сусветнай вайны, і ўпершыню яўрэйскія жыхары былі зарэгістраваны там у 14 стагоддзі. Да вайны там пражывала больш за 20 000 яўрэяў. Паводле даных ізраільскага нацыянальнага мемарыяльнага цэнтра Халакоста «Яд Вашэм», пасля Халакосту засталося ўсяго каля 10 чалавек.
Лічыцца, што на могілках былі пахаваныя дзясяткі тысяч людзей, сярод іх — знакамітыя равіны і знаўцы Талмуда, але сёння існуе мала сведчанняў таго, што іх магілы калі-небудзь існавалі.
Першы этап апаганьвання пачаўся падчас вайны, калі нацысты паспрабавалі знішчыць могілкі, распрадаўшы надмагіллі. Гэтае разбурэнне працягвалася пры Саветах і ў пасляваенную эпоху, калі рэлігійныя знакі пачалі выкарыстоўваць для кладкі тратуарнай пліткі і будаўнічых работ — перш чым пазней пакрыць усю тэрыторыю асфальтам для стварэння бегавой дарожкі і футбольнага стадыёна. Спартыўныя збудаванні, хоць ужо і састарэлыя, усё яшчэ існуюць на гэтым участку.
Усе сляды некалі вялікіх могілак былі страчаны к канцу 1990-х гадоў, ал тады часткі разбітых камянёў пачалі з'яўляцца на паверхні падчас будаўнічых работ у горадзе і яго ваколіцах.
«На дадзены момант там няма нічога, што паказвае, што гэта могілкі», — кажа Дэбра Брунер, выканаўчая дырэктарка і сузаснавальніца «Together Plan», дабрачыннай арганізацыі, якая ўзначальвае мемарыяльны праект.
За апошнія некалькі гадоў сотні рэшткаў мацэвотаў (старажытнаяўрэйскае слова, якое азначае «надмагілле») былі сабраны і захаваны на складзе, дзе яны былі сфатаграфаваныя, каталагізаваныя і дададзеныя ў падрабязную базу даных з магчымасцю пошуку. Цяпер яны стануць часткай вялікага мемарыяла на гэтым месцы.
«Ёсць 1287 экспанатаў з нейкімі прыкметамі пісьменства і, верагодна, яшчэ ад 2000 да 2500 экспанатаў, але без прыкмет пісьменства», — дзеліцца Артур Ліўшыц, судырэктар «Together Plan», чыя партнёрская арганізацыя ў ЗША называецца «Jewish Tapestry Project».
Раней у гэтым годзе з Ліўшыцам, адным з прыкладна 20 000 яўрэяў, якія пражываюць у Мінску, звязалася маладая пара, якая толькі што купіла паўразбураны дом у Брэсце, што прастаяў пустым больш за 20 гадоў.
Паводле слоў Дэбры Брунер, «ён быў у вельмі дрэнным стане, але яны купілі яго, каб адрамантаваць. Падчас будаўнічых работ яны выявілі, што склеп быў пабудаваны з мацэвота. Аказваецца, пасля вайны сям'я, якая жыла ў гэтым доме, выкарыстала мацэвот у якасці будаўнічага матэрыялу».
«Гэтая сям'я перажыла шэраг няшчасцяў, людзі гаварылі, што тое быў праклён надмагілляў, — дадае Брунер. — Калі новая пара выявіла надмагіллі, яны адчулі сябе абавязанымі паступіць правільна, і таму звярнуліся да яўрэйскай супольнасці ў Брэсце, каб спытаць, што рабіць».
Мемарыял, які, як спадзяюцца Брунер і Ліўшыц, будзе ўсталяваны на месцы да канца 2024 года, закліканы «прызнаць і ўшанаваць супольнасць, якая была так жорстка знішчаная, і расказаць наведвальнікам пра дынамічную яўрэйскую супольнасць Брэста сёння». На ім будзе ўсталяваная мемарыяльная дошка з чорнага граніту з надпісамі на англійскай, рускай і іўрыце, а прылеглая тэрыторыя будзе азелянёная дрэвамі, травой і дзікімі кветкамі. Кіраўніцтва Брэста падтрымлівае канцэпцыю і абяцае працягнуць утрыманне мемарыяла пасля адкрыцця.
Паводле ацэнак дабрачыннай арганізацыі, яна павінна сабраць блізу 325 000 долараў на мемарыял. Траціна з іх была ахвяраваная донарам Стывенам Грынбергам, кінарэжысёрам з Лос-Анджэлеса, які мае цесную сувязь з яўрэйскім мінулым Брэста. Яго бацька Джэк быў адным з нямногіх яўрэйскіх жыхароў Брэста, якія перажылі Халакост. Стывен Грынберг расказаў CNN, што дзясяткі яго сваякоў былі забітыя нацыстамі.
У 1990-х Грынберг працаваў інтэрв'юерам у Фондзе Шоа, ініцыятыве, створанай легендай Галівуда Стывенам Спілбергам для запісу сведчанняў людзей, якія перажылі Халакост. Натхнёны яго працай, ён пераканаў свайго бацьку паспрабаваць расказаць пра свой ваенны досвед, і яны разам адправіліся у Брэст.
«Гэтая паездка была сапраўды важнай для мяне, — кажа Грынберг. — Я даведаўся, што ў гэтым горадзе было ад 70 да 100 членаў сям'і майго таты, і ўсе яны загінулі. Татавы бабуля і дзядуля з абодвух бакоў, дзядзькі, цёткі, стрыечныя браты і сёстры. Уся яго сям'я, акрамя жонкі, была забітая».
Ён дадае: «У 1997 годзе не было аніякіх прыкмет могілак. Нас адвезлі туды, і наш гід сказаў: "Вось дзе былі могілкі". Як і многае іншае, звязанае з Халакостам, вы не можаце па-сапраўднаму зразумець гэта, у вас проста ёсць гэтыя складаныя ўнутраныя пачуцці. Я проста спрабаваў пралічыць ідэю, што яны знясуць бульдозерам могілкі і пабудуюць на іх будынак. Гэта было тое самае пачуццё пустаты, якое ў мяне было».
У 2015 годзе Грынберг вярнуўся ў Брэст, дзе пачуў пра выпадкі знаходак надмагілляў падчас будаўнічых работ і сустрэўся з Брунер і Ліўшыцам.
Кіруючыся сваім бачаннем мемарыяла на месцы былых могілак, Грынберг даручыў дызайнеру з Тэхаса Брэду Голдбергу, чыя сям'я прытуліла бацьку Грынберга, калі ён упершыню прыехаў у Злучаныя Штаты, і добра яго ведала, распрацаваць яго план.
«Я не ўпэўнены, але не думаю, што ў мяне былі сваякі на гэтых могілках, таму што мая сям'я прыехала ў Брэст», — кажа Грынберг і тлумачыць, што яго бабуля і дзядуля пераехалі ў Брэст, таму яго продкі, хутчэй за ўсё, былі пахаваныя ў іншым месцы Беларусі. «Гэта ўсё людзі, пахаваныя там да вайны. Тут сапраўды больш гаворка ідзе пра маю сувязь з тым, што ўяўляе сабой гэты горад».
Паводле яго слоў, намер складаецца не ў тым, каб аднавіць могілкі, а ў тым, каб «вярнуць годнасць людзям, якія пахаваныя ў гэтым месцы».