«Сухі» закон, штрафы і арышты, палонныя немцы. Як пачыналася Першая сусветная для Беларусі?

У жніўні 1914 года выбухнула Вялікая вайна. Беларуская зямля адразу была ўцягнутая ў глабальны вайсковы канфлікт. Тут разгортваліся войскі, былі тылы і штабы, а неўзабаве застыў фронт. Як пачыналася Вялікая вайна для Беларусі ў жніўні 1914-га?

00_vokladka_26.jpg

Аб тым, як разгортваліся падзеі Першай сусветнай на беларускіх землях, якія на той час больш за стагоддзе былі пад расійскай уладай, лепш за ўсё могуць распавесці самі беларусы. Дзе? На старонках уласнай прэсы, якая ў тыя часы ўжо была. Што было важным, якія эпізоды мелі сэнс і значэнне для беларусаў?

«Наша Ніва» і яе рэдактар Іван Луцэвіч (ён жа — Янка Купала) шмат палос прысвячалі падзеям і інфармацыі аб вайне. І вельмі паказальна, што ў гэтым выпадку беларусы самі пісалі пра важныя падзеі, пісалі пра сваю Беларусь для яе жыхароў. Расійскую імперыю ў жніўні 1914-га паглынуў павальны «ура-патрыятызм», уздым на вайну, якую планавалі завяршыць за некалькі месяцаў… Ці абмінула беларусаў хвароба выхваляння? Што было важным у першы месяц вайны? Разбяромся з гэтым, зазірнуўшы праз 109 гадоў на пажоўклыя старонкі «першай беларускай газеты з рысункамі».

Рэдактар газеты Іван Луцэвіч (Янка Купала) з жонкай. Першая Сусветная вайна

Рэдактар газеты Іван Луцэвіч (Янка Купала) з жонкай. Першая Сусветная вайна

Імклівыя падзеі жніўня 1914-га

Першая сусветная вайна пачалася 28 ліпеня 1914 года. Тады мала хто разумеў, чым усё гэта скончыцца. Як ні дзіўна, вайну чакалі, яе прагнулі, зусім не задумваючыся пра наступствы. Кожны з бакоў лічыў, што абавязкова хутка пераможа ворага. Гэтай думкай прапаганда ўсіх дзяржаў «частавала» сваіх падданых, спадарожна настройваючы супраць патэнцыйных ворагаў.

Мітынг у падтрымку вайны, 1914 год

Мітынг у падтрымку вайны, 1914 год

Вестка аб тым, што Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі, натхніла жыхароў Расійскай імперыі і выклікала непадробнае абурэнне. Па буйных гарадах пракаціліся шматтысячныя маніфестацыі, удзельнікі якіх заклікалі са зброяй у руках пастаяць за славянскіх братоў. Дайшло да таго, што ўлады нават заклікалі падданых «соблюдать спокойствие и сдержанность и избегать проявлений возбуждённого народного чувства, которые могут только осложнить создавшееся положение». Расійская імперыя нібыта напоўнілася «ура-патрыятызмам». Але што цікава, за некалькі тыдняў да пачатку вайны па Расійскай імперыі пракацілася хваля забастовак працоўных: збіцці, арышты, высылкі… Асабліва моцны выступ быў у Пецярбургу. Прыкметны кантраст. 

Выхвальскі плакат

Выхвальскі плакат

А махавік вайны было ўжо не спыніць… Літаральна за два тыдні Аўстра-Венгрыя абвясціла вайну супраць Сербіі, Германія абвясціла вайну Расіі і Францыі, Вялікабрытанія абвясціла вайну супраць Германіі, Аўстра-Венгрыя абвясціла вайну супраць Расіі, Брытанія і Францыя абвясцілі вайну супраць Аўстра-Венгрыі.

