Таццяна Процька: «На жаль, мы вярнуліся фактычна ў 1937 год»
Парадкуючы перад навагоднімі святамі ўласную бібліятэку, я дастаў з маладаступнай паліцы тоўстую кнігу пад назвай «Станаўленне савецкай таталітарнай сістэмы ў Беларусі (1917— 1941 гг.)». Набыў яе даўно, але прачытаць амаль 700 старонак усё неяк рукі не даходзілі. І вось нарэшце дайшлі. Чым далей я чытаў, тым больш у мяне складвалася ўражанне, што кніга не толькі пра сталінскія часы. У ёй настолькі ўсё супадала і пераклікалася з днём сённяшнім, што я прапанаваў аўтару кнігі гісторыку Таццяне Процька супольна паразважаць на старонках Народнай Волі пра тое, чаму беларусы ніяк не развітаюцца з таталітарызмам.
— Спадарыня Таццяна, я вашу кнігу раіў бы для прачытання ўсім суайчыннікам дзеля разумення таго, што адбываецца ў краіне. Змянілася стагоддзе, змянілася ўсё вакол нас, а сістэма ўлады засталася па сваёй сутнасці ранейшай.
— На жаль, так. Але найперш хацелася б адзначыць, што таталітарызм — форма кіравання, якая забяспечвае дзяржаве паспяховае развіццё ў перыяд войнаў і катаклізмаў. У такія перыяды яна даволі эфектыўная. Але ў нармальных умовах — не. Таму таталітарныя рэжымы заўсёды трансфармуюцца у больш-менш дэмакратычныя, інакш руху наперад не будзе. Што адбылося ў нас? Таталітарная сістэма на ўсім абшары былога СССР развалілася, але ў Беларусі было вырашана яе пакінуць як прыклад для ўсяго свету. Была скарыстана ленінская ідэя — НЭП (новая эканамічная палітыка), калі дазволена прыватнае прадпрымальніцтва, але дзяржава кантралюе буйныя прадпрыемствы. І ў Беларусі пачалі будаваць нэп.
— Эканоміку давайце па магчымасці абмінём. Калі я чытаў вашу кнігу, то амаль на кожнай старонцы знаходзіў паралелі з днём сённяшнім. Напрыклад, роля спецслужбаў тады і цяпер.
— Так, без спецслужбаў савецкая сістэма проста не працавала. Яны былі паўсюдна, кантралявалі ўсе сферы чалавечага жыцця. У нас пакуль што з-за змешанай эканомікі яны не дабраліся сваімі шчупальцамі на ўсе ўзроўні. А ў астатнім — усё тое самае. На жаль, мы вярнуліся фактычна ў 1937 год. Я размаўляла з людзьмі, якія за тое, што выказалі пратэст супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, сядзелі на Акрэсціна, і іх там катавалі. Я проста не разумею: як у нашым сучасным грамадстве маглі вырасці людзі, якія гэта робяць? Катуюць, зневажаюць, здзекуюцца. І тут трэба мець на ўвазе адну істотную акалічнасць. Сталінская рэпрэсіўная сістэма праз пэўныя прамежкі часу самаачышчалася. Тыя, хто катаваў і расстрэльваў, і самі ўрэшце станавіліся да сценкі.
— Паводле вашай кнігі, з 15 кіраўнікоў ГПУ 14 былі расстраляны. Хай бы начальнікі ІЧУ на Акрэсціна Яўген Шапецька і Ігар Конюх ці міністр унутраных спраў Іван Кубракоў пачыталі вашу кнігу, каб ведаць, які лёс іх, магчыма, чакае ў будучыні.
— Шкада, але ні яны, ні іншыя, хто сёння спрычыньваецца да рэпрэсій, хутчэй за ўсё, не чыталі маю кнігу. А я ім скажу: пад рэпрэсіі ўрэшце падпадуць і тыя, хто рэпрэсаваў, гэта непазбежна. Такая заканамернасць. Усё паўтараецца, а людзі не робяць ніякай высновы з гістарычнага вопыту. І гэта жахліва.