І амаль ад самага пачатку вайны беларускія землі сталі галоўным яе тэатрам. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання расійскіх войскаў знаходзілася спачатку ў Баранавічах, а потым у Магілёве. У Мінску кватараваў штаб Заходняга фронту, гарады і мястэчкі былі перапоўнены штабамі, шпіталямі, складамі і майстэрнямі па рамонце зброі. Беларусь наваднілі вайскоўцы…

Мабілізацыя

Мабілізацыя

Прароцтва «Нашай Нівы», афіцыёз, няспраўджаны прагноз  

Вайна пачалася! Як толькі разгарнуліся падзеі, першая паласа «Нашай Нівы» паведаміла пра гэта беларускім чытачам. І адразу ж — прароцтва! «Вось цяпер ідзе на нас навальніца, якой наш край ад часу французскай вайны не бачыў. З усходу плывуць хвалі аграмаднай расейскай арміі, з захаду — нямецкай, і хто ведае, ці не тут, на нашых палях, адбудзецца страшная бітва народаў, такая крывавая, якой свет даўно не бачыў», — пісала газета, нібыта нешта адчуваючы ці ведаючы наперад.

Нумар «Нашай Нівы», дзе абвяшчалася аб пачатку вайны

Нумар «Нашай Нівы», дзе абвяшчалася аб пачатку вайны

Натуральна, што з пачаткам вайны значную частку газетных палос займалі звесткі з франтоў, навіны аб міжнародных падзеях і падзеях у Расійскай імперыі, маніфесты, прамовы і адозвы імператара. І канечне ж, усё падавалася пераважна без уласных ацэнак ці каментарыяў ад рэдакцыі. А як жа інакш падчас вайны пры строгай цэнзуры? Галоўнае ў гэтай апублікаванай інфармацыі, узятай з іншых газет, дык тое, што яна ўсё ж перакладалася на беларускую мову для беларускага чытача, а не перадрукоўвалася па-руску.

Бывала, што рэдакцыя падавала свой голас у матэрыялах пра вайну, але досыць стрыманы. І, трэба прызнаць, на самым пачатку жніўня агульная хваля «ура-патрыятызму» крыху зачапіла і «Нашу Ніву». Прынамсі, вера ў хуткае заканчэнне вайны: «Чым усё скончыцца, нет ведама. Адно можна сказаць, што вайна на доўга не працягнецца». Міне літаральна два тыдні, і ў тым жа жніўні 1914-га будзе надрукавана: «Калі вайна скончыцца і ў чыю карысць — трудна згадаць».        


Ліслівая адозва да палякаў


Вільня, Завальная, рэдакцыя «Нашай Нівы» (1914 год)

Вільня, Завальная, рэдакцыя «Нашай Нівы» (1914 год)

Сярод шматлікага афіцыёзу адметна выглядае Адозва ўладаў Расійскай імперыі да палякаў, якую змясціла і «Наша Ніва». Прырода гэтай адозвы такая: схіліць на свой бок насельніцтва польскіх зямель у прускім і аўстрыйскім падзеле, заручыцца падтрымкай у палякаў, якія аказаліся на баку Германіі і Аўстрыі. А гэта мільёны! І на словы імперыя не скупілася.

«Палякі! Жывое цела Польшчы было раздзерта на часці. Расейскае войска нясе вам добрую вестку: ніхай сатруцца межы, разрэзаўшые на часці польскі народ, хай злучыцца ён у адно пад бэрлам расейскага цара і пад бэрлам гэтым адродзіцца Польшча — свабодная ў сваёй веры, языку і самоўпраўленні». Згадалі тут і Грунвальд, і нават паабяцалі пратэктарат.  

Калі забыць, што Расія сама ўдзельнічала ў падзелах Рэчы Паспалітай, а «польскі элемент» у імперыі быў раўнёй усяму варожаму, то гучыць нават прывабліва. Польская мова (як і беларуская, і ўкраінская), Каталіцкі Касцёл, традыцыі былой Рэчы Паспалітай цярпелі ад уціску імперыі дзесяцігоддзямі. Чаго толькі не зробіш у вялікую вайну?!     

Ваеннае становішча — нагода для пакарання

Адразу ж, на беларускіх землях было ўведзенае ваеннае становішча. Гэта прыўносіла кардынальныя змены ў лад жыцця, але галоўнае, што прыносіла, дык гэта асабліва жорсткія пакаранні за парушэнні. Аб гэтым і паведамляла «Наша Ніва». 

Мінск падчас Першай сусветнай

Мінск падчас Першай сусветнай

За пагром і падпал у канцы ліпеня было павешана ў Вільні чатыры чалавекі. За ўцёкі з вайсковай службы расстраляныя былі сем чалавек… Вядома, вайна і ваеннае становішча вымагаюць увагі, пільнасці і дысцыплінаванасці. Але ж, ведаючы, як у Расійскай імперыі адбываліся следствы і суды, пацярпець маглі зусім і невінаватыя асобы.

Не ўсё каралася смерцю, а самая галоўная правіна — «доўгі язык». Напрыклад, малодшы чын Б. Зубальскі, які дазваляў сабе вінаваціць расійскі ўрад у тым, што менавіта ён распачаў вайну з Германіяй, атрымаў у пакаранне сотню розгаў і быў скіраваны на фронт у самыя першыя шэрагі.    

Наогул за выказванне думак беларусы маглі паплаціцца добра і да вайны, распаўсюджваючы «крамолу» на цара і імперыю, а ў час вайны — дык пагатоў. Штраф у 2000 рублёў і 2 месяцы зняволення атрымалі маці і дачка Сташэвічы з Пінскага павета за «распаўсюджанне баламутных чутак аб вайне». За такое ж жыхар Бабруйска Мэглянд атрымаў 3 месяцы зняволення.

Даставалася і гандлярам. У Мінску крамніка аштрафавалі на 100 рублёў і пакаралі 2 тыднямі вязніцы за павышэнне кошту на соль. У Нясвіжы за тое ж самае быў аштрафаваны на 200 рублёў гандляр каўбасамі.   

Такіх выпадкаў па ўсёй Беларусі было шмат, а вайна ж толькі пачыналася…   

Сухі закон: без гарэлкі можна, але п’юць дэнатурат

Разам з ваенным становішчам уводзілася забарона на яўны і таемны продаж гарэлкі, віна, піва і ўсяго іншага алкаголю. Забаронена было прадаваць напоі як і вайскоўцам, так і цывільным асобам. Спачатку абмежаванне дзейнічала толькі на перыяд мабілізацыі, але потым было працягнутае на ўвесь перыяд вайны. Пакаранне — суровае: штраф, турма, высылка з краю, а калі праз шынок — закрыццё ўстановы. 

Гарэлка часоў Расійскай імперыі

Гарэлка часоў Расійскай імперыі

Рэдакцыя «Нашай Нівы» вітала гэтую меру і была невымоўна радая! Яшчэ б, дзевяць год са сваіх старонак заклікаць да змагання з п’янствам і спойваннем беларусаў. А тут такія кардынальныя меры! Канечне, газета падтрымлівала такі важны крок. Нават на першай паласе ў нумары ад 21 жніўня паставіла матэрыял пад загалоўкам «У добры час».

«Ёсць у нас вораг, страшнейшы за кулі і бомбы, — пісала газета — гэта — п’янства ўсенароднае. Даўно змагаюцца з ім усе лепшыя людзі нашае старонкі. У час мабілізацыі выйшаў прыказ закрыць усе манаполькі, усе шынкі і піўныя. Гарэлкі ня стала. Ужо месяц жыве цвяроза наш народ і зусюль ідуць радасныя весткі: маткі, жонкі і дзеці не могуць нацешыцца, што для іх настаў шчаслівы час, што яны сыты, абуты і адзеты, што ў хаце лад і спакой. Народ можа абыходзіцца без гарэлкі».