— А ці няма заканамернасці ў тым, што рэпрэсіўная машына коціцца-коціцца і — пераходзіць у тэрор? Згадайма вядомае выказванне: «Мы іх усіх выражам».
— Дык у нас ужо сёння тэрор. Вы ж паглядзіце, колькі лёсаў паламаных! І забітыя ёсць. А ўспомніце біблейскі выраз: «Голас крыві крычыць з зямлі». Калі кроў пралілася, яна заўсёды будзе патрабаваць помсты. Будзе больш крыві — будзе больш і помсты. Гэта ж відавочна. І, мне здаецца, многія з тых, хто ва ўладзе, ужо зразумелі, што тэрарызаваць увесь народ у ХХІ стагоддзі і недапушчальна, і небяспечна. Магчыма, праз прыняцце новай Канстытуцыі яны спрабуюць знайсці выйсце.
— Але ж тая Канстытуцыя, якая ёсць, не выконваецца. Чаму ж будзе выконвацца новая?
— Пры дзейным рэжыме ніякая Канстытуцыя нас не выратуе, гэта я вам дакладна кажу. Атрымаецца, як у тым старым анекдоце: на савецкім прадпрыемстве вырашылі рабіць нешта дзеля людскога дабрабыту, але як ні стараліся, усё роўна атрымліваліся аўтаматы Калашнікава. Праводзіць рэферэндумы ці выбары пры такой сістэме ўлады — гэта проста чыніць насмешку над грамадствам. Хлусня робіцца формай існавання. І гэта няправільна, гэта не па-боску і не па-людску. Што мы зрабілі і робім, калі кавід пачаўся? Прышчапляемся. Дык вось, уся наша бяда ў тым, што мы ў свой час не атрымалі прышчэпкі ад таталітарызму. Ні ў нашых сем’ях, ні ў дзяржаўных інстытутах. Вось і маем тое, што маем.
— Яшчэ адна паралель з 1930-мі — страх, татальная застрашанасць. Я і сам сябе лаўлю на думцы, што часта згадваю радкі Восіпа Мандэльштама: «И всю ночь напролет жду гостей дорогих, / шевеля кандалами цепочек дверных…»
— Гэтаксама людзі ў 1930-я прыслухоўваліся, да каго ноччу прыязджалі «варанкі». Так, усе запалоханыя. Нават мае бабкі-суседкі. Калі раней людзі баяліся, што іх расстраляюць, то цяпер баяцца трапіць на 15 альбо 30 сутак і страціць працу. Праўда, сёння можна з’ехаць нейкім чынам за мяжу, а тады з’ехаць можна было толькі на ўсход, у высылку ці лагер.
— У 1930-я ў абвінаваўчых актах нярэдка фігуравалі замахі на правадыра. Да нядаўняга часу нічога падобнага ў нас не назіралася. Але вось летась выкрыты «замах» на Лукашэнку. Без гэтага сістэма таксама не можа існаваць?
— Так, яна патрабуе замахаў, як і рэпрэсій. Трэба, каб усё выглядала не так, што адных рэпрэсуюць, а другія балююць. Трэба паказаць, што і кіраўніцтва краіны ў небяспецы. Тады і рэпрэсіі быццам бы апраўданыя. А вазьміце так званае «шкодніцтва» — атручаныя калодзежы ў 1930-я і пацукоў у каналізацыі ў нашы часы. Пра гэта я пішу ў сваёй кнізе. Мой муж жартуе, што Лукашэнка чытае яе і ўсё робіць па ёй.
— Нядаўна ў «Фэйсбуку» мяне ўразіў адзін допіс пад паведамленнем пра чарговы арышт. Чалавек напісаў прыкладна наступнае: не трэба было лезці на ражон, сам, маўляў вінаваты. Чаго добрага, хутка ў нас пачнуць апраўдваць рэпрэсіі.
— І такое ўжо таксама было. У 1938 годзе ў Беларусі была праведзена апытанка з мэтай вызначыць, як людзі ставяцца да рэпрэсій. І аказалася — усе ставяцца станоўча. Старшыню калгаса правільна ўзялі, бо ён вымушаў сеяць не ў пару. Кіраўніка МТС правільна ўзялі, бо ён здзекаваўся з людзей… Разумееце, такая людская прырода. Людзі бачаць несправядлівасць, але ніяк не могуць ёй супрацьдзейнічаць. І пачынаюць самі для сябе шукаць апраўдання. Прыведзены вамі допіс — гэта праява беларускай псіхікі. Не ва ўсіх народаў можна назіраць падобнае. Такім чынам людзі самаапраўдваліся ў БССР, такім жа чынам робяць гэта і сёння.
— У дзяржаўных кнігарнях можна пабачыць хвалебныя кнігі пра Сталіна. Зноў жа згадаем абяцанне Лукашэнкі паставіць яму помнік. Тым часам Кастрычніцкая плошча застаецца незанятай. Як вы лічыце, ці пабачым мы вяртанне Іосіфа Вісарыёнавіча на старое месца?
— Нельга двойчы ўступіць у адну і тую ж раку. Яны ўжо спарахнелі, усе гэтыя савецкія ідалы. Што з таго, што Ленін стаіць у цэнтры Мінска? Ён абсалютна незапатрабаваны ні ўладай, ні грамадствам. А што датычыцца Сталіна, то гэта абсалютна міфалагізаваная постаць, ён стаў увасабленнем цвёрдай рукі і парадку. Таму калі людзі будуць жыць добра, яны пра таго Сталіна і не ўспомняць, а калі будуць жыць дрэнна, будуць яго ўзгадваць. Нічога не паробіш — так уладкавана свядомасць таталітарнага чалавека.
— На пачатку 1990-х вы працавалі ў архіве КДБ, які сёння зноў недаступны для даследчыкаў. Што вас там найбольш уразіла?
— Тое, як паводзілі сябе людзі — і ахвяры, і каты. Вельмі складана, амаль немагчыма застацца чалавекам ва ўмовах катаванняў. І людзі нагаворвалі адзін на аднаго. Адзін чалавек назваў 150 сваіх «саўдзельнікаў», болей проста прозвішчаў успомніць не мог… Вось якраз межы чалавечай слабасці і межы чалавечай сілы мяне і ўразілі. А яшчэ калі прачытала, якія паказанні на Янку Купалу давала Паўліна Мядзёлка.
— Дык можа, паказанні тыя таксама былі атрыманы пад катаваннямі?
— Не, яна пісала іх добраахвотна, паколькі была завербавана ГПУ яшчэ ў 1926-м годзе і мела заданне сачыць за Купалам. Самае цікавае, што Купала, сыходзячы з яе паказанняў, пра гэта ведаў. Мядзёлка пісала, што Купала, калі яна задае яму палітычныя пытанні, раіць чытаць газеты… А якія ўспаміны яна пра той час пакінула? Проста брыдка чытаць.
— Але ўспаміны тыя, «Сцежкамі жыцця», нядаўна былі перавыдадзены. Апрача іх Мядзёлка — станоўчая гераіня ўсіх твораў пра Купалу ва ўсіх жанрах. Нават у нядаўна знятым мастацкім фільме Уладзіміра Янкоўскага «Купала» (ён забаронены да паказу) Мядзёлка — вялікае каханне і натхняльніца паэта.
— Пра сапраўдную ролю Мядзёлкі ведала і Уладзіслава Францаўна — жонка Купалы. Дарэчы, мая маці была з ёю знаёмая, мы жылі непадалёк… А вазьміце сённяшнюю сітуацыю з Купалаўскім тэатрам. Я на 200 адсоткаў упэўнена, што некаторыя з тых акцёраў, якія засталіся ў тэатры, пісалі даносы на тых, хто сышоў. На 200 адсоткаў! А Няфёдава, цяперашняя кіраўніца тэатра, — ці не падобна яна нечым на Мядзёлку? Думаю, Пінігін ведаў, штó яна з сябе ўяўляе як акцёрка, але вымушаны быў трымаць у трупе. Вось і датрымаў — спатрэбілася ў пэўнай сітуацыі.