Але ж і ідэалістамі былі нашаніўцы… Не ўсё так проста тут было. У тым жа нумары гаворыцца, што шмат па якіх месцах замест гарэлкі пачалі людзі піць дэнатурат. Па гэтай прычыне шмат фіксавалася атручанняў. У прыватнасці, у Вільні памірала штодня па некалькі чалавек ад ужывання дэнатурату. 

І падпольны гандаль півам і гарэлкай, нягледзячы на пагрозы штрафу і зняволення, квітнеў. За месяц быў зачынены цэлы бровар, 17 прыватных тракціраў і піўных, на шэсць шынкоў наложаныя штрафы, два шынкара высланыя за межы губерні. Але ж і гэта не спыняла падпольны гандаль!

І паліцыя спраўна выяўляла неабачлівых прадпрымальнікаў. Тры месяцы астрогу атрымалі жыхары мястэчка Семежава, Баранавіч, дзве шынкаркі з Пінска, мяшчане з Бабруйска і з тузін сялян. Мінскі рэстаран «Парыж» і гаспадар піўной І. Карнакоў атрымалі штраф 3000 рублёў за падпольны гандаль гарэлкай і півам.

Мінск, рэстаран і гатэль Парыж

Мінск, рэстаран і гатэль Парыж

А ў вялікіх гарадах забаранялася і знаходзіцца п’яным у грамадскім месцы. Напрыклад, у Мінску. І за гэта таксама каралі. Мінчук Лявон Бурлакоў атрымаў штраф у памеры 50 рублёў за тое, што ён лазіў па вуліцы п’яны і буяніў.

Змагаліся з немцамі і аўстрыйцамі на фронце, а з гарэлкай і яе продажам у тыле. Дзе больш паспяхова? Пытанне рытарычнае…

Першыя палонныя ў Вільні

Як толькі пачаліся баявыя дзеянні, з’явіліся палонныя. «Наша Ніва» піша, што праз Вільню перавезлі ўглыб Расіі шэсць вагонаў з немцамі, узятымі ў палон. Сярод іх былі і параненыя афіцэры, якія знайшлі прытулак і дапамогу ў віленскай бальніцы.

Вільня, 1914

Вільня, 1914

Што праўда, уначы 14 жніўня, пры пераездзе вайсковага цягніка з тымі ж палоннымі немцамі, некаторыя з іх, скарыстаўшы ціхі ход, «уцяклі німа ведама куды».   

«Наша Ніва» змагаецца з фэйкамі

Якую ж вайну не суправаджаюць гэтак званыя «фэйк ньюс»? І Першая сусветная — не выключэнне. Што праўда, тады ў прэсе фэйкі называліся проста плёткамі.

«Наша Ніва» пісала, што пачалі распаўсюджваць чуткі аб тым, што ў хуткім часе ўрад пачне забіраць у сялян быдла. Па прычыне гэтых чутак, нават памешчыкі пачалі прыводзіць на мясцовыя рынкі шмат жывёліны. Натуральна, што кошт на рагаты тавар знізіўся і гандляры за карову, вартую 100 рублёў, давалі толькі 40 рублёў. Цяжка сказаць, што гэта было: ці то сапраўды фэйкі, ці надыход вайны падштурхнуў развітацца з немабільнай маёмасцю. Народ адчуваў, што хутка навісне вялікая бяда: бежанства.

Кірмаш у мястэчку

Кірмаш у мястэчку

Таксама была запушчана чутка пра сена: урад будзе яго масава скупляць. І пацягнуліся вазы з вёсак да гарадоў! Навезлі столькі, што зноў кошт быў збіты напалову.