— Мне здаецца, што вельмі дзейснай прышчэпкай ад таталітарызму было б якраз адкрыццё спецархіваў і апублічванне тых, хто пісаў даносы. Помніцца, Станіслаў Шушкевіч гаварыў, што ён быў супраць адкрыцця, бо гэта справакавала б варажнечу ў грамадстве, ледзь не грамадзянскую вайну. А якая ваша думка на гэты конт?
— Ніякай вайны не пачалося б. І, канешне ж, варта і трэба было гэта зрабіць. Было б відно, хто стукаў. Той нарыў не быў ускрыты, гніў і датрываў да нашага часу. І паглядзіце — даносчыкі сёння зноў запатрабаваны. Неабходна было адкрыць архівы, гэта значна аздаравіла б грамадства. Прывяду вам прыклад з гісторыі нашай сям’і. Калі я паглядзела справу сястры маёй бабулі, то даведалася, што мой дзядуля, калі яе ўзялі, паведаміў органам: маўляў, можа, яна і шпіёніла, можа, і была завербавана польскім консулам… І тады мне стала сёе-тое зразумела. Пачалася вайна, але бабуля не захацела ехаць з мужам у Магілёў, куды яго прызначылі. Пасля вайны ён да сям’і не вярнуўся, і ніхто яго не шукаў.
— Увесь мінулы год беларусы з’язджалі за мяжу. Хутчэй за ўсё, гэты працэс не спыніцца і сёлета. Вы — тут. Якія ў вас аргументы на тое, каб заставацца ў Беларусі?
— Ёсць два ўзроўні ўспрымання эміграцыі. На ўзроўні чалавечага жыцця рашэнне з’ехаць правільнае. Паколькі жыццё адзінае, унікальнае, кароткае, і губіць яго не варта. Нашы людзі за мяжой рэалізуюцца як асобы, яны самі (ці іх дзеці) будуць там шчаслівыя. А вось на ўзроўні грамадства эміграцыя найлепшых людзей — гэта вялікая страта, гэта бяда. Магчыма, яна сёння не вельмі адчувальная, мы адчуем яе напоўніцу праз гадоў дзесяць. Бо з’язджаюць людзі сапраўды ўнікальныя: дактары, айцішнікі, навукоўцы… І яны сябе знойдуць дзе заўгодна, хоць бы ў ЗША. Дарэчы, мае дзве дачкі жывуць там. Я прыязджаю да іх і жыву, як у раі. І яны мне кажуць: «Мама, заставайся! Ні ў чым не будзеш мець патрэбы». А я ўсё роўна вяртаюся, мяне сюды цягне. Бо насамрэч мне камфортна толькі ў Беларусі, тут, дзе дзесяць пакаленняў маіх продкаў у зямлі ляжаць. На жаль, гэтай цягі ўжо няма ў нашых дзяцей.
— Што б вы параілі тым, хто сёння вагаецца, хто не прыняў рашэння — з’язджаць ці заставацца?
— Я не хачу даваць ніякіх парадаў. Хачу сказаць толькі вось што. Савецкі чалавек як меркаваў? «За мяне Сталін думае, за мяне партыя вырашае, за мяне мама з татам адказваюць». І гэтак да самай пенсіі. Але так не павінна быць. Навучыцеся самі вырашаць свой лёс і несці адказнасць за свае рашэнні. А тым, хто застаўся, я хачу сказаць: калі вы паспрабуеце тут нешта змяніць, я вам усё жыццё буду ўдзячная. Бо я хачу жыць і памерці тут, і каб мяне тут пахавалі. Так, беларусы нідзе не прападуць. Але найбольш патрэбны яны толькі ў Беларусі. І кожны чалавек павінен сам вырашыць, што для яго больш важнае — уласнае шчасце ці шчасце яго краіны, якая перажывае не лепшыя часы.