Але былі і сапраўды камічныя плёткі. Па Вільні пайшла чутка, што пачнецца мабілізацыя… падушак! Нібыта, паліцыя загадала сабраць у жыхароў гораду падушкі, посцілкі і бялізну на патрэбы лазарэтаў. Пры гэтым расказвалі, што пакінуць толькі па адной на чалавека. Аказалася, што глебай для плёткі было дзеянне банды, якая сапраўды хадзіла па кватэрах віленчукоў і адбірала падушкі і бялізну «на патрэбы арміі». Паліцыя банду шукала…


Як правільна пісаць лісты?

Для мірных жыхароў гэта была вельмі важна інфармацыя. Мабілізацыя, прызыў у войска соцень тысяч мужчын вырывала іх з сям’і і штодзённага жыцця. Адзіным сродкам сувязі з роднымі заставалася пошта, якая звязвала людзей праз тысячы кіламетраў. Але лісты трэба было пісаць правільна, па законах ваеннага часу!

«Наша Ніва» гэтыя правілы паведамляла. Калі ліст дасылаўся ў войска, трэба было пісаць толькі чын, імя, прозвішча і імя па бацьку, а таксама полк ці ўстанову, дзе служыў адрасат. Пісаць жа месца — строга забаранялася, «такія пісьмы почта ня будзе прымаць і высылаць».  

Дарэчы, у сваякоў была магчымасць падтрымліваць сувязь з палоннымі. Аўстрыйскі ўрад абвяшчаў, што лісты і пераводы па пошце палонных і да палонных вызваляюцца ад паштовых выдаткаў. Але што цікава, з 15 жніўня Расійская імперыя падняла кошт на тэлеграмы ўдвая (з 15 да 30 капеек без уліку платы за кожнае слова). Неўзабаве падаражалі і лісты.

«Наша Ніва» на вайне

Літаральна праз месяц вайна закранула і саму «Нашу Ніву», дакладней — яе аўтараў. У адным з нумароў, ужо вераснёўскіх, былі апублікаваныя партрэты пад загалоўкам «Нашы пісьменнікі і грамадскія працаўнікі на вайне».


Нумар газеты з партрэтамі ўдзельнікаў вайны

Нумар газеты з партрэтамі ўдзельнікаў вайны

Першым ідзе паэт-лірык родам з Міншчыны, народны вучыцель Якуб Колас. Далей пісьменнік-містык родам з Магілёўшчыны, каморнік Максім Гарэцкі. Там жа крытык-публіцыст з Віленшчыны Лявон Гмырак (Мечыслаў Бабровіч, у 1915 годзе загінуў на фронце) і доктар з Мінску Стэфан Луцкевіч (трэці брат Івана і Антона Луцкевічаў). Замыкае галерэю Барыс Даніловіч — старшыня беларускага драматычнага гуртка родам з Вільні. 

Акрамя іх, у матэрыяле згадваюцца іншыя беларусы з нацыянальных колаў — А. Гурло, А. Аўрэйцэвіч, Ф. Умястоўскі, Г. Царык, Кікевіч, Ал. Цюндзявіцкі, Ал. Пошэвіцкі. «Ды многа іншых, аб каторых не маем акуратных вестак»

Рэдакцыя ўсім ім пасылала на поле бітвы шчырае пажаданне, каб цэлымі і здаровымі вярнуліся з вайны ў родную старонку.

***

Так пачыналася Вялікая вайна для Беларусі. Фронт быў яшчэ далёка, але праз год ён перасячэ ўсю Беларусь. Будуць і газавыя атакі, і самалёты з бомбамі, хваробы, бежанства, марадзёрства… «Наша Ніва» працягне публікаваць весткі з фронту, але ўсё часцей будзе выходзіць з белымі плямамі на палосах: след царскай цэнзуры. 7 жніўня 1915 года выйдзе апошні нумар штотыднёвіка з подпісам Янкі Купалы, а ў верасні войскі Кайзера зоймуць Вільню.   

Уваход немцаў у Вільню, 1915

Уваход немцаў у Вільню, 1915